Мэсэнджар Telegram выдаліў ананімны канал «ВЧК-ОГПУ», вядомы публікацыямі кампрамату і інсайдаў пра чыноўнікаў, алігархаў і сілавікоў. Пра гэта паведамілі яго аўтары. Увагу на публікацыю звярнула выданне The Moscow Times.
З іх словаў, адміністрацыя Telegram магла выканаць патрабаванне Генпракуратуры РФ і Раскамнагляду, якія да гэтага дабіваліся закрыцця канала з больш чым 1,1 млн падпісчыкаў.
«Адбылося гэта неўзабаве пасля таго, як уладальнік Telegram Павел Дураў пакінуў Францыю і апынуўся ў ААЭ. Ці звязаныя гэтыя падзеі — стане зразумела зусім хутка»,-адзначылі аўтары «ВЧК-ОГПУ».
У ліпені 2024 года Мінюст РФ прызнаў «замежнымі агентамі» тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ», а таксама звязаны з ім праект «Русский криминал». У якасці іх аўтараў ведамства назвала Алішэра Абдулаева і Аляксандра Шварава. У абгрунтаванні Мінюст адзначыў, што «ВЧК-ОГПУ» размяшчаў «недакладную інфармацыю пра рашэнні расійскіх уладаў, а таксама фармаваў негатыўны вобраз Узброеных сіл Расіі». Таксама канал займаўся распаўсюдам матэрыялаў іншых «замежных агентаў». Пры гэтым сайт «Русского криминала» быў заблакаваны «неназваным дзяржорганам» у Расіі ў сакавіку 2024 года.