Жанчынам дасягнуць аргазму складаней, чым мужчынам, і некаторыя выбіраюць яго імітаваць замест таго, каб спрабаваць да яго наблізіцца. Але навошта ці для каго прыкідвацца ў ложку? «Люстэрка» пагаварыла пра гэта з беларускай, якая робіць менавіта так, а яшчэ — высветліла, наколькі часта жанчыны аказваюцца ў такім становішчы і да чаго гэта прыводзіць.
Імёны ў гісторыі беларускі змененыя.
«Імітую вельмі натуральна»
Марыне 43 гады, і ў шлюбе з Ігарам яна ўжо каля 20 гадоў. За гэты час беларуска нарадзіла траіх дзяцей, але ні разу не адчула аргазму са сваім мужам.
— Скажу адразу: сэкс я люблю. Але вось атрымаць аргазм магу, толькі калі сама сябе задавальняю, — прызнаецца Марына. — Да мужа ў мяне было шмат партнёраў. Эксперыментаў у ложку я не саромелася: сэкс з некалькімі людзьмі адначасова, аднаполыя адносіны — быў і такі досвед. Але ўсё гэта таксама не прыносіла аргазму.
Паспрабаваўшы розныя сэксуальныя практыкі, Марына вырашыла пачаць проста імітаваць аргазм. Як яна кажа — праз няўпэўненасць у сабе: баялася, што «партнёр у ёй расчаруецца». У сэксе з мужчынамі беларуска рабіла гэта амаль увесь час, а вось з жанчынамі не прыкідвалася. Марына ўспамінае, што ёй нават больш падабалася самой даводзіць партнёрку да аргазму, чым з усіх сіл старацца адчуць яго на сабе.
— Вядома, калі я зразумела, што адчуванні ад аргазму падчас сэксу з мужчынам застануцца для мяне загадкай, то трохі засмуцілася. Але чым далей, тым спакайней ставілася да гэтага, — кажа Марына.
Свайму мужу яна пра сваю «асаблівасць» не казала. Усе гады, што яны разам, жанчына рэгулярна імітуе аргазм. Асноўнай прычынай, з якой яна так робіць, беларуска называе жаданне паказваць мужу, што ён «пераможца» ў ложку.
— Думаю, што Ігар праўда нічога не заўважае, бо я добрая акторка, — смяецца Марына. — Па-мойму, да нашых адносін у яго было дзве ці тры партнёркі: я асабліва не распытвала, бо мінулае застаецца ў мінулым. А імітую я вельмі натуральна, аж да скарачэння інтымных цягліц!
Сваё полавае жыццё Марына ніколі не абмяркоўвала са спецыялістамі, бо лічыць, што ў гэтым няма неабходнасці. Яна кажа, што сэкс без фіналу яе цалкам задавальняе. І самым прыемным у інтымнай блізкасці яна называе трымценне ад яе прадчування і наступнае ўзбуджэнне.
— Магчыма, я не адчуваю нездаволенасці ў сэксе, бо мы з мужам не раўнуем адно аднаго да мастурбацыі. Мы прагаварылі, што кожны з нас робіць гэта па сваёй неабходнасці, — расказвае суразмоўніца. — У мяне бывае такое, што я магу задавальняць сябе хоць кожны дзень, а часам і паўгода не ўспамінаю пра такую опцыю.
Марына прызнаецца, што і далей не збіраецца казаць мужу пра адсутнасць аргазму ў сэксе з ім. А калі Ігар сам пра ўсё даведаецца, то жанчына ўпэўненая, што ім удасца спакойна ўсё абмеркаваць і дамовіцца, што рабіць далей.
«Адзіны раз, калі я вырашыла перастаць прыкідвацца, ён жудасна расстроіўся»
З патрэбай імітаваць аргазм сутыкнулася і 36-гадовая Сарая з Вялікабрытаніі. Яна расказвала, што спачатку «сыграла» ненаўмысна — гэта было проста падчас першага сэксу, які здарыўся ў яе ў 19 гадоў.
— Гучныя стогны партнёр прыняў за кульмінацыю, а я пабаялася сказаць, што гэта няпраўда. Мне не хацелася закрануць яго эга, — казала Сарая. — За наступныя два гады адносін я ні разу не адчула аргазму. А адзіны раз, калі вырашыла перастаць прыкідвацца, ён жудасна расстроіўся, і гэта выклікала сварку. Пасля таго выпадку вырашыла працягваць сімуляваць.
Сарая думае, што яе жаданне імітаваць аргазм і ў наступных адносінах узнікла не без дапамогі глянцавых часопісаў. У падлеткавым узросце брытанка чытала выданні, якія мільгалі загалоўкамі ў стылі «Пяць спосабаў прынесці задавальненне свайму мужчыну» або «Як зрабіць свайго мужчыну шчаслівым у ложку». Сарая ўспамінала, што ў тыя гады не сустракала артыкула, дзе акцэнт быў на жанчыне і яе пачуццях ці хаця б сцвярджалася, што аргазм неабавязкова робіцца фіналам любога сэксу.
— Няважна, якімі працяглымі былі сэксуальныя адносіны з тым ці іншым партнёрам, — я ніколі не дасягала аргазму. Чаго нельга сказаць пра мастурбацыю, якая заўсёды давала разрадку, — расказвала Сарая. — А ў звычайным сэксе я заўсёды імітавала аргазм з некалькіх прычын: не падвесці мужчыну, не падацца нейкай няправільнай жанчынай ці каб проста скончыць сэкс.
Калі Сараі было крыху за трыццаць, яна сустрэла мужчыну, з якім адкрыта абмеркавала сваю асаблівасць. Адрэагаваў ён, на яе здзіўленне, нармальна.
— У наш першы сэкс я звыкла зымітавала аргазм. Але пасля шчырай размовы на гэты конт вырашыла больш так не рабіць, — успамінала брытанка. — Мой партнёр таксама расказаў, як стэрэатып пра тое, што мужчыны заўсёды гатовыя да сэксу, пастаянна, у любы час дня і ночы, прымусіў яго перажываць, што ён дзіўны.
Такія гісторыі не адзінкавыя. Многія сімулююць у ложку з тых самых прычын (але ёсць і іншыя)
У 2019 годзе група амерыканскіх навукоўцаў апублікавала даследаванне пра сэксуальнае задавальненне жанчын. Аказалася, больш чым палова апытаных (амаль 60%) хоць раз у жыцці імітавала аргазм. І агульная рыса, якая, як высветлілася, аб’ядноўвае такіх рэспандэнтак — няўменне ці немагчымасць адкрыта заяўляць пра свае жаданні і патрэбы ў сэксе.
У іншым даследаванні жанчыны самі расказвалі, што ж матывуе іх імітаваць аргазм. Вось якія прычыны яны назвалі:
- Падман з альтруізму: жанчына хоча, каб яе партнёр адчуваў сябе добра і яго пачуцці не былі закранутыя.
- Страх і няўпэўненасць: імітацыя аргазму, каб пазбегнуць любых негатыўных эмоцый, звязаных з сэксуальным досведам.
- Павышанае ўзбуджэнне: спроба жанчыны адчуць сябе больш сэксуальнай.
- Жаданне хутчэй скончыць полавы акт.
- Страх падацца ненармальнай праз немагчымасць дасягнуць піку.
У асноўным вывучаецца менавіта тое, як імітуюць аргазм жанчыны, — усё ж чыста статыстычна яны радзей яго адчуваюць. Даследаванні паказваюць, што 91% мужчын і толькі 39% жанчын заўсёды адчуваюць аргазм у сэксе.
Даследчыцы ў галіне псіхатэрапіі лічаць, што імітацыя толькі ўзмацняе абясцэньванне жаночага задавальнення і паралельна умацоўвае верхавенства мужчынскага аргазму. Гэта адлюстроўваецца ў сцэнары тыповага гетэрасэксуальнага палавога акту: прэлюдыя (проста для таго, каб падрыхтаваць жанчыну), сам акт, мужчынскі аргазм і заканчэнне сэксу. Такое ўяўленне пра блізкасць ігнаруе даказаны факт: большасць жанчын не адчувае аргазму толькі ад пранікнення, а мае патрэбу ў дадатковай стымуляцыі клітара.
Акрамя гэтага, імітацыя аргазму (як вынік немагчымасці яго дасягнуць і думак на гэтую тэму) можа прывесці да зніжэння самаацэнкі і павышэння трывожнасці. А пастаяннае ўтойванне сваіх сапраўдных пачуццяў можа выклікаць адчуванне падману і нават перашкодзіць пабудаваць па-сапраўднаму блізкія адносіны.
Што рабіць, калі імітаваць больш не хочацца, а прызнавацца страшна?
На гэтае пытанне псіхатэрапеўтка Ванэса Марын адказвала выданню Business Insider.
— Таму, хто імітаваў аргазм усяго некалькі разоў, прызнацца ў імітацыі будзе значна прасцей, чым людзям, якія робяць гэта многія гады, — сказала спецыялістка. — Для пачатку паспрабуйце сумленна сказаць і сабе, і іншаму чалавеку, навошта вы гэта рабілі. Бо большасць жанчын імітуе аргазм дакладна без злога намеру ці жадання абразіць партнёра.
Пасля прызнання партнёру Марын рэкамендуе абавязкова сказаць пра сваю рашучасць навучыцца адчуваць аргазм у сэксе адно з адным. Аднак калі жанчына не можа знайсці ў сабе сілы сказаць, што яна прыкідвалася, псіхатэрапеўтка раіць проста прапанаваць партнёру новыя сэксуальныя практыкі. І растлумачыць гэта жаданнем праверыць, ці будзе адрознівацца аргазм ад ужо звыклага.
Чытайце таксама