Дзяржсакратар ЗША Лоўрэнс Іглбергер, які працаваў у адміністрацыі прэзідэнта Джорджа Буша-старэйшага, у 1993 годзе падрыхтаваў службовую запіску для свайго пераемніка Уорэна Крыстафера, прызначанага Білам Клінтанам. Ён апісаў сітуацыю ва ўсіх рэгіёнах свету ў эпоху пасля Халоднай вайны і папярэдзіў пра магчымыя праблемы, на якія варта звяртаць увагу. Адным з найгоршых імаверных сцэнараў ён назваў вайну паміж Расіяй і Украінай. Рассакрэчаны дакумент апублікавала даследчая арганізацыя «Архіў па нацыянальнай бяспецы» (National Security Archive) пры Універсітэце Джорджа Вашынгтона.
Лоўрэнс Іглбергер адзначыў, што ў перыяд працы новага дзяржсакратара стане магчымым паступовае ўключэнне рэфармаванай Расіі і ўсходнееўрапейскіх краін у стабільную сістэму Еўропы, чаму ЗША варта садзейнічаць. У той жа час сярод трох першачарговых пагрозаў сусветнаму парадку і дабрабыту Штатаў ён назваў «зрыў рэформаў у Расіі і вяртанне да той ці іншай формы аўтарытарнага кіравання».
«Сярод іншых магчымых праблем — узброены канфлікт паміж Расіяй і любой суседняй краінай, у тым ліку з Украінай, што не самая імаверная, але дакладна самая небяспечная перспектыва», — падкрэсліў дзяржсакратар.
Значнай пагрозай ён таксама назваў гіпатэтычнае адступленне Украіны, Беларусі ці Казахстана ад абавянняў па ядзерным раззбраенні.
«Для страхоўкі ад наступных няпэўнасцяў мы хочам як мага хутчэй замацаваць скарачэнне ядзерных узбраенняў і іх кансалідацыю ў Расіі. Мы робім шмат намаганняў, каб Украіна, Беларусь і Казахстан стрымалі свае абавязанні, і вывад ядзернай зброі з гэтых трох краін мусіць заставацца адным з вашых галоўных прыярытэтаў», — пісаў былы дзяржсакратар свайму наступніку.
Ён лічыў, што імаверныя эканамічныя праблемы Украіны ўжо ў 1993 годзе могуць прывесці да непаразуменняў з Расіяй у пытаннях бяспекі — напрыклад, у пытанні размяшчэння Чарнаморскага флоту ў Крыме або, «што яшчэ горш», кантролю над ядзернай зброяй ва Украіне.
Пры гэтым кіраўнік Дзярждэпа ЗША лічыў, што «сцішыць» магчымыя рэзкія паводзіны Украіны дапаможа ўжо пачатая ім змена падыходу да працы з ёй: Украіну трэба разглядаць як важнага самастойнага гульца, а не як прыдатак да адносін з Расіяй, якія знаходзяцца ў цэнтры ўвагі ЗША.
«У той жа час украінцы мусяць зразумець, што валоданне ядзернай зброяй — гэта не перавага, а адказнасць, калі яны імкнуцца да таго, каб іх успрымалі сур’ёзна», — адзначыў палітык.
Магчымага краху рэформаў у Расіі і яе вяртання да аўтарытарызму дзяржсакратар Буша ў 1993-м асцерагаўся вельмі моцна.
«Курс Расіі на найбліжэйшыя гады — ключ да будучай канфігурацыі сіл у Еўразіі, і эвалюцыя Расіі вызначыць, ці паўстане зноў доўгатэрміновая пагроза бяспецы ЗША на гэтым велізарным масіве сушы», — лічыў ён.
Іглбергер адзначыў, што многія крытыкуюць яго офіс за занадта вялікую ўвагу да Расіі і недастатковую — да іншых постсавецкіх рэспублік.
«Гэтая крытыка не пазбаўленая падставаў. Але застаецца адна фундаментальная рэальнасць: калі рэформы будуць паспяховыя ў Расіі, гэта не гарантуе поспеху рэформаў у іншых краінах былога СССР; але калі рэформы ў Расіі не дасягнуць поспеху, гэта напэўна будзе азначаць правал рэформаў ва ўсёй былой савецкай імперыі», — рэзюмаваў кіраўнік Дзярждэпа.
Ён рэкамендаваў свайму пераемніку забяспечваць дапамогу і падтрымку Расіі з боку ЗША на шляху да дэмакратызацыі і пабудовы рынкавай эканомікі. Гэта і прынесла б ЗША эканамічную выгаду ў выглядзе, напрыклад, бізнес-супрацоўніцтва і новых працоўных месцаў, і дапамагло б забяспечыць міжнародную бяспеку. У выпадку ўсталявання аўтарытарнага курсу ў Расіі знешняя палітыка ЗША стала б значна складанейшай і даражэйшай, быў упэўнены Іглбергер.
Палітык памёр у 2011 годзе. Ён працаваў на дзяржслужбе 27 гадоў, займаючы розныя пасады за некалькімі прэзідэнтамі. Дзяржсакратаром ЗША ён прабыў усяго паўтара месяца на мяжы 1992 і 1993 гадоў, але перад тым больш за тры гады быў першым намеснікам дзяржсакратара, а да таго сем гадоў служыў на чацвёртай пазіцыі ў Дзярждэпе — намеснікам па палітычных пытаннях. Яго пераемнік Уорэн Крыстафер прапрацаваў на пасадзе дзяржсакратара ўвесь першы прэзідэнцкі тэрмін Клінтана.
Распечатано с портала ZERKALO.IO