Чацвёрты дзень нараджэння сустракае за кратамі Марыя Калеснікава — сябра Каардынацыйнай рады, кіраўніца выбарчага штаба Віктара Бабарыкі, якая стала адным з сімвалаў беларускага пратэсту 2020 года. 24 красавіка ёй споўнілася 42. Палітзняволеная, асуджаная на 11 гадоў пазбаўлення волі, знаходзіцца ў Гомельскай жаночай калоніі ў рэжыме інкамунікада: блізкія не ведаюць пра яе нічога ўжо 434 дні, яна ізаляваная ад іншых зняволеных, не атрымлівае ні лістоў, ні перадач. «Позірк» пагаварыў з сястрой Калеснікавай Таццянай Хоміч. Апошні ліст ад Марыі блізкія атрымалі 15 лютага 2023 года.
— Навін ад Марыі па-ранейшаму няма? Можа, да вас даходзіць нейкая інфармацыя ад тых, хто быў з ёю ў калоніі і выйшаў раней?
— На жаль, навін няма, сувязі з Машай няма, нейкіх прарыўных вестак няма. Сітуацыя ранейшая. Нядаўна сапраўды з’явілася інфармацыя, што стан здароўя Машы пагаршаецца. Але нейкіх падрабязнасцяў, што гэта, з чым звязанае, ці лечаць яе там наогул — не. І няма магчымасці праверыць гэтую інфармацыю.
Дакладна вядома, што Маша ўвесь гэты час, ужо больш за год, знаходзіцца адна ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу — спецыяльнае памяшканне, у якім змяшчаюцца асуджаныя на пазбаўленне волі, пераведзеныя ў парадку спагнання за злосныя парушэнні парадку адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях. — Заўв. рэд.). Яна не ў атрадзе з усімі.
ПКТ знаходзіцца ў асобным будынку. Нават калі Машу кудысьці выводзяць, яе суправаджае некалькі супрацоўнікаў адміністрацыі, яны заўсёды побач з ёю, таму магчымасці нейкай камунікацыі ні ў яе, ні з ёю няма. Інфармацыя пра яе з’яўляецца, толькі калі кагосьці змяшчаюць у ПКТ побач з ёю, людзі альбо бачаць здалёк, як Машу суправаджаюць кудысьці, напрыклад, у медчастку, альбо, магчыма, чуюць, што яна прысутнічае ў тым жа будынку. З гэтай прычыны ўся інфармацыя пра яе ўрыўкавая.
— Ці робяцца спробы выходзіць на кіраўніцтва Гомельскай ПК-4, каб атрымаць нейкую інфармацыю пра Марыю і яе стан?
— Такія спробы былі, але ў калоніі не паведамляюць дадатковай інфармацыі, камунікацыя з імі наогул не дае ніякіх тлумачэнняў. Яны нават не пацвярджаюць той інфармацыі, што Маша знаходзіцца ў ПКТ, хоць гэта вядомы факт, што яна не ў атрадзе, не працуе, не бачыцца з іншымі.
— Ці прымаюцца для яе перадачы?
— У прынцыпе, любыя перадачы неабходна ўзгадняць з самім зняволеным. І праз адсутнасць зносін атрымліваецца, што гэтай магчымасці таксама няма, хоць нават умовы ўтрымання ў ПКТ мяркуюць, што Машы належыць два разы на год (раз на паўгода) бандэроль вагой два кілаграмы. Гэта максімум, які дазваляецца ва ўмовах утрымання ў ПКТ, але нават гэтыя два кілаграмы мы ніяк не можам ёй перадаць.
— Ці ёсць, па-вашаму, нейкія спосабы падтрымаць Марыю і іншых палітвязняў, якія знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, нават ва ўмовах абсалютнай ізаляцыі?
— У гэтай сітуацыі важна працягваць гаварыць пра Машу і іншых палітвязняў. Асабліва пра тых, з кім наогул няма сувязі: Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка. Неабходна працягваць пастаянна падымаць гэтае пытанне і даваць зразумець, у тым ліку беларускім уладам, што людзі пра іх памятаюць. Улады дабіваюцца менавіта таго, каб на іх забыліся, яны хочуць зрабіць так, каб усе думалі, што палітвязняў у краіне няма. Мы мусім процідзейнічаць гэтаму, гаварыць пра гэта, дзяліцца інфармацыяй пра іх са знаёмымі, у сацыяльных сетках. І дзень нараджэння Машы — акурат такая нагода, калі асабліва варта нагадаць і пра яе, і пра тое, што яна зрабіла ў 2020 годзе, якую ролю адыграла.
Вельмі важна далей гаварыць пра гэта, у тым ліку на міжнародным узроўні. Я раблю гэта ўвесь час: гавару пра Марыю і іншых беларускіх палітвязняў. Неабходна, каб заходнія краіны, якія прысутнічаюць у Беларусі, пастаянна звярталі ўвагу ўладаў на палітвязняў, прасілі і патрабавалі розным тонам, нагадвалі б ім, не давалі забываць.
Нават у выпадку інкамунікада варта працягваць пісаць палітвязням лісты. Гэта таксама будзе даваць зразумець адміністрацыям калоній, самім уладам, людзям, праз якіх праходзяць гэтыя лісты, што на палітвязняў не забыліся — нават калі лісты не дойдуць да адрасатаў. Гэта тое, чаго дабіваюцца ўлады — забыцця палітвязняў. Яны хочуць таксама, каб самі палітвязні ўпалі духам, на іх аказваецца такім чынам псіхалагічны ціск.
— Марыя Калеснікава здаецца чалавекам, якога немагчыма зламаць. Але прайшло шмат часу, яна знаходзіцца ў ізаляцыі. Ці магла яна ўпасці духам?
— Я вельмі спадзяюся, што не. Цяпер самае галоўнае, каб Маша фізічна і псіхалагічна не падала духам, каб старалася максімальна захаваць сваё здароўе, каб ёй і астатнім аказвалі медыцынскую дапамогу — і гэта зноў жа тое, пра што варта пастаянна казаць. Трэба патрабаваць, каб палітвязням аказвалі медыцынскую дапамогу, нават калі яны не паведамляюць пра гэта публічна, нават калі няма сувязі. Цяпер у зняволенні больш за 30 палітвязняў у цяжкім стане. Вядома пра шэсць выпадкаў смерці, тры з якіх здарыліся за апошнія чатыры месяцы.
Я вельмі спадзяюся, што Маша нават у такіх умовах зможа захаваць сябе. Мне складана сказаць, што я ўпэўненая ў гэтым. Але гэта тое, што дае мне сілы.
Я ведаю, што Маша і сёння, і кожны дзень думае пра нас. Учора перачытвала яе лісты. Я ведаю, што ёй там, вядома, цяжка. І яна цяжка перажывала ўвесь гэты час, гэта відавочна. Думаю, яна ўспамінае, напэўна, як мы святкавалі яе дні нараджэння, гэта заўсёды было альбо сям’ёй, альбо з вялікай кампаніяй сяброў. Машы заўсёды прыносілі вельмі шмат кветак. Яна — цэнтр прыцягнення для абсалютна розных, вельмі цікавых, таленавітых людзей з усіх сфер: мастацтва, бізнесу, ІТ.
Вельмі спадзяюся, што гэта апошні дзень нараджэння, які Маша сустрэне ў зняволенні.
Заклікаю ўсіх працягваць падтрымліваць палітвязняў: як бы цяжка нам ні было, ёсць людзі, якім цяпер цяжэй. Гэта можна рабіць, звяртаючыся ў ініцыятывы падтрымкі палітвязняў. Такая дапамога не абавязкова мусіць быць публічнай. Можна пісаць лісты, дзяліцца ў сваіх сацсетках інфармацыяй. Нават калі здаецца, што гэта нейкая дробязь і нікому не трэба. Насамрэч гэта вельмі трэба кожнаму з нас, і гэта трэба родным палітвязняў.
Чытайце таксама