Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Ермаловіч атрымаў пасаду ў Еўразійскай эканамічнай камісіі — міністра па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні. Пра гэта паведамляецца на сайце ЕЭК.
На паседжанні Найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое прайшло 25 снежня ў Санкт-Пецярбургу, кіраўнікі дзяржаваў Еўразійскага эканамічнага саюза зацвердзілі новы склад калегіі ЕЭК. Ён прыступіць да працы з 1 лютага 2024 года.
Максім Ермаловіч заняў пазіцыю намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта летам 2022 года пасля таго, як Дзмітрыя Крутога прызначылі паслом нашай краіны ў Расіі.
Максім Ермаловіч — адзін з самых вядомых у Беларусі фінансістаў. За шматгадовую службу ў Міністэрстве фінансаў ён запомніўся як прыхільнік рынкавых рэформаў.
Старшынёй калегіі ЕЭК з 1 студзеня 2024 года стане прадстаўнік Казахстана Бакытжан Сагінтаеў. Менавіта да гэтай краіны ў 2024 годзе пяройдзе старшынства ў ЕЭК. Цяпер «галоўная» ў гэтай арганізацыі — Беларусь. Узначальвае калегію ЕЭК цяпер Міхаіл Мясніковіч. Ці знайшлі яму іншае месца працы, пакуль не паведамляецца. Мясніковічу 73 гады, ён найбліжэйшы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі.