Опубликовано 23 студзеня 2024 у 18.49
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-read.online/news/accidents/59406.html    

Замежнік «Майкл Стывен» больш за два гады «ехаў» да пенсіянеркі ў Жодзіна, каб ажаніцца. Увесь гэты час яна пераводзіла яму грошы

Жыхарка Жодзіна аддала «замежніку» больш за 10 тысяч даляраў. Следчы камітэт расследуе крымінальную справу пра махлярства ў асабліва буйным памеры.

Иллюстративный снимок. Фото: TUT.BY
Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Паводле следства, 63-гадовая жыхарка Жодзіна ў канцы жніўня 2021 года ў сацыяльнай сетцы пазнаёмілася з замежнікам Майклам Стывенам. Віртуальны знаёмы спадабаўся жанчыне, і для зручнасці абое прынялі рашэнне працягнуць зносіны ў мэсэнджары.

«Перапіска стала больш даступнай і больш асабістай: аповеды пра сябе, пра жыццё, агульныя інтарэсы і захапленні — душэўныя размовы доўжыліся гадзінамі штодня. Праз два месяцы іншаземец паведаміў пенсіянерцы, што разрывае кантракт з фірмай, на якую працаваў, і яму неабходна выплаціць няўстойку. Аднак неабходнай сумы ў яго няма. Жанчына пагадзілася дапамагчы віртуальнаму кавалеру і перавяла на пададзены ім рахунак 3 тысячы даляраў ЗША. А яшчэ праз два тыдні — 4 тысячы беларускіх рублёў», — расказалі ў СК.

Мужчына паабяцаў, што прыедзе ў Жодзіна і абавязкова ажэніцца з ёй. Жанчына верыла, а відэазванкі, у якіх ён расказваў пра свае пачуцці і шчаслівую сямейную будучыню, толькі падмацоўвалі ўпэўненасць.

«Па дарозе ў Беларусь з мужчынам пачала адбывацца чарада няўдач: то ён трапіў у ДТЗ, таму неабходныя грошы на лячэнне, то ў аўтобусе па дарозе „да каханай“ яму падкінулі наркотыкі і патрэбная кругленькая сума, каб адкупіцца ад паліцыі. Жанчына безумоўна верыла замежніку і без канца пераводзіла грошы. Калі асабістыя зберажэнні скончыліся, пенсіянерка пачала браць крэдыты, а яшчэ працягвала штомесяц спансараваць будучага жаніха па 200−500 даляраў са свайго заробку. Але ішлі гады, а ён усё так і не прыязджаў», — адзначылі следчыя.

У студзені жанчына ўсё ж вырашыла звярнуцца ў міліцыю: блізкім удалося пераканаць пенсіянерку, што гэта ніякі не замежны кавалер, а самы звычайны інтэрнэт-махляр, які нажываўся на яе пачуццях. У выніку яна страціла больш за 10 тысяч даляраў, застаўшыся без зберажэнняў і ў крэдытах.

Следчыя распачалі па гэтым факце крымінальную справу па ч. 4 арт. 209 (Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры).

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO