Даўно не выбачалася? Бондарава зноў знайшла сабе няпростага праціўніка: яна западозрыла другую асобу краіны ў ЛГБТ-лабізме
20 верасня 2024 у 1726836840
«Зеркало»
Неўтаймавальная прапагандыстка Вольга Бондарава вядомая выступамі ў сацсетках у падтрымку ўлады, але цяпер яна вырашыла раскрытыкаваць фармальна другую асобу ў дзяржаве - старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву. Нагодай стала выказванне апошняй пра тое, што ў Беларусі «не абараняюцца» ад «чужых ідэй», да якіх Бондарава адносіць і ЛГБТ.
Наталля Качанава 19 верасня выступіла на Еўразійскім жаночым форуме ў Санкт-Пецярбургу. Там старшыня Савета Рэспублікі заявіла, што беларусы не будуць «падтрымліваць у сваёй краіне тыя каштоўнасці, якія навязвае нам Захад, гэта за межамі свядомасці нашага беларускага грамадства».
Аднак другая частка гэтага выказвання расчаравала Вольгу Бондараву: як вынікае са словаў Качанавай, у Беларусі няма патрэбы «абараняць традыцыйныя каштоўнасці» на заканадаўчым узроўні, бо і грамадзяне краіны і так паводле іх жывуць.
«Тэма абароны традыцыйных каштоўнасцяў не можа не хваляваць любога нармальнага чалавека ў нашай краіне, як і ў любой іншай. Але мы не абараняемся. Чаму мы павінныя абараняцца? Мы добра памятаем сваю гісторыю, шануем традыцыі, паводле якіх развіваецца нашая дзяржава, і жывём так, як лічым патрэбным, як жылі нашыя старэйшыя пакаленні. <…>
У 2022 годзе мы праводзілі рэферэндум па ўнясенні дапаўненняў і змяненняў у Канстытуцыю. Адно з пытанняў, якое хвалявала нашых людзей, датычыла таго, каб мы прапісалі, што шлюб - гэта саюз паміж мужчынам і жанчынай. Людзей гэта турбавала, бо праз мяжу - у Еўропе - прапагандуюцца і вызнаюцца чужыя нам ідэі. <…>
Таму мы ў Беларусі ад гэтага не абараняемся, а жывём сваім розумам», - заявіла Качанава.
«Сумна, што мы не абараняем грамадства ад разбэшчвальнікаў», - пракаментавала гэтую заяву Бондарава ў сябе ў сацсетках.
Яна прыгадала Качанавай яе выказванне двухгадовай даўніны пра тое, што ў Беларусі можа быць прыняты закон пра забарону прапаганды ЛГБТ (у трактоўцы актывісткі - нават не «можа быць», а «будзе прыняты»). Нагадаем, у снежні 2022 года палітык заявіла, што ў нашай краіне, «напэўна, давядзецца прымаць» такі закон на прыклад суседняй Расіі.
«Грош цана яе ранейшым словам», - абурылася Бондарава.
Прапагандыстка лічыць, што ў Беларусі «ніводная ініцыятыва ў абарону дзяцей ад вычварэнцаў, а краіны - ад замежных агентаў не праходзіць», і тлумачыць гэта ЛГБТ-лобі, якое «добра працуе».
«Вось бы гэтак жа добра, але ў адваротны бок працавалі палітыкі гетэрасэксуальных поглядаў», - напісала Бондарава, выказаўшы здагадку, што «яны, відаць, пад абцасам» у ЛГБТ-супольнасці.
Невядома, ці адрэагавала сама Наталля Качанава на гэты допіс прапагандысткі і ці заўважыла яго наогул. Аднак раней Бондарава ўжо сутыкалася з наступствамі праз тое, што атакавала «няправільную» цэль: напрыклад, ёй даводзілася выбачацца пасля скаргі на начальніка абласной міліцыі і тлумачыць свае паводзіны пасля выпаду супраць нявесткі Лукашэнкі.