У ААН запатрабавалі выплаціць кампенсацыю маці беларусаў, пакараных у 2018 годзе па справе «чорных рыэлтараў»
17 красавiка 2024 у 1713369600
«Зеркало»
Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН апублікаваў рашэнне па індывідуальным звароце ад імені Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, асуджаных на смерць і пакараных у Беларусі ў 2018 годзе. У іх справе Камітэт знайшоў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, адзначыў, што ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця, і запатрабаваў ад уладаў Беларусі выплаціць маці пакараных адпаведную кампенсацыю, паведамляе «Вясна».
21 ліпеня 2017 года Сямён Беражной і Ігар Гершанкоў былі асуджаныя на смяротнае пакаранне Магілёўскім абласным судом пасля таго, як былі прызнаныя вінаватымі па некалькіх пунктах у забойстве, замаху на забойства, рабаванні і махлярстве, учыненым арганізаванай групай. Яны падалі апеляцыі ў Вярхоўны суд, а таксама хадайніцтвы пра правядзенне нагляднай праверкі ў Генеральную пракуратуру і хадайніцтва пра правядзенне нагляднай праверкі ў Вярхоўны суд, але ўсё гэта адхілілі. Іх прашэнні пра прэзідэнцкае памілаванне таксама адхілілі.
У 2018 годзе Беражной і Гершанкоў былі пакараныя смерцю. У КПЧ ААН тады заявілі, што «пакаранне адбылося пры поўным ігнараванні просьбы прыняць часовыя меры абароны».
У КПЧ ад імені Гершанкова і Беражнога звярнуліся іх маці, прадстаўленыя каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэем Палудам. У сваёй скарзе яны адзначалі, што Гершанкоў і Беражной былі асуджаныя на смяротнае пакаранне ў выніку несправядлівага судовага разбіральніцтва.
Арганізацыя пагадзілася, што падчас разбіральніцтва быў дапушчаны шэраг парушэнняў - у прыватнасці, парушанае права на жыццё і не выкананая прэзумпцыя невінаватасці.
Камітэт па правах чалавека ААН вырашыў, што Беларусь павінная выплаціць аўтарам звароту адэкватную грашовую кампенсацыю за гібель іх сыноў, а таксама, калі гэта дастасавальна, кампенсацыю судовых выдаткаў.
«Дзяржава-ўдзельнік таксама абавязаная не дапускаць такіх парушэнняў у будучыні і, з улікам сваіх абавязанняў па Факультатыўным пратаколе, добрасумленна супрацоўнічаць з Камітэтам, у прыватнасці шляхам выканання яго просьбаў наконт прыняцця часовых мер», - гаворыцца ў меркаванні КПЧ.
Акрамя таго, Камітэт хоча атрымаць ад Беларусі цягам 180 дзён інфармацыю пра меры, прынятыя для ажыццяўлення меркавання камітэта. Беларусі таксама прапануецца апублікаваць яго і забяспечыць шырокі распаўсюд.