Прэзідэнт Украіны пацвердзіў інфармацыю пра тое, што расійская ракета выбухнула недалёка ад іх картэжу падчас візіту прэм’ер-міністра Грэцыі ў Адэсу. Пра гэта Уладзімір Зяленскі расказаў падчас інтэрв'ю французскім СМІ, адказваючы на пытанне, ці не лічыць ён, што Пуцін спрабаваў яго тады знішчыць.
Уладзімір Зяленскі адзначыў, што ў гэтым выпадку не так важна, якую мэту пераследаваў Пуцін, бо ён у прынцыпе настроены на тое, каб усё разбураць.
— У нас вайна Расіі супраць Украіны. І калі ў нас прадстаўнік іншай дзяржавы, калі ў нас лідар Грэцыі знаходзіцца, і ты, няважна, якая ў цябе мэта, але ты робіш небяспечныя крокі і трапляеш балістычнай ракетай за некалькіх сотняў метраў побач [з месцам], дзе той лідар знаходзіцца, то я лічу, што ты проста нездаровы чалавек, — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Украінскі прэзідэнт заявіў, што сусветныя лідары не мусяць звяртаць увагу на такія «папярэджанні Пуціна», бо яго мэта акурат у тым, каб яго баяліся.
Нагадаем, 6 сакавіка ў Адэсе праходзіла сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з прэм’ер-міністрам Грэцыі Кірыякасам Міцатакісам. У гэты час расійская армія нанесла ракетны ўдар па горадзе. Як паведамілі СМІ, ракета выбухнула ўсяго за 500 метраў ад таго месца, дзе знаходзіліся Зяленскі і Міцатакіс.
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што нанеслі ўдар у 11.40 па маскоўскім часе па ангары ў раёне порта, «у якім ажыццяўлялася падрыхтоўка да баявога выкарыстання безэкіпажных катараў Узброеных сіл Украіны».
Распечатано с портала ZERKALO.IO