Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Гандлёвыя войны, падзенне цэн на нафту — якіх курсаў чакаць у красавіку: прагноз па валютах
  2. Чыноўнікі расказалі, якія тавары могуць падаражэць найбліжэйшым часам. Тлумачым, з чым гэта звязана
  3. «Няважна, застаюцца працаваць ці ідуць на пенсію». Наймальнікаў папрасілі даць звесткі пра супрацоўнікаў — навошта
  4. Афіцыйныя прафсаюзы б'юць трывогу праз пенсіі і заробкі бюджэтнікаў. Што з імі не так
  5. «Чакаем, калі з'явіцца». Былы муж Анжалікі Мельнікавай расказаў, дзе цяпер ён і дзеці і ці ведае пра месцазнаходжанне спікеркі КР
  6. Качанава абурылася ахвяраваннем правоў дзеля палітыкі, але не ўспомніла пра рэпрэсіі ў Беларусі
  7. Што з грашыма, якія мусіў атрымаць фонд зніклай Анжалікі Мельнікавай? Вось што даведалася «Люстэрка»
  8. «Наша Ніва»: Муж беларусской журналистки за границей не единственный, кто имеет паспорт прикрытия
  9. У беларускіх турмах прымушаюць насіць розныя біркі. Так ужо рабіла раней адна краіна — і ўладам Беларусі не спадабаецца параўнанне
  10. З усёй краіны арганізавана звозяць гледачоў на канцэрты, прыдуманыя нявесткай Лукашэнкі. Колькі за гэта плацяць падаткаплатнікі
  11. В ближайшее время Россия, вероятно, нанесет очередной массированный удар по Украине — ISW
  12. Беларусы выкарыстоўваюць лайфхак, каб хутчэй атрымаць шэнген. Даведаліся, што за ён
  13. В Беларусь пытались ввезти рекордную контрабанду взрывчатки. Вот что узнало «Зеркало» о водителе
Читать по-русски


Міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес у інтэрв'ю Evening Standard заявіў, што Расія больш не звышдзяржава. «Я не ведаю [калі скончыцца канфлікт ва Украіне], — сказаў ён. — Звышдзяржавы прайгравалі войны раней: Савецкі Саюз — у Афганістане, Злучаныя Штаты — у В’етнаме. Буйным дзяржавам даводзілася змірыцца з паразай у суседняй краіне ці ў іншай краіне, у якой яны мелі вялікі ўплыў. <…> Але ён [Пуцін і Расія] больш не звышдзяржава, гэта тое, што ён толькі што паказаў. Вось у чым ключ». Мы вырашылі разабрацца, ці мае рацыю Уолес і ці сапраўды Расія больш не прэтэндуе на статус сусветнага гегемона.

Фото: Reuters
Маскоўскі Крэмль. Фота: Reuters

Звышдзяржава — што гэта ўвогуле такое?

Пачнём з таго, што звышдзяржава — гэта выключна публіцыстычны тэрмін, дакладнага навуковага вызначэння ў якога няма. А таму крытэры і падыходы ў адказе на пытанне, якія краіны такімі лічацца, а якія не, могуць моцна адрознівацца.

«Вялікая палітычная энцыклапедыя» апісвае звышдзяржаву так: «Вельмі магутная дзяржава з велізарным культурным, палітычным, эканамічным і ваенным патэнцыяламі, якая мае перавагу над большасцю іншых дзяржаў, што дазваляе ёй ажыццяўляць гегемонію не толькі ў сваім рэгіёне, але і ў самых аддаленых месцах планеты».

У гэтым жа даведніку адзначаецца, што тэрмін упершыню з’явіўся ў 1944 годзе ў кнізе Уільяма Фокса «Звышдзяржава» ў дачыненні да краін «Вялікай тройкі» (то-бок трох галоўных саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі).

«Вялікая тройка» неўзабаве пасля Другой сусветнай скарацілася да двойкі. Рэч у тым, што Вялікабрытанія, якая зазнала цяжкія страты падчас вайны, пасля завяршэння канфлікту сутыкнулася з шэрагам крызісаў, і яны пахіснулі яе пазіцыі ў свеце. Значную частку ўплыву Брытанскай імперыі забяспечвалі яе шматлікія калоніі па ўсім свеце, аднак у другой палове мінулага стагоддзя многія залежныя тэрыторыі пачалі выходзіць з-пад кантролю Лондана і дамагацца незалежнасці ці большай самастойнасці. Да прыкладу, у 1947 годзе незалежнасць атрымалі Індыя і Пакістан — велізарныя тэрыторыі, багатыя на чалавечыя і прыродныя рэсурсы.

Лічыцца, што канчаткова статусу звышдзяржавы Вялікабрытанію пазбавіў Суэцкі крызіс 1956−57 гадоў, калі пасля нацыяналізацыі аднайменнага канала Егіптам Лондан паспрабаваў вярнуць сабе кантроль над транспартнай артэрыяй ваенным шляхам, аднак быў асуджаны сусветнай супольнасцю (у тым ліку ЗША) і ў выніку вывеў войскі, так і не дасягнуўшы мэты.

З таго моманту звышдзяржавамі заставаліся СССР і ЗША, паміж якімі амаль усю другую палову XX стагоддзя цягнулася глабальнае супрацьстаянне.

Ялтинская конференция, февраль 1945 года. Слева направо: премьер Великобритании Уинстон Черчилль, президент США Франклин Рузвельт, секретарь&nbsp;ЦК ВКП (б) Иосиф Сталин. Фото: Photograph from the Army Signal Corps Collection in&nbsp;the U.S. National Archives,&nbsp;commons.wikimedia.org
Ялцінская канферэнцыя, люты 1945 года. Злева направа: прэм’ер Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль, прэзідэнт ЗША Франклін Рузвельт, сакратар ЦК ВКП (б) Іосіф Сталін. Фота: Photograph from the Army Signal Corps Collection in the U.S. National Archives, commons.wikimedia.org

«Паняцце звышдзяржавы зацвердзілася ў гады халоднай вайны, калі свет быў падзелены на два лагеры з ЗША і СССР на чале. Дзве канкрэтныя краіны валодалі такой сукупнай сілай, перш за ўсё ваеннай, якая на парадак адрознівала іх ад іншых дзяржаў, выводзіла за кола традыцыйных міжнародных адносін. Па сутнасці, хоць і вельмі спрошчана, можна сказаць, што ўся сусветная палітыка зводзілася тады да ўзаемадзеяння гэтых дзвюх дзяржаў», — пісаў у сваім артыкуле для часопіса «Расія ў сусветнай палітыцы» ў 2011 годзе доктар палітычных навук, дыпламат Мікалай Спаскі.

Аднак з бітвы з ЗША за сусветнае дамінаванне СССР пераможцам не выйшаў: прайшоўшы праз эканамічныя і палітычныя ўзрушэнні ў канцы 1980-х, у 91-м гэтая дзяржава распалася на незалежныя рэспублікі. Тым не менш прамы «спадчыннік» у Савецкага Саюза ёсць — гэта Расія, якая прыняла на сябе міжнародныя абавязанні СССР, а таксама ўнікальныя правы гэтай дзяржавы (напрыклад месца ў Савеце бяспекі ААН). Але ці стаў для РФ часткай савецкай «спадчыны» статус звышдзяржавы? Меркаванні наконт гэтага разыходзяцца.

Як прыклад прывядзём каментар Financial Times пасля саміту краін «вялікай васьмёркі» ў Санкт-Пецярбургу ў 2006 годзе: «Уладзімір Пуцін атрымліваў асалоду ад выйгрышаў за покерным сталом у Санкт-Пецярбургу. Для яго сэнс саміту „вялікай васьмёркі“ заключаўся ў тым, каб зацвердзіць Расію ў ролі глабальнай звышдзяржавы. І гэта яму лёгка ўдавалася, таму што астатнія лідары „васьмёркі“ практычна здаліся яшчэ да таго як селі за стол перамоваў», — пісала выданне, аднак пасля шэрагу тлумачэнняў рабіла папраўку: «Расія ні па якіх параметрах не можа прэтэндаваць на статус звышдзяржавы ХХІ стагоддзя. Але містар Пуцін умее блефаваць».

У 2016 годзе «ваеннай звышдзяржавай» РФ назваў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Праўда, усяго праз некалькі гадоў ён змяніў сваё меркаванне, напісаўшы ў кнізе «Зямля запаветная», што Маскве не хапае дастатковай колькасці саюзнікаў і ваенных баз за мяжой, каб лічыцца звышдзяржавай. «Расіі пры ядзерным арсенале, які саступаў толькі нашаму, бракавала шырокай сеткі альянсаў і баз, якія дазваляюць Злучаным Штатам праецыраваць сваю ваенную моц ва ўсім свеце», — пісаў тады ўжо экс-прэзідэнт Злучаных Штатаў.

Цікава, што сам Уладзімір Пуцін пры гэтым публічна ніколі не называў Расію звышдзяржавай і — больш за тое — нярэдка сцвярджаў адваротнае.

Владимир Путин на переговорах с президентом США Джо Байденом в Женеве, июнь 2021 года.
Уладзімір Пуцін на перамовах з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам у Жэневе, чэрвень 2021 года. Фота: Reuters

«Так, я ўжо сказаў, мы выдатна разумеем, што свет змяніўся, і мы гатовыя да гэтага прыслухацца і ў адпаведнасці з гэтым карэктаваць гэтую сістэму, але поўнага ігнаравання нашых інтарэсаў мы дапусціць не можам і ніколі не дапусцім. Прэтэндуе Расія на нейкую ролю лідара? У якасці звышдзяржавы — не, нам гэта толькі ў нагрузку, навошта нам гэта трэба?» — задаваўся палітык пытаннем на пасяджэнні Міжнароднага дыскусійнага клуба «Валдай» у 2014-м.

«Амерыка — вялікая дзяржава. Сёння, напэўна, адзіная супердзяржава. Мы гэта прымаем. Мы хочам і гатовыя працаваць са Злучанымі Штатамі», — пацвярджаў сваю пазіцыю Пуцін на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме ў 2016-м годзе.

Аднак у расійскай прапаганды іншае меркаванне. «Расія — звышдзяржава, прызналі на Захадзе: відавочнае і адэкватнае», — пад такім загалоўкам у канцы мінулага года выйшаў матэрыял на «Радио Sputnik» (уваходзіць у агенцтва «Россия сегодня» і фінансуецца Крамлём). «Публікацыі некаторых аналітыкаў апошнімі днямі пачалі выдаваць падкрэслена рэалістычнае разуменне месца Расіі ў сучасным свеце. Так і хочацца сказаць, што гэта не добра і не дрэнна. Але цяпер нават праўда чамусьці ўспрымаецца як навіна. Такія часы», — гаварылася ў матэрыяле.

Былі і замежныя эксперты з падобным меркаваннем — напрыклад, экс-кіраўнік МЗС Даніі Уфе Элеман-Енсэн, які ў пачатку мінулага года заявіў, што ў РФ «атрымалася вярнуць сабе статус ваеннай звышдзяржавы» (цікава, што ён выкарыстаў той самы тэрмін, што і Абама за некалькі гадоў да гэтага).

Дык хто ж мае рацыю і які рэальны статус Расіі ў сучасным свеце?

Як зразумець, хто звышдзяржава, а хто не?

Як мы ўжо казалі вышэй, «звышдзяржава» — не навуковы тэрмін, а публіцыстычны выраз, што дапускае суб’ектыўнасць у ацэнках. Хтосьці лічыць ключавым фактарам для статусу сусветнага гегемона ваенную моц, іншыя адзначаюць ролю эканомікі або кантролю над рэсурсамі. У гэтым маюць свае карані такія азначэнні, як «ваенная звышдзяржава» (так, у прыватнасці, РФ называлі Барак Абама і Элеманн-Енсэн) або «энергетычная звышдзяржава» (такі тэрмін згадваецца ў шэрагу навуковых і публіцыстычных прац, у якіх падкрэсліваецца даміноўная роля Расіі ў кантролі над прыроднымі рэсурсамі).

Аднак ні адзін з гэтых фактараў не можа быць вычарпальным. Да прыкладу, калі узяць за аснову толькі эканоміку, ключавы паказчык якой — аб’ём ВУП, то да ліку звышдзяржаў акрамя ЗША давядзецца адносіць Кітай: яго валавы ўнутраны прадукт толькі крыху саступае амерыканскаму. Прэтэндэнтам на статус звышдзяржавы была б і Японія, якая займае па гэтым паказчыку трэцяе месца ў свеце. А вось для Расіі гаворкі ні пра які статус звышдзяржавы нават бы не ішло — краіна займае толькі 11-е месца па аб’ёме эканомікі, саступаючы, напрыклад, Паўднёвай Карэі і Італіі.

Іншы фактар, які можна было б выкарыстоўваць, — ваенны. Ацаніць яго трохі складаней, чым ВУП, але ўсё ж магчыма: існуе, да прыкладу, рэйтынг Global Firepower, які ўлічвае мноства фактараў для ацэнкі ваеннага патэнцыялу краіны. Расія ў ім займае другое месца пасля ЗША, толькі трохі саступаючы ім па набраных балах. Побач і Кітай, чый статус прэтэндэнта на тое, каб стаць звышдзяржавай, здаецца, ужо не аспрэчваецца. Аднак практыка паказвае, што такія індэксы вельмі ўмоўныя. Расія адчувала велізарныя праблемы падчас першай вайны з невялікай Чачнёй (і фактычна яе прайграла), а цяпер загразла ў маштабнай кампаніі ва Украіне, якая ў тым жа рэйтынгу ваеннай моцы займае толькі 22-е месца.

Ядзерная зброя таксама не занадта пасуе, каб зразумець, каго лічыць звышдзяржавай, а каго не. Сапраўды, у гэтай сферы ў свеце ёсць два гегемоны — ЗША і Расія, якія валодаюць велізарнымі запасамі снарадаў такога тыпу. Але рэальны стан гэтага арсенала з прычыны яго закрытасці ацаніць складана. Калі ж лічыць прыкметай звышдзяржавы сам факт наяўнасці такой зброі, то да ліку сусветных гегемонаў трэба залічыць не толькі ЗША і Расію, але і Вялікабрытанію, Францыю, Індыю, Пакістан, Ізраіль (той, праўда, адмаўляе наяўнасць ядзернай зброі) і нават КНДР. А яшчэ акажацца, што ў пачатку 1990-х звышдзяржавай можна было лічыць Беларусь, якой ядзерныя боегалоўкі дасталіся ў спадчыну ад СССР.

Лагічным рашэннем можа быць сумяшчэнне адразу некалькіх фактараў. Менавіта такі падыход у 1997-м прапаноўваў былы дарадца прэзідэнта ЗША, адзін з галоўных ідэолагаў замежнай палітыкі Штатаў Збігнеў Бжэзінскі ў сваёй найвядомейшай кнізе «Вялікая шахматная дошка: панаванне Амерыкі і яе геастратэгічныя імператывы». Ён вылучаў чатыры ключавыя параметры.

«Амерыка займае даміноўныя пазіцыі ў чатырох сферах сусветнай улады, якія маюць вырашальнае значэнне: у ваеннай сферы яна валодае глабальнымі магчымасцямі разгортвання, якія не маюць сабе роўных; у сферы эканомікі застаецца асноўнай рухальнай сілай сусветнага развіцця, нават нягледзячы на канкурэнцыю ў асобных сферах з боку Японіі і Германіі (ні адной з гэтых краін не ўласцівыя іншыя адметныя рысы сусветнай магутнасці); у тэхналагічным плане яна захоўвае абсалютнае лідарства ў перадавых галінах навукі і тэхнікі; у сферы культуры, нягледзячы на яе пэўную прымітыўнасць, Амерыка карыстаецца прыцягальнасцю, што не мае сабе роўных, асабліва сярод моладзі ўсяго свету, — усё гэта забяспечвае Злучаным Штатам палітычны ўплыў, блізкага да якога не мае ні адна дзяржава свету. Менавіта спалучэнне ўсіх гэтых чатырох фактараў робіць Амэрыку адзінай сусветнай звышдзяржавай у поўным сэнсе гэтага слова», — лічыў Бжэзінскі.

Аллея флагов на пути к зданию учреждений ООН в Женеве. Фото: пресс-служба ООН
Алея сцягоў на дарозе да будынка ўстаноў ААН у Жэневе. Фота: прэс-служба ААН

Дык што ж з сучаснай Расіяй?

Паспрабуем разабрацца, абапіраючыся якраз на крытэрыі Бжэзінскага.

Ваенны фактар мы ўжо згадвалі: зыходзячы з ацэнак экспертаў, Расія цалкам можа лічыцца звышдзяржавай дзякуючы яе ваеннай моцы «на паперы». На практыцы ж УС РФ маюць сур’ёзныя цяжкасці на вайне ва Украіне. З іншага боку, нельга не прызнаць і тое, што ў поспехах УСУ сур’ёзную ролю граюць пастаўкі заходняй зброі і эканамічная падтрымка з боку ЗША і ЕС.

Аднак галоўны паказчык тут зусім іншы: у сваёй кнізе Бжэзінскі гаворыць не пра ваенную сілу як такую, а пра магчымасць хуткага разгортвання ўзброеных сіл і іх выкарыстання ў розных частках свету. «[ЗША] не толькі кантралююць усе сусветныя акіяны і моры, але і стварылі пераканаўчыя ваенныя магчымасці для берагавога кантролю сіламі марскога дэсанту, што дазваляе ім ажыццяўляць сваю ўладу на сушы з вялікімі палітычнымі наступствамі. Іх ваенныя легіёны надзейна замацаваліся на заходніх і ўсходніх ускраінах Еўразіі. Акрамя таго, яны кантралююць Персідскі заліў», — піша ён, маючы на ўвазе блок NATO ў Еўропе, а таксама амерыканскі кантынгент у ЗША і на Аравійскім паўвостраве.

Праз некалькі гадоў пасля публікацыі «Вялікай шахматнай дошкі» Штаты ўварваліся ў Ірак і Афганістан, правёўшы шэраг маштабных і маланкавых ваенных аперацый на іншым канцы зямнога шара. Нягледзячы на негатыўныя палітычныя і сацыяльныя наступствы абедзвюх кампаній, гэта прадэманстравала, што ў Вашынгтона ёсць як палітычная воля, так і рэсурсы для такіх дзеянняў.

Фото: Reuters
Марскі пехацінец з 24-га экспедыцыйнага падраздзялення марской пяхоты ЗША пад агнём талібаў у правінцыі Гільменд у Афганістане, 18 траўня 2008 года. Фота: Reuters

Расія таксама часта задзейнічае свае Узброеныя сілы. Аднак пасля распаду СССР амаль усе дзеянні расійскай арміі сканцэнтраваныя ля яе межаў або нават унутры самой краіны. Малдова, Чачня, Грузія, Украіна — усе гэтыя тэрыторыі калісьці ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі ці СССР, і далей за гэтыя тэрыторыі ваенныя інтарэсы РФ пакуль не выходзілі. Адзінае выключэнне — аперацыя ў Сірыі, якая цягнецца з 2015 года. Таксама вядома пра ўдзел вайскоўцаў у шэрагу канфліктаў у краінах Афрыкі — аднак не на ўзроўні афіцыйнай арміі, а з дапамогай ПВК. У любым выпадку, ні дзеянні Крамля ў Сірыі, ні тым больш у Афрыцы, не могуць параўнацца з маштабам аперацый ЗША за мяжой.

Расіі таксама не ўдалося стварыць маштабны ваенны саюз на ўзор NATO. Патэнцыял АДКБ, у якую акрамя РФ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан, непараўнальны з моцай Паўночнаатлантычнага альянсу. А нядаўнія падзеі ў Нагорным Карабаху і наступная адмова АДКБ дапамагаць аднаму са сваіх чальцоў наогул паставілі сэнс існавання гэтай арганізацыі пад вялікі сумнеў.

Аднак фактар ядзернай зброі адкідаць усё ж не варта — Расія валодае дастатковай колькасцю ядзерных боегаловак і — галоўнае — сродкаў іх дастаўкі, каб нанесці непрымальную шкоду любому саперніку ў любым месцы зямнога шара. Гаворка ў першую чаргу пра падводныя лодкі з ракетамі «Булава».

Падводзячы пад гэтым пунктам рысу, скажам, што тут складана не пагадзіцца з Баракам Абамам, які назваў Расію «ваеннай звышдзяржавай» — менавіта па гэтым параметры РФ найбліжэйшая да свайго асноўнага канкурэнта, хоць і саступае яму.

У пытанні эканомікі адказ відавочны: Расія далёкая ад статусу звышдзяржавы. Доля краіны ў сусветнай эканоміцы — менш за 2% (у ЗША — больш за 20%).

Аднак галоўная праблема нават не ў цяперашнім стане эканомікі РФ, а ў яе перспектывах. З моманту анексіі Крыма валавы нацыянальны даход у краіне расце на лічаныя працэнты ў год, а часам нават падае адносна папярэдняга перыяду. Прычына стагнацыі — у структуры самой эканомікі, значная частка даходаў якой забяспечваецца за кошт продажу вуглевадародаў. У 2000-я, калі эканамічны рост вагаўся ў межах 4−11% у год, Масква не здолела (ці не захацела) інвеставаць лішкі заробленых грошай у развіццё іншых сектараў эканомікі, якія маглі б забяспечыць яе будучыню. Цяпер жа, ва ўмовах санкцый, сыходу найбуйнейшых сусветных гульцоў з рынку, хранічнага недафінансавання сацыяльных праграм і састарэлай інфраструктуры, а таксама на фоне эміграцыі значнай часткі эканамічна актыўнага насельніцтва, магчымасці структурна змяніць эканоміку РФ выглядаюць, мякка кажучы, туманна.

У сферы тэхналогій адставанне РФ ад ЗША і заходніх краін таксама не падвяргаецца сумневам. Асабліва ярка сітуацыя праяўляецца ў высокатэхналагічных сферах, такіх як мікраэлектроніка. Гэта разумеюць і ў самой Расіі: так, нядаўна выданне «Коммерсантъ» здолела атрымаць доступ да праекта «Асноў дзяржаўнай палітыкі РФ у галіне развіцця электроннай прамысловасці на перыяд да 2030 года і далейшую перспектыву». У гэтым дакуменце расійскага Мінпрамгандлю сцвярджаецца, што ў сферы мікраэлектронікі краіна ўжо адстае на 10−15 гадоў ад сусветнага ўзроўню. Акрамя таго, выпуск уласнай прадукцыі таксама крытычна залежыць ад замежных тэхналогій. Так што па гэтым параметры Расія на звышдзяржаву таксама не цягне.

Застаецца культура — і тут уплыў Расіі таксама непараўнальны з заходнім. Уплыў асобнай культуры на сусветную — вядома, вельмі суб’ектыўны паказчык, аднак паспрабаваць памераць яго можна. Так, расійская газета «Культура» ў 2020 годзе прапанавала свой рэйтынг уплывовасці, заснаваны на шэрагу самых розных параметраў: колькасці знятых фільмаў, колькасці выдадзеных кніг, папулярнасці краін сярод турыстаў, колькасці культурных аб’ектаў са спісу Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, папулярнасці нацыянальнай кухні, аб’ёмах продажаў музыкі, колькасці вядомых спартоўцаў, прэстыжнасці адукацыі і іншым. У выніку Расія заняла ў ім толькі 9-е месца, саступіўшы, напрыклад, Іспаніі, Італіі і Францыі. Лідарства, відавочна, дасталася ЗША.

Аднак і без такіх рэйтынгаў зразумела, што ўплыў сучаснай расійскай культуры на сусветную невялікі: галівудскае кіно, амерыканская музыка і заходняя літаратура пераважаюць па ўсім свеце. Гістарычная значнасць расійскай культуры бясспрэчная, але сучасная па-сапраўднаму запатрабаваная толькі ў самой Расіі і ў краінах былога СССР.

Выходзіць, з чатырох ключавых параметраў, вылучаных Бжэзінскім, сучасная Расія адпавядае толькі аднаму (дый тое толькі дзякуючы ядзернай зброі). Па астатніх пунктах наша ўсходняя суседка адстае не толькі ад лідара — ЗША, але і ад шэрагу іншых краін. Адзначым таксама, што страта Расіяй статусу звышдзяржавы — не падзея апошніх месяцаў або гадоў. Значнасць гэтай краіны знізілася адразу пасля распаду СССР. Прычына — Савецкі Саюз, па сутнасці, быў абавязаны праводзіць палітыку гегемона, бо гэтая краіна была правадніком сацыялістычнай ідэалогіі па ўсім свеце. РФ жа не прэтэндуе на нейкі асаблівы статус сярод іншых капіталістычных краін.

Адкуль жа бяруцца сцверджанні, што Расія — усё ж звышдзяржава ці як мінімум мусіць імкнуцца да такога статусу? «Выходзіць, што статусам звышдзяржавы мы цешыліся з 1945 па 1990 гг., то-бок роўна 45 гадоў. 45 гадоў з 1100 гадоў расійскай гісторыі, калі весці адлік ад паўміфічнага факта прыбівання Алегам шчыта да брамы Царграда. Гэта значыць, што ніякай шматвяковай традыцыі звышдзяржаўнасці няма. Ёсць звычка і ёсць памяць двух пасляваенных пакаленняў, якія перадалі яе сваім дзецям, унукам, а цяпер і праўнукам», — тлумачыў згаданы вышэй Мікалай Спаскі. То-бок, на ягоную думку, «звышдзяржаўная» рыторыка — толькі фантомныя болі, якія засталіся ў насельніцтва Расіі з часоў СССР.

Дык што ж, атрымліваецца, РФ — абсалютна пасрэдная краіна? Такая ж, як, напрыклад, Беларусь? Гэта таксама няправільна. Акрамя публіцыстычнага тэрміна «звышдзяржава» існуе і напаўафіцыйны «вялікая дзяржава»: лічыцца, што да іх адносяцца ўсе чальцы Савета бяспекі ААН (у тым ліку Расія), а таксама шэраг эканамічна магутных дзяржаў, такіх як Японія, Германія, Індыя і Бразілія.

Фото: un.org
Савет бяспекі ААН. Фота: un.org

І ўжо дакладна Расія адпавядае ролі рэгіянальнай дзяржавы — то-бок такой, якая аказвае вырашальны ўплыў на жыццё асобнага рэгіёна. У дадзеным выпадку гаворка пра ўплыў Крамля на краіны былога СССР, а таксама Усходняй Еўропы. Тут можна згадась усе тыя ж крытэры Бжэзінскага. Магчыма, армія Расіі не можа цягацца з амерыканскай — затое ў Еўропе канкурэнтаў у яе дакладна няма. Эканоміка Расіі не такая значная для свету, але для Еўропы гэта ключавы партнёр і пастаўшчык энергарэсурсаў. Калі выкрасліць са спісу краін па ВУП дзяржавы з іншых рэгіёнаў, то РФ падымецца ўжо на пятае месца, саступаючы лідару — Германіі — па аб’ёме эканомікі ўсяго ў 2,5 разы. Расійская культура мае слабы ўплыў на сусветную — затое застаецца вельмі папулярнай у краінах былога СССР. Усё гэта робіць РФ вельмі важнай краінай, але ўжо не для свету, а для яе рэгіёна.