Опубликовано 27 студзеня 2025 у 16.33
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-read.online/news/cellar/89629.html    

«Апошнім жаданнем было вярнуцца дадому апраўданым». У Польшчы памёр былы гендырэктар «Пінскдрэва»

У Польшчы 26 студзеня памёр былы гендырэктар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч. Гэтую інфармацыю MOST пацвердзілі знаёмыя сям'і. Ён 14 гадоў спрабаваў даказаць сваю невінаватасць і бяспечна вярнуцца дадому, але не паспеў.

Лоран Аринич. Фото: MOST
Ларан Арыніч. Фота: MOST

Як расказала крыніца MOST, у снежні 2024 года ў 88-гадовага Арыніча знайшлі пухліну. У дзясятых чыслах яго прааперавалі, пасля чаго выпісалі. Першы час пасля аперацыі яго даглядалі дома, але потым перавезлі ў дом састарэлых. Ён прабыў там крыху больш за тыдзень і памёр.

— Яго апошнім жаданнем было вярнуцца дадому апраўданым, — расказаў суразмоўца.

Пахаваюць Ларана Арыніча ў Беларусі.

Ларан Арыніч нарадзіўся ў 1936 годзе ў сям'і высланых сялян. Толькі ў 1950 годзе сям’я атрымала дазвол вярнуцца ў Беларусь. Яшчэ ў савецкія гады Арыніч узначаліў «Пінскдрэў», а потым стаў адным з ключавых акцыянераў прадпрыемства.

25 кастрычніка 2010 года на заводзе «Піснкдрэў-ДСП» адбыўся выбух, які забраў жыцці 14 чалавек. Арыніч стаў адным з чатырох абвінавачаных, і сям’я вырашыла, што яму бяспечней будзе з’ехаць з краіны. Ён жыў у Польшчы за кошт сваякоў і сацыяльных дапамог: акцыі прадпрыемстваў ён страціў.

Арыніч не прызнаваў віны і 14 гадоў спрабаваў даказаць невінаватасць. Яго апошняй спробай зрабіць гэта быў ліст у прэзідыум Усебеларускага народнага сходу. Як ён расказваў MOST, ён прапанаваў чатыром сваім былым супрацоўнікам, якія ўжо на пенсіі, сабраць подпісы пад гэтым лістом, але ўсе адмовіліся.

У ліпені 2024 года Ларан Арыніч даў вялікае інтэрв'ю MOST, у якім падрабязна выклаў сваю версію трагедыі на заводзе і расказаў пра жаданне вярнуцца ў Беларусь па заканчэнні тэрміну даўнасці. У яго выпадку гэта было 15 гадоў — гэта магло адбыцца ўжо ў 2025 годзе.

MOST


Распечатано с портала ZERKALO.IO