«Беларуськалій» раз за разам вяртаецца ў суд з пазовамі да контрагентаў адносна якасці пастаўкі тавараў і паслуг. Аднак часта суд устае на бок адказчыкаў, а не калійнага гіганта. Вытворца ўгнаенняў таксама патрабуе праз суды мільёны рублёў ад іншых фірмаў.
«Няякасныя» паслугі і тавары
У лютым — красавіку пройдзе дзесяць паседжанняў з ініцыятывы «Беларуськалія» да контрагентаў па пазовах, якія датычаць невыканання або неналежнага выканання абавязанняў па дамовах. Гэта вынікае з раскладу на сайце Вярхоўнага суда. Сярод адказчыкаў — расійскія «Агрегатный завод» і «Аконит», а таксама беларускія «Желдорпоставка», «Завод горного машиностроения», «Стройтрест № 3».
У лютым прайшло паседжанне па аналагічным пазове калійнага гіганта супраць фірмы «КИТ подъем». У чым менавіта была прэтэнзія, не раскрываецца, аднак суд адмовіўся задаволіць пазоў. Тое ж датычыць пазову, разгледжанага ў студзені супраць «Желдорпоставки» (калійная кампанія будзе абскарджваць рашэнне).
Гэтым жа ў канцы мінулага года заканчваліся пазовы супраць «Кранового завода» и «Хандара». Ва ўсіх выпадках з адказчыкаў спаганялі толькі выдаткі па аплаце дзяржпошліны за судовыя разбиральництвы, але пакідалі без задавальнення сутнасць прэтэнзій ад калійнай кампаніі.
Іншым скончылася справа, якую разгледзелі 31 кастрычніка ў Эканамічным судзе Мінскай вобласці. Тады суддзя цалкам задаволіў пазоў калійнай кампаніі. Суд пастанавіў спагнаць з нямецкага пастаўшчыка прамысловага абсталявання TLT-Turbo GmbH на карысць «Беларуськалія» больш за 6 млн еўра штрафу (амаль 21 млн рублёў паводле курса Нацбанка на 19 лютага), а таксама амаль 209 тысяч рублёў дзяржаўнай пошліны ў бюджэт.
Тады ж вытворца калійных угнаенняў судзіўся з украінскім «Банкам Крэдыт Днепр». Па справе пра невыкананне або неналежнае выкананне абавязанняў па дамовах суд пастанавіў спагнаць з фінансавай установы больш за 73 тысячы еўра (каля 254 тысяч рублёў) «беспадстаўнага ўзбагачэння».
Нагадаем, раней стала вядома, што «Беларуськалій» спрабуе праз суд спагнаць з Літвы 1 млрд еўра.
У 2023 годзе «Беларуськалій» падаваў пазоў да Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Пазыкі на мільёны рублёў
У студзені і лютым гэтага года «Беларуськалій» праз суд патрабаваў вяртання пазык ад двух салігорскіх сельгаспрадпрыемстваў — «Вікторыя-Агра» і «Скоўшын».
У першым выпадку доўг складаў 6,4 тысячы рублёў, а ў другім — амаль 12 тысяч.
Гэта даволі маленькія сумы ў параўнанні з доўгам, які фірма спрабавала вярнуць у снежні мінулага года. Тады калійная кампанія пайшла ў суд, каб атрымаць належныя ёй больш за 2,1 млн рублёў ад «Гомельаблаграсэрвісу».
Ёсць даволі буйная пазычанасць і ў самога «Беларуськалія». Так, Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі ў снежні мінулага года праз суд дамагалася ад яго выплаты на суму больш за 1,2 млн рублёў.
Чытайце таксама