Опубликовано 2 лютага 2023 у 14.06
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-read.online/news/life/31771.html    

Беларусы змогуць падаваць дакументы на шэнгенскія візы анлайн, а налепак у пашпарце больш не будзе

ЕС плануе з 2026 года перайсці на лічбавыя шэнгенскія візы — адпаведную прапанову Еўракамісіі прыняў Еўрапарламент, паведамляе Shengenvisa News. Сярод іншага падарожнікі змогуць падаваць дакументы на візу анлайн, а налепкі ў пашпарце заменяць лічбавымі дадзенымі.

Фота выкарыстанае ў якасці ілюстрацыі. Фота: travelq.ru

Еўрапарламент 31 студзеня падтрымаў законапраект славенскага дэпутата Мацьяжа Немеца пра поўнае аблічбаванне шэнгенскіх віз. Яго ініцыятыва сярод іншага прадугледжвае стварэнне адзінай анлайн-платформы для падачы заяваў і замену візавай папяровай налепкі ў пашпарце на лічбавыя дадзеныя.

Дэпутат патлумачыў, што лічбавізацыя візавых працэдур зробіць падачу дакументаў прасцейшай і зручнейшай для заяўнікаў, а з іншага боку, знізіць рызыкі падробкі і махлярства, звязаныя з фізічнымі візамі.

Мяркуецца, што ў большасці выпадкаў заяўніку давядзецца толькі адзін раз асабіста з’явіцца ў консульства або візавы цэнтр для збору біяметрычных дадзеных і праверкі дакументаў. Падача анкетаў будзе ажыццяўляцца на адзінай анлайн-платформе, якая дазволіць заяўнікам даведацца, якая краіна атрымае іх запыт.

Ухваліўшы законапраект у цэлым, дэпутаты Еўрапарламента прапанавалі яго дапрацаваць — перш за ўсё зрабіць будучую візавую платформу максімальна мульцімоўнай, а таксама распрацаваць зразумелы алгарытм для тых, не мае высокай лічбавай пісьменнасці, і асобаў з абмежаванымі магчымасцямі.

Акрамя таго, заяўкі, пададзеныя з аднаго IP-адраса, не павінныя блакавацца, бо ў некаторых рэгіёнах могуць быць праблемы са стабільным доступам у інтэрнэт. Чальцы Еўрапарламента прапануюць збіраць і апрацоўваць IP-адрасы як частку заявы на атрыманне візы.

Цяпер чакаецца, што парламент ЕС абвесціць пра міжведамасныя перамовы па гэтым пытанні, а потым адбудзецца паступовы пераход да новаўвядзенняў.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO