У Міністэрстве абароны Расіі заявілі пра паспяховае адбіццё васьмі спробаў наступу УСУ пад Бахмутам і на Урэмеўскім выступе. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што за суткі адбілі 13 расійскіх атак на Мар'інку. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны спрабавалі разабрацца, каму больш выгаднае разбурэнне плаціны Кахоўскай ГЭС.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 469-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Знішчылі расійскі штурмавік Су-25
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 35 ракетных, 41 авіяцыйны ўдар і правялі 57 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Праціўнік выкарыстаў крылатыя ракеты паветранага базавання Х-101/Х-555, усе яны былі збітыя СПА. На жаль, ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва, пашкоджаныя жылыя дамы і іншая цывільная інфраструктура, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Расійскія войскі працягваюць канцэнтраваць асноўныя намаганні на тым, каб цалкам акупаваць Луганскую і Данецкую вобласці. За мінулыя суткі тут адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік нанёс авіяўдары ў раёне Агірцава Харкаўскай вобласці. З мінамётаў і артылерыі абстраляў 42 населеныя пункты Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку за мінулыя суткі артылерыйскім і мінамётным абстрэлам праціўніка падвергліся 10 населеных пунктаў Харкаўскай і Луганскай абласцей.
— На Ліманскім напрамку расіяне беспаспяхова спрабавалі наступаць у раёнах населеных пунктаў Крамянная, Белагораўка Луганскай вобласці і Бераставое Данецкай вобласці. Нанеслі авіяцыйныя ўдары каля шасці населеных пунктаў Данецкай вобласці. З артылерыі абстралялі шэсць населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія войскі вялі наступальныя дзеянні ў кірунку Кляшчэеўкі, але поспеху не мелі. Нанеслі авіяцыйны ўдар у раёне Белай Гары Данецкай вобласці. З артылерыі абстралялі 13 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёне Аўдзееўкі. Абстраляў з артылерыі раёны сямі населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі 13 атак расійскіх сіл у раёне горада Мар'інка, праціўнік нанёс па горадзе авіяцыйныя ўдары, з артылерыі абстраляў пяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку авіяцыйныя ўдары расіяне нанеслі па чатырох населеных пунктах, абстралялі — таксама чатыры.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі працягваюць весці абарончыя дзеянні. Нанеслі авіяцыйны ўдар па Альгоўскім Запарожскай вобласці. Абстралялі з артылерыі 16 населеных пунктаў Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай і Херсонскай абласцей, у тым ліку горад Херсон.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 17 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і чатыры — па зенітна-ракетных комплексах праціўніка.
— Знішчаны расійскі штурмавік Су-25 і чатыры разведвальныя БПЛА.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі дзевяць пунктаў кіравання, чатыры раёны канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, тры склады боепрыпасаў, зенітна-ракетны комплекс, 14 артылерыйскіх падраздзяленняў і 18 іншых важных цэляў праціўніка.

Мінабароны РФ: Нанеслі ўдары па камандных пунктах 67-й механізаванай і 44-й артылерыйскай брыгад УСУ
«Узброеныя сілы Украіны, не дабіўшыся мэтаў наступу і несучы істотныя страты на Паўднёва-Данецкім напрамку, рабілі спробы прарваць абарону нашых войскаў на Данецкім напрамку ў раёне горада Арцёмаўск (Бахмут. — Заўв. рэд.)», — заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.
— За мінулыя суткі актыўнымі дзеяннямі Паўднёвай групоўкі войскаў паспяхова адбітыя восем спробаў наступлення штурмавых атрадаў 56-й мотапяхотнай, 57-й механізаванай брыгад УСУ ў кірунку населеных пунктаў Ягаднае, Дубова-Васілеўка, заходняя ўскраіна Бахмута, Андрэеўка, Арэхава-Васілеўка, а таксама 24-й механізаванай і 3-й штурмавой брыгад у раёне населенага пункта Кляшчэеўка.
Падчас баёў за суткі знішчаныя да 415 украінскіх вайскоўцаў, два танкі, дзевяць баявых браніраваных машын, шэсць аўтамабіляў, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама гаўбіца «Мста-Б».
— На Урэмеўскім выступе падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Усход», ўдарамі авіяцыі, ракетных войскаў і артылерыі за суткі адбітыя тры атакі праціўніка сіламі дзвюх батальённых тактычных груп у раёнах населеных пунктаў Няскучнае Данецкай вобласці і Ляваднае Запарожскай вобласці. Акрамя таго, адбітая атака штурмавога падраздзялення УСУ ў раёне населенага пункта Новаданецкае Данецкай вобласці. Гэты населены пункт знаходзіцца пад кантролем расійскіх Узброеных сіл.
У выніку агнявога паражэння калоны ўкраінскай бронетэхнікі, якая высоўвалася ў кірунку саўгаса «Кастрычнік», большая частка бронемашын была знішчаная. Тыя, што засталіся на хаду, адступілі на першапачатковы рубеж.
Усяго на Паўднёва-Данецкім напрамку за суткі знішчаныя звыш 190 украінскіх вайскоўцаў, 8 танкаў, 20 баявых браніраваных машын, 12 аўтамабіляў, артылерыйская сістэма М777, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», гаўбіцы Д-20 і Д-30, а таксама гармата «Гіяцынт-Б».
У раёне населеных пунктаў Амельнік і Гуляйполе Запарожскай вобласці знішчаныя: склад боепрыпасаў 128-й горна-штурмавой брыгады УСУ, а таксама радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-36.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Навамлынск, Кулагоўка, Кіслоўка, Першатраўневае Харкаўскай вобласці і Стальмахоўка Луганскай вобласці. У раёне населенага пункта Навасёлаўскае Луганскай вобласці спыненая дзейнасць трох украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
За суткі на гэтым напрамку знішчаныя звыш 50 украінскіх вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка Paladin.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку аператыўна-тактычнай і армейскай авіяцыяй, артылерыяй і цяжкімі агнямётнымі сістэмамі групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Плашчанка, Кармазінаўка, Чырвоная Дзіброва, Кузьміно Луганскай вобласці і Ямполаўка Данецкай вобласці. У раёне Серабранскага лясніцтва спыненая дзейнасць дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
За суткі знішчаныя больш за 70 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя машыны пяхоты, пяць аўтамабіляў, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама гаўбіца Д-20.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за мінулыя суткі знішчаныя да 60 украінскіх вайскоўцаў, пяць баявых браніраваных машын, два пікапы, артылерыйская сістэма М777, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама гаўбіца «Мста-Б».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, пабітыя 93 артылерыйскіх падраздзяленні, жывая сіла і ваенная тэхніка УСУ ў 137 раёнах. У раёнах населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці і Новаіванаўка Запарожскай вобласці пабіты камандна-назіральныя пункты 67-й механізаванай і 44-й артылерыйскай брыгад УСУ.
У раёне населенага пункта Аўдзееўка Данецкай вобласці знішчаныя два склады паліва 110-й механізаванай брыгады УСУ. У Данецкай вобласці збіты знішчальнік Су-27, а ў Запарожскай — МіГ-29. Перахопленыя 24 рэактыўныя снарады сістэм залпавага агню HIMARS, «Ураган» і «Вольха». Знішчаныя 22 беспілотнікі.
Інстытут па вывучэнні вайны: Заявы Пяскова і Шайгу гучаць непераканаўча
Свежая справаздача амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны прысвечаная сітуацыі з разбурэннем дамбы Кахоўскай ГЭС, у ёй таксама аналізуюцца заявы ўкраінскага і расійскага бакоў.
Эксперты адзначаюць, што расійскія афіцыйныя асобы абвінавацілі ўкраінскія сілы ў разбурэнні плаціны і выкарыстоўвалі гэтыя абвінавачанні для падмацавання сваіх ранейшых заяваў пра тое, што ўкраінскае контрнаступленне на іншых участках фронту цярпіць няўдачу. Яны назвалі непраўдападобнай заяву прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова, што Украіна правяла дыверсію, бо «ўкраінскія ўзброеныя сілы не дасягаюць сваіх мэтаў» у шырокамаштабных наступальных аперацыях. Аналітыкі адзначаюць, што ніякіх шырокамаштабных наступальных аперацый Украіна яшчэ не праводзіла.
Непераканаўчымі ў ISW называюць і аргументы Шайгу, які сказаў, што Украіна ўзарвала дамбу, каб стварыць перашкоды для расійскіх войскаў, а самой перакінуць сілы з Херсонскага напрамку для падтрымкі «правальных» наступальных аперацый у іншых месцах. У Інстытуце заўважаюць, што расійскія войскі ў гэтым рэгіёне не ўяўляюць настолькі істотнай пагрозы для УСУ, каб трымаць тут дадатковыя сілы для абароны.
У ISW адзначылі, што яшчэ не маюць дакладных доказаў, каб дакладна сказаць, хто нясе адказнасць за тое, што адбылося на Кахоўскай ГЭС 6 чэрвеня. Аднак нагадваюць, што яшчэ ў кастрычніку 2022 года казалі пра тое, што расіяне больш зацікаўленыя ў затапленні тэрыторый уніз па плыні Дняпра. Расія можа выкарыстоўваць паводку, каб ускладніць украінскія спробы контрнаступлення праз гэты і без таго складаны водны аб’ект. Расійскія крыніцы выказвалі моцную і недвухсэнсоўную занепакоенасць тым, што Украіна рыхтуецца перайсці Днепр і контратакаваць, нагадваюць у Інстытуце. Наяўныя кадры ад 6 чэрвеня дазваляюць выказаць здагадку, што паводка змыла ўкраінскія пазіцыі ля берагоў Дняпра і вымусіла ўкраінскія фарміраванні эвакуявацца пад агнём расійскай артылерыі. Такім чынам, усё кажа на карысць таго, што расіяне маглі наўмысна пашкодзіць плаціну, кажуць у ISW.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на лініі Сватава — Крамянная;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія войскі працягвалі наземныя атакі на поўнач і паўднёвы захад ад Бахмута, а расійскія войскі працягвалі абмежаваныя наступальныя аперацыі ўздоўж лініі Аўдзееўка — Данецк;
- украінскія сілы працягнулі наземныя атакі на паўднёвым захадзе Данецкай і ва ўсходняй частцы Запарожскай абласцей;
- расійскія афіцыйныя асобы і акупацыйныя ўлады працягваюць спробы выкарыстоўваць інфраструктурныя праекты для інтэграцыі акупаваных тэрыторый у склад Расіі.