Нягледзячы на тое што гэта адна з самых шматнаселеных мусульманскіх краінаў, тут дагэтуль захаваліся народнасці, якія не прынялі іслам, збераглі паганства і свае звычаі. Гэтая дзяржава ў мінулым стагоддзі дапамагала афганскім маджахедам супрацьстаяць СССР, а цяпер сама знаходзіцца на мяжы вайны з суседзямі. У гарадах багатыя раёны могуць рэзка змяняцца беднымі і небяспечнымі, прырода тут уражвае, але на кожным кроку — блокпасты з паліцыяй. Гэта яшчэ адна частка нататак салiгарчаніна Аляксандра Гойшыка пра паездку ў Пакістан, у якім цяжкая сітуацыя з правамі жанчын, адзін з самых высокіх узроўняў актыўнасці тэрарыстаў. Але пры гэтым мясцовыя жыхары і паліцыя гасцінныя і добразычлівыя да турыстаў.
Мітуслівы Карачы, пошукі інтэрнэт-кавярні і пляж Кліфтан
Пасля Мултана, дзе мясцовая паліцыя літаральна прымусіла мяне сесці на начны аўтобус, спасылаючыся на меркаванні бяспекі, я накіраваўся ў Карачы. Гэта не проста горад, а сапраўдны мегаполіс: яго насельніцтва ўдвая перавышае колькасць жыхароў усёй Беларусі (па дадзеных перапісу 2023 года, у Карачы пражывае каля 20,3 мільёна чалавек, гэта адзін з найбольш буйных гарадоў свету. — Заўв. рэд.)!
Дарога заняла 12 гадзін — я праехаў амаль 900 кіламетраў. Білет каштаваў каля 13 долараў, аднак умовы былі камфортныя: мяккія сядзенні і дастатковая колькасць прыпынкаў. Карачы не ўваходзіць у спіс папулярных турыстычных напрамкаў: ён перанаселены, брудны, а грамадскі транспарт развіты слаба — нават метро, як у Лахоры, тут няма. Гэты горад быў першай сталіцай незалежнага Пакістана, пасля яе перанеслі ў спецыяльна для гэтага збудаваны Ісламабад. Аднак Карачы застаўся галоўным фінансавым, прамысловым і гандлёвым цэнтрам краіны. Таму, хоць тут не так шмат цікавых турыстычных месцаў, я ўсё ж вырашыў сюды дабрацца і агледзець некалькі мясцовых славутасцяў.




Каб напісаць гэты тэкст, мне трэба было знайсці інтэрнэт-кавярню. Здавалася б, у такім вялікім горадзе гэта не будзе праблемай, але ж нечакана стала тым яшчэ квэстам. Пошукі праз Google не давалі карысных вынікаў. А ў тыя кампутарныя клубы, якія я знаходзіў, мяне проста не пускалі, тлумачачы, што там можна толькі гуляць, але не працаваць. Нешта такое ўжо было ў Кітаі, таму я ведаў, што трэба запасціся цярпеннем. Страціў амаль увесь дзень, абышоў, можа, пяць розных месцаў, але безвынікова. Калі ўжо вырашыў скончыць пошукі і вяртаўся ў хостэл, заўважыў шыльду з кампутарнымі гульнямі. Сапраўднае падзямелле — андэграўнднае месца ў падвальным памяшканні са старэнькім абсталяваннем. На шчасце, адміністратар пранікся маёй гісторыяй, дазволіў папрацаваць за кампутарам і падпісаўся на мой Instagram! Так я змог напісаць тое, што вы зараз чытаеце.
На агляд асноўных тутэйшых славутасцяў мне хапіла аднаго дня. Спадабаўся Фрыр-хол (Frere Hall) — прыгожы гатычны будынак з часоў брытанскага каланіяльнага перыяду, які першапачаткова павінен быў служыць гарадской ратушай. Ну, а галоўная турыстычная візітоўка, напэўна, пляж Кліфтан, адно з найлепшых месцаў у Карачы, каб назіраць заход сонца над Аравійскім морам. Хоць мора тут не вельмі чыстае для купання, Кліфтан застаецца важным культурным і турыстычным цэнтрам, дзе можна адчуць мясцовы каларыт і жыццё горада, а таксама пракаціцца на вярблюдах, конях ці квадрацыклах.
Ад хола да пляжа не так далёка, і шлях паміж імі — сапраўдны кантраст: мінаеш багаты раён з дарагімі дамамі і трапляеш на нейкую жахлівую вулачку, якая хутчэй нагадвае наркапрытон. Там стаіць страшэнны смурод, паўсюды валяюцца нарказалежныя ў стане цяжкага ап’янення. Адзін з тых момантаў, калі інстынкт падказвае: «Лепш не затрымлівайся і не ўздумай даставаць тэлефон з кішэні!» Як мага хутчэй прамінуў гэтае жахлівае месца і выйшаў на галоўную дарогу.
Тут каля мяне спыніўся звычайны легкавік, выйшлі два паліцэйскія ў цывільным, — праверылі дакументы і ўважліва мяне абшукалі, я ўжо нават быў гатовы, што яны могуць нешта падкінуць і пачаць вымагаць грошы. Аднак пакістанская паліцыя працягвае трымаць фасон: параілі быць уважлівым і не хадзіць абы-дзе, а яшчэ пажадалі прыемнага падарожжа па Пакістане!


Далей варта было прайсці яшчэ некалькі кварталаў — і вось я ўжо ў прэстыжным раёне з хмарачосамі і люксавымі гандлёвымі цэнтрамі. У адным нават знайшоўся супермаркет французскай сеткі Carrefour, дзе можна купіць еўрапейскія прадукты. Я настолькі стаміўся ад мясцовай ежы, што з задавальненнем узяў у кулінарыі макароны з нармальнай катлетай і звычайным салатам з агуркоў і памідораў. Вось яна, радасць падарожніка!
Сам пляж чакана аказаўся шумным і брудным, вакол — дзясяткі гандляроў, якія прапаноўваюць пакатацца на вярблюдах, квадрацыклах і зрабіць «найлепшыя фота».
Атмасфера была пярэстая, у нейкім сэнсе аўтэнтычная, але, скажам шчыра, вяртацца сюды зноў мне не захацелася б. Агулам, Карачы нечым моцна нагадаў Індыю, таму гэты горад менш за ўсё спадабаўся мне ў Пакістане.
Вяртанне ў сталіцу, пасольства «Талібана» і візіт у яшчэ адзін каворкінг, на гэты раз — модны
На наступны дзень я вяртаўся ў Ісламабад. Вырашыў не эканоміць і выбраў VIP-аўтобус. Квіток каштаваў каля 25 даляраў за амаль паўтары тысячы кіламетраў, і гэта было дакладна варта таго! Камфортныя сядзенні, якія можна раскласці амаль у гарызантальнае становішча, а таксама мультымедыйныя экраны з фільмамі (пераважна Балівуда, бо ў Пакістане здымаецца мала свайго кіно) рабілі паездку вельмі зручнай.
Дзякуючы таму што ўрду і хіндзі (пакістанская і індыйская мовы) вельмі падобныя, у Пакістане спажываюць шмат індыйскага кантэнту — музыкі, фільмаў і забаўляльных шоу, негледзячы на варожасць паміж краінамі і народамі. Дарэчы, яшчэ цікавы момант: на кожнай станцыі ў аўтобус заходзіў чалавек з камерай і здымаў усіх пасажыраў. Магчыма, гэта адна з мераў бяспекі, але выглядала ўсё, мякка кажучы, дзіўна. Нават выраз твару ў іх быў як у беларускіх ціхароў!
У Ісламабадзе мяне ўжо чакаў хост, якому я пісаў, калі шукаў, дзе спыніцца ў Мултане. Тады ён напісаў, што паўгады таму пераехаў у сталіцу, быў бы вельмі рады пазнаёміцца і з радасцю прыме мяне тут. Так і атрымалася: ужо праз тыдзень я быў у гасцях у Алі. Вельмі прыемны і гасцінны хлопец, пачаставаў смачнай вячэрай і дапамог запоўніць анкету на візу Афганістана. У пасольства талібаў я збіраўся ісці на наступны дзень.
Алі жыве ў багатым раёне ў прыгарадзе Ісламабада, у яго дома я ўпершыню пабачыў пральную машыну. Гэта вельмі рэдкая з’ява у пакістанскіх дамах, дзе мне даводзілася бываць. Падалося, што ў Пакістане значна больш распаўсюджана карыстацца прыватнымі пральнямі, якія амаль на кожным кроку, — за невялікія грошы там не толькі памыюць, але і высушаць, і нават адпрасуюць вашу вопратку.
Увечары таго ж дня напісаў хлопец, які падвозіў мяне ў Мултан. Гэта, дарэчы, вельмі звычайная пакістанская фішка: тут часта запытваюць твае кантакты, падпісваюцца на Instagram, Facebook, дадаюцца ў WhatsApp. Мухамед напісаў: «Як справы, як працягваецца тваё падарожжа? Дзе ты ўжо?» Калі я сказаў, што толькі прыехаў у Ісламабад, ён адказаў, што цяпер таксама ў сталіцы па справах, і прапанаваў сустрэцца, пазнаёміцца з ягонымі братамі і паглядзець горад. Мы дамовіліся на дзясятую раніцы, а яны прыехалі апоўдні. Паняцце часу тут зусім іншае. Каб не псаваць сабе нервы, гэта трэба проста прыняць. Дарэчы, такая рэч характэрная таксама і для Лацінскай Амерыкі.
Знаёмства атрымалася вельмі цікавым: хлопцы з добрай адукацыяй, гавораць на выдатнай англійскай, займаюцца рознымі бізнесамі: нерухомасцю, нейкай вытворчасцю, будаўніцтвам. У асноўным гэта сямейныя фірмы, якія стваралі іх бацькі ці нават дзяды. У мінулай серыі я пісаў, чаму Пакістан — краіна бізнэсменаў.
Хлопцы павазілі мяне па сталіцы і паказалі іншы Ісламабад — цікавы і сучасны мегаполіс, ён мне сапраўды спадабаўся. Мы паехалі ў нацыянальны парк Маргалла Хілс, які знаходзіцца крыху за горадам. Гэта маляўнічы горны хрыбет, які ўваходзіць у склад Гімалаяў, — адна з галоўных прыродных славутасцяў сталіцы Пакістана.
Мясцовыя жыхары і турысты прыязджаюць сюды адпачыць на прыродзе, тут адкрываецца цудоўны краявід на Ісламабад. Мы выдатна бавілі час, хлопцы вельмі цікавіліся маёй паездкай, распытвалі пра ўсё на свеце і расказвалі шмат цікавага пра Пакістан. На развітанне пачаставалі мяне смачным абедам і завезлі ў пасольства Афганістана, дзе я планаваў атрымаць візу.
Ісламскі Эмірат Афганістан — так цяпер афіцыйна завецца гэтая краіна пасля захопу ў 2021 годзе улады «Талібанам». Самае цікавае, што некалькі гадоў таму талібы зразумелі карысць ад турызму і пачалі яго актыўна развіваць.
Перш за ўсё адкрылі межы, максімальна спрасцілі візавую палітыку і паабяцалі бяспеку турыстам (якіх раней, пры амерыканцах, тыя ж самыя талібы вельмі часта выкрадалі дзеля выкупу). Атрымалася такое сабе дзяржаўнае турыстычнае прадпрыемства «Талібан», дзякуючы якому можна бяспечна наведаць Афганістан. Турыстычная віза атрымліваецца вельмі проста: запаўняеш анкету на сайце пасольства, раздрукоўваеш, плаціш 80 даляраў — і на наступны дзень яна ў цябе.
У пасольстве мяне прыняў консул новай улады Афганістана, малады хлопец з выдатнай, я б нават сказаў, амерыканскай англійскай. Ён разглядаў пашпарт, распытваў пра розныя краіны, паездку, паглядзеў на год нараджэння: «Ваў, ты старэйшы, чым я, але выглядаеш маладзейшым. Як ты гэта робіш?» Я адказаў, што шчаслівы чалавек, бо раблю тое, што на самой справе хачу. Таму і выглядаю маладзейшым — займаюся любімай справай, рэалізую мару, вандруючы вакол свету.
Консул заўважыў, што гэта добры рэцэпт маладосці, маўляў, ты вялікі чалавек, амаль як Аляксандр Вялікі (так па-ангельску называюць Аляксандра Македонскага), засмяяўся і сказаў мне прыйсці ў панядзелак па візу. Я папрасіў выдаць яе заўтра, у пятніцу, каб я змог паехаць у Афганістан ўжо на выходных. Справа ў тым, што пятніца — гэта святы дзень у ісламе (як нядзеля ў хрысціянстве), афіцыйны выходны ў большасці мусульманскіх краінаў. Але не ў Пакістане, які, хаця афіцыйна і называецца Ісламскай Рэспублікай, насамрэч вельмі свецкая краіна. У пятніцу тут усё працуе, у тым ліку і пасольствы. У адказ на маю просьбу консул зноў усміхнуўся: «Калі гэта зробіць цябе яшчэ больш шчаслівым, вядома, прыходзь заўтра!» На наступны дзень віза была гатовая, консул паціснуў мне руку і пажадаў прыемнага падарожжа па Афганістане. А на развітанне даў свае кантакты, на ўсялякі выпадак. Я яшчэ нават не даехаў, а ўжо быў пад уражаннем ад гэтай краіны.



Таксама ў Ісламабадзе я пазнаёміўся з Джафам — вялікім сябрам беларусаў. Ён быў жанаты з беларускай, некалькі разоў бываў у нашай краіне, вельмі любіць яе і наш народ. Джаф, напэўна, ведае ўсіх нашых землякоў, хто некалі вандраваў па Пакістане, таму адразу некалькі знаёмых далі мне ягоны кантакт і вельмі параілі яму напісаць. Джаф хутка адгукнуўся і адказаў на ўсе пытанні.
Ён заснавальнік аднаго з першых каворкінгаў у Ісламабадзе, запрасіў мяне на сустрэчу і знаёмства з камандай. Я нават зрабіў невялікую прэзентацыю вандровак для пакістанскіх айцішнікаў, каротка расказаў пра краіны, якія наведаў. Было відаць, што ім вельмі цікава, для іх гэта нешта неверагоднае, як іншая планета, і яны не могуць ўявіць, як можна вось так проста падарожнічаць. Бо, як я ўжо раней адзначаў, з пакістанскім пашпартам гэта вельмі і вельмі цяжка, нават калі ты айцішнік. Адбылося знаёмства з неверагоднымі людзьмі, тут я пабачыў зусім іншы Пакістан, і гэтая краіна не перастае ўражваць.
Джаф дапамог мне з працоўным месцам, даў кампутар з доступам у Інтэрнэт, я плённа папрацаваў паўтара дня. Пасля ён запрасіў мяне на вячэру, спытаў, што я хацеў бы паспрабаваць. Я ўжо трохі стаміўся ад мясцовай ежы, таму выбраў піцу, і мы пайшлі ў Papa John’s (міжнародная сетка піцэрыяў. — Заўв. рэд.). Там адбыўся інцыдэнт, які яшчэ раз падкрэсліў вышыні мясцовай гасціннасці. Акрамя нас, у піцэрыі сядзела маладая сям’я, мужчына з двума маленькімі дзеткамі. Ён спытаў, хто я, адкуль, як мне ў Пакістане. Гэтага чалавека звалі Ахмад, ён працуе ў Іраку ў сферы тэлекамунікацыяў і, па яго словах, зарабляе добрыя грошы. Але вельмі шкадуе, бо рэдка бачыць сям’ю. Амаль як мой пакістанскі хост у Сінгапуры.
Цяпер Ахмад прыехаў на адпачынак дадому, каб пабыць з роднымі. Мы пагутарылі, ён падпісаўся на мой Instagram, а калі збіраўся сыходзіць, сказаў касіру, што заплаціць за нас. Джаф на гэта здзіўлена запярэчыў: «Не, гэта мой госць, я за яго заплачу!» Ахмед у адказ пачаў спрачацца: «Не, ён наш агульны госць, госць Пакістана. Таму заплачу я». Так двое людзей, якія бачылі мяне ўпершыню ў жыцці, спрачаліся, хто з іх заплаціць за маю вячэру. Вельмі незвычайнае пачуццё, скажу я вам.
Пешавар, вылазка ў даліну калашоў і як прыкінуцца пакістанцам
Некалькі дзён у Ісламабадзе праляцелі імкліва, далей я паехаў у горад Пешавар — сталіцу ўсходняй правінцыі Хайбер-Пахтунхва, найменшай у краіне. Туды вядзе хуткасная шаша, таму амаль 200 км аўтаспынам я пераадолеў менш чым за тры гадзіны. Змяніў некалькі машын, ніводнага разу не чакаючы больш за хвіліну: усім цікава, што гэта за «белы містэр» і што ён тут робіць.
Мясцовыя ахвотна падвозяць, распытваюць пра ўражанні, запрашаюць на гарбату, якая ў Пакістане амаль як рэлігія. Тут існуе нават прыказка: «Калі ў цябе няма чаю ў роце, ты не можаш адчуваць шчасце». Зрэшты, гэта тычыцца і іншых мусульманскіх краін, дзе забаронены алкаголь. У Іраку, напрыклад, я пачуў іншую прыказку: «Чай — гэта мусульманская гарэлка!» Маецца на ўвазе, што ім саграваюцца, за кубачкам гарбаты вядуць няспешныя размовы, адпачываюць — гэта неад’емная частка культуры. Я настолькі ёй пранікся, што, завяршаючы вандроўку, нават прывёз з Турцыі цэлы кілаграм традыцыйнага чорнага чаю.


Пешавар — горад з багатай гісторыяй, які знаходзіцца непадалёку ад мяжы з Афганістанам. Падчас савецка-афганскай вайны ён быў цэнтрам падтрымкі маджахедаў, што ваявалі з СССР. Большасць насельніцтва гэтай правінцыі — пуштуны, тая ж самая этнічная група, што і талібы. Агулам Пакістан — краіна, якая аб’ядноўвае некалькі этнічных груп: тут жывуць пуштуны, пенджабцы, белуджы і многія іншыя. Ва ўсіх іх адна Радзіма, але мовы, звычаі і культуры адрозніваюцца.
У Пешавары я даведаўся непрыемную навіну: мяжу з Афганістанам перакрылі.Ужо некалькі дзён даехаць да КПП немагчыма, колькі яшчэ працягнецца блакада адзінай дарогі, невядома. «Іншала!» — як тут кажуць, на ўсё воля Алаха. Трэба назапасіць цярпенне і чакаць, спадзеючыся на лепшае. Можна вярнуцца ў Ісламабад і самалётам пераляцець у Кабул, але, як я пісаў раней, мая ідэя — праехаць вакол свету наземным спосабам, максімальна, наколькі магчыма.
Дарэчы, нават калі дарогу з Пешавара да памежнага з Афганістанам перахода разблакуюць, каб па ёй праехаць, трэба будзе атрымліваць дазвол — ісці ў паліцыю, запаўняць нейкія формы, плаціць за гэта і некалькі дзён (ці нават тыдняў) чакаць адказ. Каб пасля з паліцэйскім эскортам даехаць да КПП. Але на турыстычных форумах раяць дзейны лайфхак — набыць традыцыйную вопратку і паспрабаваць змяшацца з натоўпам мясцовых у маршрутцы. Так я і зрабіў.

Пешавар мне вельмі спадабаўся: прыгожы стары горад са сваёй, адрознай ад рэшты Пакістана атмасферай. Мой хост Амір зладзіў неверагодную экскурсію, паказаўшы самыя цікавыя месцы. Таксама дапамог набыць адзенне па значнай зніжцы.
У Пешавары я адзначыў дзень народзінаў, спецыяльна наведаўшы традыцыйны барбершоп у бясконцых лабірынтах старога горада і зладзіўшы свой любімы чэлендж «Пагалюсь за Беларусь!» За няпоўныя тры даляры мяне пастрыглі і пагалілі пад мясцовага, цяпер знешне я амаль не адрозніваўся ад пуштуна — ну хіба што вялікая завушніца мяне выдавала.
Пакуль дарога да мяжы была заблакаваная і заставалася толькі чакаць, я вырашыў зганяць у знакамітую даліну калашоў. Гэта адно з самых унікальных месцаў у Пакістане. Каб не цягаць на сабе ўсе клункі, большую частку рэчаў я пакінуў у хоста, ўзяўшы з сабою толькі невялікі заплечнік з неабходным на некалькі дзён, — гэта беражэ шмат сіл. Калі едзеш адзін, проста неабходна увесь час пралічваць сітуацыю на некалькі хадоў наперад.
Калашы — асобная этнічная група, яны жывуць высока ў гарах і візуальна падобныя на еўрапейцаў. Гэты народ часткова захаваў паганскую рэлігію і не прыняў іслам, таксама мае сваю мову і традыцыі: у грамадах дзейнічае матрыярхат, усе ключавыя рашэнні прымаюць жанчыны. Гэта нетыпова для рэшты Пакістана. Па адной з легендаў, яны нашчадкі часткі арміі Аляксандра Македонскага.
Дабрацца ў даліну было няпроста, дарога ў няпоўныя 400 км заняла 16 гадзін. Першы адрэзак я даволі хутка пераадолеў аўтастопам, аднак пасля мяне высадзілі паліцэйскія і прымусілі чакаць эскорт, маўляў, тут вельмі небяспечна (недзе я ўжо гэта чуў, далібог). Зноў жа, усё ветліва і карэктна. Пакуль чакалі джып, пакармілі мяне абедам і пачаставалі традыцыйным масала-чаем. Паліцэйскія рабілі са мною фоткі і падпісваліся ў Instagram. Пасля давезлі да аўтастанцыі ў бліжэйшым райцэнтры і прымусілі сесці ў калектыўнае таксі — гэта калі ў звычайны легкавік набіваецца шэсць пасажыраў, два на пярэднім і чатыры на заднім сядзеннях.
Там я нечакана сустрэў таго самага хлопца з Расіі, пра якога пісаў у першай серыі пакістанскіх нататак. Высветлілася, Лёша таксама ехаў у даліну калашоў, яго чакаў той жа хост, што і мяне. І яго таксама прывезла паліцыя. Калі таксі нарэшце запоўнілася пасажырамі, мы паехалі. Да мястэчка, адкуль пачынаецца дарога ў даліну, дабраліся ўжо позна ўвечары, калі ніякі транспарт туды не ехаў. Дапамагла паліцыя: за намі прыехаў джып з афіцэрамі і ўзброненымі супрацоўнікамі, нас адвезлі ў вёску, дзе чакаў хост.





Таксама, як і ў далінах Хунза ці Скарду, тутэйшы хост Ішфак — уладальнік гэстхаўса і бясплатна прымае людзей з каўчсёрфінга за добрую рэцэнзію. Умовы простыя, але ўсё ўтульна і душэўна. Ішфак — просты і прыемны хлопец, распавёў шмат цікавага пра культуру і традыцыі калашоў, параіў месцы, якія варта наведаць. Па дарозе ў адно з такіх я пазнаёміўся з мясцовым настаўнікам англійскай, які зладзіў экскурсію ў закрытыя для турыстаў месцы. Я пабачыў звычайнае жыццё гэтага народа і нават трапіў у сапраўдны дом калашскай сям'і. Дзякуючы яму я адкрыў шмат новага і трошкі адчуў сапраўдную атмасферу жыцця калашоў. Некалькі разоў на год праходзяць фестывалі гэтай народнасці, варта выбрацца на адзін з іх, каб лепш пазнаёміцца з гэтай культурай. Наступным разам абавязкова прыеду!
На наступны дзень я наведаў другую даліну, дзе жывуць калашы. Па дарозе назад на блокпасце паліцэйскія запрасілі на гарбату, што для мяне ў Пакістане ўжо стала звыклай з’явай. Гэтая частка падарожжа стала адным з самых цікавых яго момантаў. І якраз прыйшла навіна, што дарогу ў Афганістан разблакавалі, таму настаў час вяртацца ў Пешавар. Паліцэйскія зноў не дазволілі праехаць аўтастопам. Было ўжо занадта позна, маршрутка так і не прыйшла, таму мяне пасялілі ў гатэль з добрай зніжкай, а я ўсё не пераставаў здзіўляцца цудам пакістанскай гасціннасці і клопату пра турыстаў!
У Пешавары хост прымаў у сябе яшчэ аднаго вандроўніка — Джавані з Італіі. Ён таксама збіраўся ў Афганістан. Джові перад кавідам вандраваў па Індыі і засеў там на два гады лакдаўна. За гэты час пабраўся шлюбам з індыйкай, цяпер там жыве, размаўляе на хіндзі і выглядае амаль як індус. Гэта было вельмі карысна, бо ён мог камунікаваць з мясцовымі на іх мове (урду і хіндзі падобныя больш, чым беларуская і ўкраінская).
У апошні вечар у Пакістане я схадзіў на экскурсію на прыватны завод… зброі! Як згадваў вышэй, падчас савецка-афганскай вайны Пешавар стаў асноўным месцам забеспячэння арміі маджахедаў, перш за ўсё зброяй. Так паўсталі прыватныя заводы, якія працягнулі працаваць і пасля вайны, там можна паглядзець на вытворчасць і нават пастраляць. Зразумела, што для гэтага трэба ведаць каго-небудзь з мясцовых, — мне дапамог прыяцель хоста. Я паглядзеў некалькі цэхаў. Умовы там цяжкія, працуюць нават дзеці, а сярэдні заробак за змену складае ад чатырох да шасці даляраў. Мне нават прапанавалі выпрабаваць толькі што зроблены пісталет — яшчэ адзін незвычайны досвед у капілку ўражанняў ад Пакістана!



На наступны дзень разам з Джові мы вырушылі да афганскай мяжы. Лайфхак з пераапраннем спрацаваў, і мы праехалі некалькі блокпастоў. Але выезд з Пакістана быў даволі стрэсавым: нас шмат разоў правяралі, распытвалі, куды і чаму мы едзем, пыталіся пра грошы. Дзякуючы таму, што Джавані ведаў мову, усё прайшло адносна хутка.
І вось мы ступілі на афганскую зямлю. Наперадзе мяне чакалі куды больш сур’ёзныя прыгоды, але пра гэта — у наступнай серыі.
Чытайце таксама


