«Будуць арыштаваныя сотні людзей». Пуцін загадаў ФСБ зачысціць Мінабароны, каб пакараць за правалы ва Украіне
27 мая 2024 у 1716797160
«Зеркало»
Кампанія па арыштах высокапастаўленых расійскіх генералаў, якая пачалася пасля адстаўкі кіраўніка Мінабароны Сяргея Шайгу, праходзіць са згоды Крамля. Пра гэта піша The Moscow Times са спасылкай на свае крыніцы ў Крамлі, урадзе і Міністэрстве абароны Расіі.
«Ідзе жорсткая зачыстка. ФСБ зачышчае каманду Шайгу. Гэта чаканы працэс. Сілавікі атрымалі дазвол на самым версе [у кіраўніцтве краіны]», - сказала крыніца, блізкая да Крамля.
«Да завяршэння чыстак яшчэ далёка. Нас чакаюць новыя арышты», - дадала яна.
Крыніца, блізкая да Міністэрства абароны, расказала выданню, што супрацоўнікі спецслужбаў, адказныя за расследаванне карупцыі, з'явіліся ў ведамстве яшчэ ў канцы красавіка, да таго, як стала вядома пра арышт намесніка міністра абароны Цімура Іванова.
«Цяпер там [у будынку Мінабароны] больш чэкістаў, чым вайскоўцаў, мне здаецца», - кажа суразмоўца The Moscow Times.
За два тыдні пасьля звальненьня Шайгу па крымінальных справах, звязаных з карупцыяй, былі арыштаваныя ўжо чатыры высокапастаўленыя генэралы расійскай арміі. У чацвер, 23 траўня, Следчы камітэт паведаміў пра пятага арыштаванага афіцэра.
Гаворка можа патэнцыйна ісці пра адну з «самых маштабных чыстак» у найноўшай расійскай гісторыі, і працэс толькі набірае абароты, сказаў The Moscow Times дзейны чыноўнік расійскага ўрада.
«Я думаю, да канца года агулам па ўсіх падраздзяленнях Мінабароны будуць арыштаваныя сотні людзей», - дадаў ён.
Паводле іншага чыноўніка Кабміна, матэрыялаў пра карупцыйныя схемы ў Мінабароны заўсёды «была куча», і заводзіліся крымінальныя справы: «Але пакуль Шайгу быў міністрам і меў велізарны ўплыў, следчым не дазвалялі даваць ім ход».
Распачатая кампанія, на якую ФСБ атрымала дазвол у Крамлі, паказвае, што ва ўмовах ваеннага часу ў супрацьстаянні двух галоўных у Расіі сілавых структур - арміі і ФСБ - перамогу атрымліваюць спецслужбы, лічыць крыніца, блізкая да Крамля.
«У правале ўварвання вінаваты мусіць быць нехта адзін. Гэта ці спецслужбы, якія займаліся выведкай і аналітычнай падрыхтоўкай вайны і абяцалі Пуціну трыумфальную аперацыю і хуткую перамогу. Але праваліліся. Альбо "другая армія свету" пад кіраўніцтвам Шайгу, якая мусіла забяспечыць Пуціну перамогу. Але аказалася папяровым тыграм і пацярпела катастрофу», - тлумачыць суразмоўца The Moscow Times.
Па выніках перастановак, якія пасля інаўгурацыі на пяты тэрмін зладзіў Пуцін, пасаду страціў не толькі Шайгу, але і каардынатар спецслужбаў, сакратар Савета бяспекі Мікалай Патрушаў. Тым не менш ФСБ усё ж мае перамогу ў гэтым супрацьстаянні: яна можа атрымаць заахвочанне і ўзнагароды за «барацьбу з карупцыяй» у найвышэйшых эшалонах улады.
«Задача максімум - паставіць сваіх людзей і кантраляваць самае смачнае, тыя напрамкі, дзе ёсць вялікія бюджэты, - тлумачыць чыноўнік урада. - Ці вы ўсур'ёз лічыце, што нехта з іх у гэты момант думае пра спецаперацыю?»
Нагадаем, у красавіку, паводле афіцыйнай версіі, за атрыманне хабару быў арыштаваны намеснік міністра абароны Цімур Іваноў. Між тым «Важные истории» са спасылкай на дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы ў ФСБ напісалі, што Іванова затрымалі па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе.
У першай палове траўня стала вядома пра затрыманне начальніка Галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны Расіі генерал-лейтэнанта Юрыя Кузняцова. Як заявілі ў СК РФ, па крымінальнай справе пра атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры.
У сераду, 22 траўня, ТАСС паведаміў, што па падазрэнні ў махлярстве арыштаваныя былы камандуючы 58-й арміяй Узброеных сіл РФ генерал-маёр Іван Папоў і кіраўнік дэпартамента па забяспечанні дзяржзаказу Мінабароны Уладзімір Верцялецкі.
23 траўня стала вядома, што вайсковы суд у Маскве арыштаваў на два месяцы начальніка Галоўнага ўпраўлення сувязі Узброеных сіл Расіі - намесніка начальніка Генштаба генерал-лейтэнанта Вадзіма Шамарына.