У спісах загінулых у выніку тэракту ў Краснагорску ёсць грамадзянка Беларусі, паведаміла амбасада Беларусі ў Расіі.
«З жалем паведамляем, што ў спісах загінулых у выніку тэракту ў Краснагорску 22 сакавіка 2024 года ёсць грамадзянка Рэспублікі Беларусь 1978 года нараджэння», — гаворыцца ў паведамленні.
Амбасада не назвала імені загінулай.
Сярод ахвяр трагедыі ёсць Волкава Ганна Уладзіміраўна. Паводле інфармацыі «Люстэрка», гэта ўраджэнка Брэста, якая доўгі час жыла ў Маскве. Ганна загінула разам са сваім мужам.
«Мая аднакласніца. Яна была дзіцячым псіхолагам. Вельмі часта нам дапамагала і падтрымлівала. Вельмі светлы і добры чалавек. Вельмі балюча, нам яе будзе вельмі моцна не хапаць», — напісала сяброўка Ганны ў сацсетцы.
У нас пакуль няма інфармацыі пра тое, было ў жанчыны расійскае грамадзянства, ці заставалася беларускае. Але, імаверна, у паведамленні амбасады гаворка ідзе менавіта пра яе.
Калі вам нешта вядома пра загінулую беларуску, вы можаце звязацца з рэдакцыяй праз тэлеграм-бот @zerkalo_editor.