Жыхару Брэста 31 студзеня паступіў званок на WhatsApp ад «лейтэнанта ўпраўлення», які папярэдзіў, што на ягонае прозвішча зламыснік узяў крэдыт. Далей «тэлефонны махляр» паспрабаваў выбавіць у суразмоўцы рэквізіты банкаўскіх рахункаў, але размова пайшла не па плане. Аўдыёзапіс размовы апублікаваў BrestCITY.
Вось што паведаміў брастаўчанін, які і запісаў размову:
— Учора каля 5 гадзін вечара справа была. Шкада, з самага пачатку запіс уключыць не паспеў. Прадставіўся таварыш гэты лейтэнантам нейкага ўпраўлення. Гаварыў так хутка, што я не запомніў ні яго прозвішча, ні назву ўпраўлення. Пачаў з таго, што нехта па натарыяльна заверанай даверанасці ад майго імені ўзяў крэдыт у банку.
«Лейтэнант» пацікавіўся, ці ёсць у брастаўчаніна рахункі, крэдыты, у якіх банках. Затым ахвяры мусіў пазваніць «іншы супрацоўнік», каб адмяніць усе неправамерныя дзеянні з рахункам кліента, а па факце ён паспрабаваў бы выбавіць рэквізіты банкаўскай карты альбо аформіць крэдыт.
Аднак брастаўчанін ніякіх звестак тэлефонным ашуканцам не даў, і расчараваны «лейтэнант» завяршыў размову, папярэдзіўшы суразмоўцу пра адказнасць «за разгалошванне звестак папярэдняга расследавання трэцім асобам». Больш зламыснікі «пацярпеламу» не званілі.
Распечатано с портала ZERKALO.IO