Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Лідзе з пачатку 2022 года арыштоўваюць грузавікі з прычэпамі бел-чырвона-белай расфарбоўкі і затрымліваюць іх кіроўцаў, а пасля прымушаюць перафарбоўваць машыну або дамалёўваць зялёную палоску. Шматгадовая барацьба з колерамі нацыянальнага сцяга ў Беларусі, якая набыла трагікамічныя маштабы пасля 2020-га, — далёка не першы выпадак дзіўных забаронаў у сусветнай гісторыі. Успомнілі, што і ў якіх абставінах забаранялі ў аўтарытарных і таталітарных краінах, а таксама колькі часу пратрымаліся такія абмежаванні (спойлер: часцей за ўсё — нядоўга).

СССР: шлюб з замежнікамі — пад забаронай

У 1945-м Савецкі Саюз стаў адным з пераможцаў у Другой сусветнай вайне. Але доўгачаканы мір не прывёў да паслаблення таталітарнага сталінскага рэжыму. Наадварот, неўзабаве пачалося паўсюднае ўзмацненне жорсткасці правілаў і закручванне гаек. Рэпрэсіі выйшлі на новы віток. Усе гэтыя падзеі адбываліся ва ўмовах распачатай халоднай вайны з Захадам, якая вось-вось магла перарасці ў гарачую. Ва ўмовах «крэпасці ў аблозе» любыя сувязі з замежнікамі ўспрымаліся уладай як здрада. Таму савецкі дыктатар Іосіф Сталін вырашыў паквапіцца на святое — на шлюб.

Яшчэ да вайны да адносінаў прадстаўнікоў савецкай эліты з замежнікамі і замежніцамі ставіліся досыць лаяльна. Напрыклад, наркамам (міністрам) замежных справаў СССР у 1930−1939 гадах быў Максім Літвінаў. Яго жонкай стала англійская пісьменьніца і публіцыстка Айві Лоу. Кампазітар Сяргей Пракоф’еў вярнуўся ў 1936-м з эміграцыі ў Маскву з жонкай-іспанкай Каралінай Кадзінай, а паэт Сяргей Ясенін быў непрацяглы час жанаты з амерыканскай танцоркай Айседорай Дункан.

Але пасля вайны ўсё змянілася. 15 лютага 1947 года выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета «Пра забарону шлюбаў паміж грамадзянамі СССР i іншаземцамі». Яго тэкст быў максімальна лаканічны: «1. Забараніць шлюбы паміж грамадзянамі СССР i іншаземцамі. 2. Даручыць Прэзідыумам Вярхоўных Саветаў саюзных рэспублік прывесці заканадаўства рэспублік у адпаведнасць з гэтым Указам».

На словах закон уводзіўся, каб абараніць савецкіх жанчын. У шматлікіх артыкулах на гэтую тэму прыводзіцца наступная цытата, нібыта прадстаўленая ў законе: «Жанчыны, якія выйшлі замуж за замежнікаў і якія апынуліся за мяжой, у нязвыклых умовах адчуваюць сябе дрэнна і падвяргаюцца дыскрымінацыі». У самім дакуменце яе няма. Можна дапусціць, што яна змяшчалася ў якім-небудзь праграмным дакуменце таго часу, апублікаваным у прэсе (напрыклад, у газеце «Правда»).

Иосиф Сталин. Фото: German Federal Archive
Іосіф Сталін. Фота: German Federal Archive

Важна, што ўказ не толькі забараняў шлюбы з замежнікамі, але і ануляваў усе раней заключаныя шлюбы. Фармальна парушальнікаў чакала пазбаўленне волі на тэрмін ад шасці месяцаў. Але на практыцы іх асуджалі па знакамітым 58-м артыкуле (контррэвалюцыйная дзейнасць), у якім ішла гаворка пра антысавецкую прапаганду, шпіянаж, здраду Радзіме і гэтак далей. Прычым адмова ад савецкага грамадзянства сітуацыю не ратавала. Гэта таксама трактавалася ўладамі як здрада Радзіме.

Ахвярамі прымянення ўказа на практыцы сталі тысячы людзей — ад абывацеляў да знакамітасцяў. Па этапе пайшлі дзве зоркі савецкага кіно. Гэта акторка Зоя Фёдарава, якая завязала адносіны з амерыканскім дыпламатам Джэксанам Тэйтам, а таксама акторка Таццяна Акунеўская, якая так і не выдала свайго абранніка. Тыповую гісторыю, якая расказвае пра жыццё звычайных людзей, перавернутае сталінскім указам, прадставіў у п’есе «Варшаўская мелодыя» драматург Леанід Зорын — спектаклі паводле яе ішлі ва ўсім Савецкім Саюзе (у тым ліку ў Беларусі).

На шчасце, дакумент дзейнічаў нядоўга. У сакавіку 1953-га памёр Іосіф Сталін. Праз восем месяцаў указ адмянілі.

Зрэшты, цкаванне грамадзян, якія адважыліся заключыць шлюб з замежнікамі, цалкам не спынілася. Іх часта выганялі з працы і перашкаджалі працаўладкаванню. Толькі ў 1969-м новы Кодэкс аб шлюбе і сям'і ўзаконіў такія адносіны ў СССР. Хоць нават тады патрабавалася сабраць вялізную колькасць дакументаў, вытрымаць ціск або, як мінімум, размову з супрацоўнікамі КДБ. Заключыць такі шлюб можна было толькі ў буйных гарадах і толькі ў пэўных ЗАГСах.

Поўная свабода ў выбары мужа ці жонкі наступіла толькі пасля развалу СССР.

Камбоджа: без гарадоў і прыватнай уласнасці

Руководитель Камбоджи Пол Пот и президент Румынии Николае Чаушеску. 1978 год. Фото: wikipedia.org
Кіраўнік Камбоджы Пол Пот і прэзідэнт Румыніі Нікалае Чаўшэску, 1978 год. Фота: wikipedia.org

У 1975-м да ўлады ў азіяцкай Камбоджы прыйшлі «чырвоныя кхмеры». Наогул кхмеры — гэта нацыянальнасць, якая рэпрэзентуе асноўную частку насельніцтва гэтай краіны. Але ў дадзеным кантэксце гаворка ідзе пра аграрную плынь сярод мясцовых камуністаў (кхмеры сярод іх пераважалі). Лідарам партыі быў Пол Пот (гэта псеўданім, сапраўднае імя палітыка — Салот Сар), які праславіўся сваімі забаронамі. Дыктатар (фармальна краінай кіраваў іншы чалавек, але менавіта ў руках Пол Пота была сканцэнтраваная ўся рэальная ўлада) вырашыў адмовіцца ад дасягненняў капіталістычнага грамадства, прычым неадкладна. Адразу пасля прыходу да ўлады ён скасаваў грошы і прыватную ўласнасць, а таксама закрыў Нацыянальны банк.

Гарады галоўны «чырвоны кхмер» лічыў «носьбітамі тлятворнай заразы», а таму яны мусілі быць знішчаныя. Пол Пот вырашыў дзейнічаць неадкладна. Пасля таго як паўстанцы занялі Пномпень, сталіцу Камбоджы, у горадзе абвясцілі ўсеагульную эвакуацыю: нібыта населены пункт збіраліся бамбіць амерыканцы. Многія людзі загінулі ў мітусні, бо да маштабнага перасялення ніхто не рыхтаваўся. Іншыя — бо выказвалі незадаволенасць або перасяляліся недастаткова хутка.

Але асноўныя пакуты жыхароў яшчэ былі наперадзе. Многія людзі загінулі падчас маршаў у глыб краіны. Ацалелых пасялілі ў бараках і аб’ядналі ў сельскагаспадарчыя камуны — своеасаблівыя канцэнтрацыйныя лагеры. Там для жыхароў Камбоджы знаходзіўся толькі адзін занятак — вырошчванне рысу. Атрымліваецца, што астатнія заняткі таксама аказаліся пад забаронай.

Сярод загінулых у той час аказаўся нават старэйшы брат дыктатара Салот Чхай, вядомы палітычны актывіст і журналіст. У выніку ў распараджэнні Пол Пота фактычна аказаўся цэлы горад: ён мог жыць у любым яго будынку. З 3 мільёнаў насельніцтва Пномпеня ў сталіцы засталося каля 20 тысяч чалавек.

Адукацыя таксама аказалася пад забаронай: пісьменныя людзі такому рэжыму былі не патрэбныя. Таму настаўнікам, дактарам, манахам і іншым даводзілася прыкідвацца непісьменнымі сялянамі. Гэта дазваляла пазбегнуць рэпрэсій.

Рэжым чырвоных кхмераў зрынулі ў 1979-м. Новая ўлада імгненна адмяніла ўсе забароны. У краіне пачалі аднаўляць эканоміку і адукацыю. Але Пол Пот паспеў увайсці ў гісторыю як адзін з самых крывавых дыктатараў. За чатыры гады ўлады яго рэжым знішчыў больш за два мільёны чалавек.

Туркменістан: замест аднаго культу — іншы, але з цыркам

Фото: Reuters
Сапармурат Ніязаў (злева). Фота: Reuters

Сапармурат Ніязаў кіраваў Туркменістанам больш за дваццаць гадоў (1985−2006). Спачатку — як першы сакратар мясцовай Кампартыі ў часы СССР, затым — як прэзідэнт незалежнай краіны. Ён пачынаў як сціплы чыноўнік. Але калі сканцэнтраваў у руках абсалютную ўладу, культ яго асобы дасягнуў нечуваных маштабаў. У гонар Туркменбашы (тытул Ніязава, у перакладзе з мясцовай мовы — «кіраўнік туркменаў») назвалі горад, пасёлкі, заліў, аэрапорт.

Кіраванне Ніязава характарызавалася шматлікімі забаронамі і адменамі.

У 2006-м Туркменбашы адмяніў выплату пенсій інвалідам, былым калгаснікам і некаторым іншым катэгорыям грамадзян. Права на дзяржаўную дапамогу па старасці засталося толькі ў жанчын з працоўным стажам не менш за 20 гадоў і мужчын са стажам не менш за 25 гадоў. Пры гэтым з гэтага стажу вылічваліся адпачынкі і выходныя дні, што рабіла атрыманне пенсій практычна немагчымым.

У тым жа 2006-м Ніязаў загадаў закрыць усе бібліятэкі. З тых часоў кнігі можна было атрымліваць толькі ў школах. Адзінае выключэнне складалі Каран і «Рухнама». Апошняя ўяўляла сабой філасофскія разважанні і павучанні, а таксама легенды і гістарычныя экскурсы, нібыта напісаныя самім Ніязавым. На думку аўтара, «Рухнама» мусіла замяніць туркменам усе астатнія кнігі. Асобнік выдання павінен быў мець кожны грамадзянін Туркменістана. Яе вывучалі як асобны прадмет у школах і ВНУ рэспублікі. Веданне зместу «Рухнамы» трэба было пацвярджаць падчас прафесійнай атэстацыі ва ўсіх установах і арганізацыях. Па ёй праводзіліся калектыўныя чытанні, ладзіліся экзамены на веданне матэрыялу. Прэзідэнт лічыў, што ў астатніх кнігах няма «ніякай неабходнасці».

Таксама Туркменбашы закрыў Акадэмію навук, цырк і тэатр оперы і балета. Была ўведзеная забарона на залатыя зубныя каронкі. А яшчэ на сэкс для задавальнення. «Кожны праўдзівы туркмен павінен атаясамліваць сябе з краінай, яе культурай і побытам. Коітус заўсёды быў і застаецца для сапраўднага грамадзяніна справай дзетаробнай, выключна дзяржаўнай. Асабістае задавальненне не распаўсюджваецца на прагрэсіўную культуру туркменскага народа», — заяўляў Ніязаў.

Акрамя таго, ён абвясціў незаконнымі ўсе інфекцыйныя захворванні, уключаючы халеру і СНІД, і забараніў любую згадку пра іх. Таксама ўсім жыхарам было забаронена карыстацца касметыкай, але асабліва строга гэтае правіла датычыла тэлевядоўцаў. Туркменкам забаранілі фарбаваць валасы, хоць сам Ніязаў з 2002 года пастаянна фарбаваўся ў чорны колер. Маладым мужчынам ён забараніў насіць доўгія валасы, бараду і вусы.

Зрэшты, за Сталіным Ніязаў усё ж не пайшоў. Замежнікі маглі жаніцца з туркменскімі дзяўчатамі. Але для гэтага патрабавалася заплаціць дзяржаве 50 тысяч даляраў.

У тым жа 2006-м Ніязаў памёр. Яго пераемнікам стаў Гурбангулы Бердымухамедаў, які да таго быў віцэ-прэм'ерам (урад узначальваў сам Туркменбашы). Новы кіраўнік краіны неўзабаве пачаў касметычныя рэформы і адмяніў дзіўныя забароны свайго папярэдніка. У краіне зноў пачалі выдаваць пенсіі, запрацавалі бібліятэкі (праўда, толькі ў 2010-м), цырк, Акадэмія навук, тэатр оперы і балета (толькі ў 2019-м).

Але ў Бердымухамедава з’явіліся свае дзівацтвы. У 2020-м у краіне, паводле інфармацыі мясцовых СМІ і праваабаронцаў, пачалі забараняць аўто цёмнага колеру. Ніякай афіцыйнай пастановы не з’явілася. Аказалася, дастаткова было чуткі, што гэтага захацеў кіраўнік краіны. У выніку замест культу Ніязава з’явіўся культ Бердымухамедава. За другім прэзідэніам, а таксама за яго сынам Сердарам, які заняў кіраўнічую пасаду ў 2022-м, Туркменістан застаецца аўтарытарнай краінай.

КНДР: без сусветнага інтэрнэту і сувязі з іншымі краінамі

Слева направо: Ким Ир Сен (1948–1994) и Ким Чен Ир (1994-2011). Фото: wikipedia.org
Злева направа: Кім Ір Сэн (кіраўнік КНДР у 1948−1994) і Кім Чэн Ір (1994−2011). Фота: wikipedia.org

Цягам сваёй тысячагадовай гісторыі Карэя заставалася адной краінай. Падчас Другой сусветнай вайны яе акупавала Японія. Пасля яе паразы краіны-пераможцы вырашылі падзяліць паўвостраў на дзве зоны ваеннай адказнасці па 38-й паралелі паўночнай шыраты. У паўднёвай, амерыканскай, зоне, пазней паўстала Паўднёвая Карэя, у паўночнай, савецкай, — Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР, або Паўночная Карэя).

Лідарам апошняй стаў Кім Ір Сэн. Пэўны час ён лавіраваў паміж СССР і Кітаем (найбуйнейшымі сацыялістычнымі краінамі, якія ў 1950-я пачалі варагаваць паміж сабой), а затым вырашыў пайсці ўласным шляхам. Ён пачаў прапагандаваць уласную карэйскую ідэалогію — чучхе — як альтэрнатыву марксізму, а таксама высунуў у якасці свайго пераемніка сына Кім Чэн Іра. Праціўнікі такога транзіту былі рэпрэсаваныя, і спадчыннік узначаліў краіну ў 1994-м пасля смерці бацькі. Затым «трон» дастаўся ўнуку першага правадыра, Кім Чэн Ыну, які кіруе з 2011-га. Пры ўладзе дынастыі Кімаў КНДР ператварылася ў таталітарную дзяржаву з адным з найбольш жорсткіх і бязлітасных рэжымаў у свеце.

Як адзначалі даследчыкі, для паўночнакарэйскай мадэлі характэрныя ў тым ліку «культ асобы правадыра, што плаўна перацякае ў яго абагаўленне; <…>; бяспрыкладны рэпрэсіўны апарат і ўсялякі ўціск свабоды асобы; <…>; накіраваная на абалваньванне сістэма прапаганды і жорсткі інфармацыйны кантроль; <…>; нармаванае размеркаванне выгодаў, тавараў і паслуг; адсутнасць якога-кольвек плюралізму».

Адсюль вынікае вялікая колькасць забаронаў. Напрыклад, у краіне нельга насіць ірваныя джынсы, а таксама мадэль скіні (вузкія джынсы), бо яны «сімвалізуюць капіталістычны лад жыцця». «Гісторыя вучыць нас важнаму ўроку, што краіна можа стаць уразлівай і ў выніку абрынуцца, як сырая сцяна, незалежна ад яе эканамічнай і абароннай моцы, калі мы не будзем прытрымлівацца нашага ўласнага ладу жыцця», — адзначала мясцовае выданне. Сярод іншых забаронаў — пірсінг, а таксама некаторыя прычоскі.

Як адзначаў гісторык Андрэй Ланькоў, «КНДР — краіна абсалютнай, усеахопнай сакрэтнасці, СССР сталінскага перыяду ў параўнанні з ёй — ледзь не адкрытае грамадства». Напрыклад, герою кнігі Барбары Дэмік «Штодзённае жыццё ў Паўночнай Карэі» трапілася брашура па палавым выхаванні, выпушчаная кітайскім Міністэрствам адукацыі. Вось як аўтарка апісвала яго эмоцыі: «Яшчэ адно адкрыцьцё! Чон Сан зразумеў, што ён і яго нежанатыя сябры, якім ужо споўнілася па дваццаць гадоў, ведаюць пра сэкс менш, чым сярэднестатыстычны кітайскі школьнік! Аказваецца, у жанчын існуе менструальны цыкл!»

Таму забаронам у КНДР можна прысвяціць асобны тэкст. Зрэшты, з Савецкім Саюзам Паўночную Карэю радніць адсутнасць магчымасці выезду з краіны — ён закрыты. Пад забаронай і звыклыя спосабы атрымання інфармацыі, на чым мы спынімся падрабязней. Як пісала Барбара Дэмік, у краіне не вырабляюцца ўласныя тэлевізары. Усе прыборы, прывезеныя з-за мяжы, рэгіструюцца ў кантралявальнай арганізацыі, пасля чаго наладжваюцца на дзяржаўныя каналы. Затым сістэма наладкі блакуецца, каб людзі не маглі атрымліваць інфармацыю з іншых краін. Аналагічная сітуацыя — з радыёпрыёмнікамі.

Фото: Reuters
Кім Чэн Ын. Фото: Reuters

Жыхары Паўночнай Карэі маюць камп’ютары (яны ёсць прыкладна ў 20% сем’яў) і мабільныя тэлефоны (каля 5−6 млн пры агульнай колькасці насельніцтва ў 25 млн). Але адзінкі (у першую чаргу прадстаўнікі эліты і спецслужбаў) маюць доступ у звыклы для нас інтэрнэт. Астатнія жыхары карыстаюцца сеткай «Кванмён» — яна працуе на тых жа тэхналогіях, але фізічна не злучаная з «сусветнай павуцінай». Пры гэтым супрацоўнікі спецслужбаў у арганізаваным парадку капіююць кантэнт са звычайнага інтэрнэту ў «Кванмён» — зразумела, пасля яго праверкі на ідэалагічную правільнасць.

Усе камп’ютары ў КНДР мусяць быць зарэгістраваныя. Спецслужбы рэгулярна ажыццяўляюць спецыяльныя рэйды ў дамы ўладальнікаў. У тым ліку яны правяраюць, каб на камп’ютарах стаяла дзяржаўная аперацыйная сістэма «Чырвоная зорка».

Як піша Андрэй Ланькоў, яе асаблівасць у тым, што адкрыць файл можна толькі ў двух выпадках: калі ён быў створаны на гэтым жа камп’ютары або калі гэты файл мае афіцыйны цэнзурны дазвол ад уладаў. Таму абменьвацца інфармацыяй з іншымі людзьмі з дапамогай флэшак і іншых прыладаў немагчыма.

Акрамя таго, паўночнакарэйская аперацыйная сістэма рэгулярна робіць скрыншоты, якія захоўваюцца потым у памяці камп’ютара. Выдаліць іх карыстальнік не можа. Таму падчас любой праверкі можна даведацца, што глядзеў ці рабіў з дапамогай ПК той ці іншы чалавек.

Што да мабільных тэлефонаў, то па іх нельга званіць за мяжу, а таксама адпраўляць файлы (выключэнні — выпадкі, прыведзеныя вышэй адносна камп’ютараў). Кіраўнічая вярхушка выдатна разумее: пасля атрымання свабоднай інфармацыі паўночнакарэйскі свет можа абрынуцца, а таму паслабленняў у гэтым пытанні чакаць не варта.