На АНТ паказалі «расследаванне» пра «падрыхтоўку тэрактаў на 9 траўня». Пра іх у фільме ні слова
10 мая 2023 у 1683747180
«Зеркало»
На АНТ прадэманстравалі «фільм-расследаванне» пра тое, як «украінскія спецслужбы рыхтавалі тэракты на тэрыторыі краіны на 9 траўня». Што паказалі - некалькі чалавек, якія на просьбу свайго сябра забралі і схавалі дзве пасылкі, у якіх былі настольныя электрапліткі. Што не расказалі - дык гэта кім, калі і дзе планаваліся «тэракты 9 траўня».
У сюжэце сцвярджаецца, што за ўсім стаіць 23-гадовы Валерый Водзін. Гэта грамадзянін Беларусі, які быў не згодны з вынікамі выбараў 2020 года і ў лютым 2022 года з'ехаў ва Украіну.
«У цяперашні час звязаны з украінскімі спецслужбамі, а таксама тэрарыстычным фарміраваннем, якое называюць "каліноўскім"», - заявілі ў сюжэце.
З «расследавання» вынікае, што ён папрасіў сваіх знаёмых у Беларусі атрымаць дзве пасылкі і схаваць. У пасылках былі настольныя электрапліткі.
«Электрапліты, перад тым як прыбыць у Мінск, зробяць звілісты маршрут. З Украіны іх адправяць у Італію, там трэкінг яшчэ больш заблытаюць, адтуль - на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза, у які ўваходзіць і Беларусь. Такая складаная лагістыка, каб заблытаць сляды, а яшчэ каб не было прамога кантакту перадач паміж адпраўнікам і атрымальнікам», - расказалі ў фільме.
У выніку пасылкі даставілі ў пункт выдачы ў Каменнай Горцы ў Мінску. Адтуль іх забрала 29-гадовая Вікторыя Волчак, якая жыла ў Ждановічах, - сяброўка Водзіна.
Хавалі пасылкі іншыя людзі. У фільме паказваюць 24-гадовую Ганну Савачкіну і яе маці, Таццяну Русак. Жанчыны расказваюць, што схавалі адну з пасылак на могілках у Калодзішчах 26 сакавіка.
У «расследаванні» паказалі кадры аператыўнай здымкі, дзе мужчына ў форме, як мяркуецца, сапёр, дастае прадмет, абматаны поліэтыленам.
Далей паказваюць ужо разабраную электраплітку з невядомымі прыстасаваннямі, на якіх ёсць радыёантэны. Савачкіна кажа, што думала, што ў плітцы могуць быць схаваныя прылады для праслухоўвання або сачэння.
Другую пасылку з пліткай, як сцвярджаюць у сюжэце, забралі з кватэры Волчак 15 красавіка. Гэта зрабіў яшчэ адзін знаёмы Водзіна, Андрэй Грыгор'еў.
Ён схаваў пасылку на тэрыторыі садовага таварыства «Аўтарамонтнік 124» непадалёк ад Аляхновічаў у Маладзечанскім раёне. У сюжэце таксама дэманструюцца кадры аператыўнай здымкі: на іх мужчына, з выгляду - цывільны, спакойна дастае прастакутную скрынку, таксама абгорнутую ў поліэтылен. Яе таксама проста на месцы раскручваюць і знаходзяць там скруткі з белым рэчывам.
«Хтосьці іх туды падклаў», - кажа Грыгор'еў на гэтых кадрах.
Як заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення спецыяльных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Уладзімір Атрашкоў, прылады, якія былі ў адной з пасылак, - электрадэтанатары, а знойдзеныя скруткі з незразумелым рэчывам - гэта пластычнае выбуховае рэчыва амерыканскай вытворчасці С-4.
«Яе хапіла б, каб пусціць пад адхон адразу некалькі цягнікоў», - адзначыў ён. Паводле яго, было знойдзена «каля двух кілаграмаў С-4».
Сцвярджаецца, што Водзін, на чыю просьбу былі атрыманыя і схаваныя гэтыя пасылкі, атрымаў заданне ад Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны.
Таццяна Русак, Андрэй Грыгор'еў, Ганна Савачкіна і Вікторыя Волчак знаходзяцца ў статусе «падазраваных у здрадзе дзяржаве і падрыхтоўцы да здзяйснення акту тэрарарызму». Абвінавачанні ім не выстаўленыя, што не перашкодзіла аўтарам фільма заявіць, што ім пагражае смяротнае пакаранне.
У сюжэце таксама некалькі разоў паўтараецца тэзіс, агучаны кіраўніком КДБ Іванам Церцелем, што «тэракты планаваліся падчас святкавання 9 траўня». Але кім, калі і дзе - не паведамляецца.
Нагадаем, напярэдадні старшыня КДБ Іван Церцель паведаміў, што ведамства спыніла спробы здзяйснення тэрактаў напярэдадні 9 траўня, ёсць затрыманыя.
«Гэта былі спробы арганізацыі тэрактаў на нашай тэрыторыі. І мы лічым, што гэта было прывязана менавіта да Дня Перамогі», - удакладніў кіраўнік КДБ і паабяцаў апублікаваць інфармацыю пра адпаведныя факты 10 траўня.