МУС Літвы ўскладніла правілы ўезду для замежнікаў: спатрэбяцца дадатковыя дакументы
22 лiстапада 2022 у 1669121760
«Зеркало»
Міністэрства ўнутраных справаў Літвы ўскладніла парадак уезду і знаходжання ў краіне замежнікаў, каб прадухіліць «траплянне грамадзян варожых замежных дзяржаваў, якія могуць быць пагрозай». Адпаведныя папраўкі падпісала 22 лістапада кіраўніца ведамства Агнэ Білатайтэ, паведамляе Delfi.
Папраўкі ўводзяць дадатковыя патрабаванні да падачы дадатковых дакументаў або інфармацыі для пэўных катэгорый замежнікаў, якія звяртаюцца па візу, від на жыхарства ў Літве або карту віду на жыхарства для чальца сям'і грамадзяніна Еўрапейскага саюза.
Акрамя таго, запланаваныя і іншыя захады, якія ў супрацоўніцтве з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі дазволяць узмацніць кантроль за знаходжаннем і жыццём замежнікаў у Літве.
Так, напрыклад, Агнэ Білатайтэ даручыла Дэпартаменту міграцыі праверыць наяўнасць у Літве замежнікаў з Беларусі і асабліва грамадзян Расіі, у тым ліку тых, якія маюць падвойнае грамадзянства і прыбылі па схеме пераводу бізнесу. Таксама Дэпартамент міграцыі абавязаны надаць асаблівую ўвагу працэдурам страты грамадзянства Літвы ў выпадках, калі грамадзянін Літвы набывае грамадзянства Беларусі ці Расіі.
Міністэрства ўнутраных справаў таксама плануе ўнесці папраўкі, якія прадугледжвалі б магчымасць абмежавання выдачы або змены дакументаў, якія даюць права на пражыванне ў Літве замежнікам, адмену ўжо выдадзеных дакументаў, якія дазваляюць абмежаваць прадстаўленне пэўных паслуг такім замежнікам або заключэнне ўгодаў, а таксама разгляд пытанняў атрымання гэтымі замежнікамі літоўскага грамадзянства.
Нагадаем, у Літве раней ужо ўскладнілі візавы рэжым для некаторых замежнікаў: так, краіна больш не прымае заяваў на атрыманне візы ад грамадзян Расіі і Беларусі (за рэдкім выключэннем).
Аналагічна зрабілі ў Латвіі: там беларусам вясной перасталі выдаваць турыстычныя візы. Зрэшты, некаторыя беларусы проста на мяжы сутыкаюцца з тым, што Латвія не пускае іх і анулюе візы, палічыўшы, што яны ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны.
Акрамя таго, у Латвіі ўжо ўскладнілі ўмовы выдачы ВНЖ беларусам. А яшчэ новыя латвійскія папраўкі да закона аб іміграцыі прадугледжваюць, што працадаўцам давядзецца перапыніць працоўныя адносіны з грамадзянамі Расіі і Беларусі, калі ў тых няма статусу пастаяннага рэзідэнта ЕС.