На сустрэчы ў Мінску Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін будуць абмяркоўваць спачатку пытанні бяспекі, а потым разам з чальцамі ўрада — эканоміку, пра гэта паведаміў Лукашэнка. У сваю чаргу Пуцін паабяцаў пагаварыць пра сумесныя вучэнні з тактычнай ядзернай зброяй.
Уладзімір Пуцін прыляцеў у Мінск увечары 23 траўня, Лукашэнка сустрэў яго ў аэрапорце. Адтуль палітыкі з’ехалі разам, «каб працягнуць нефармальныя зносіны і абмеркаванне актуальнай тэматыкі», перадае прэс-служба Лукашэнкі.
Лукашэнка заявіў, што ў першую чаргу яны з Пуціным абмяркуюць пытанні бяспекі, а эканамічную тэматыку разгледзяць з удзелам чальцоў урадаў.
— Думаю, як звычайна, мы пытанні бяспекі — на першы план. А заўтра (24 траўня. — Заўв. рэд.) абмяркуем эканамічныя пытанні разам з нашымі калегамі з урадаў, — сказаў палітык.
Паколькі Пуцін нядаўна пабываў у Кітаі, Лукашэнка заявіў пра планы абмеркаваць адносіны і ў кантэксце ўзаемадзеяння з КНР.
— Думаю, Сі Цзіньпін (лідар Кітая. — Заўв. рэд.) будзе рады, што мы абмяркоўваем гэтыя пытанні. У мяне ёсць вельмі цікавыя прапановы па нашым рэгіёне і далей туды, па каўказскім, — мы вельмі сур’ёзна абмяркоўвалі падчас візіту ў Азербайджан, — дадаў Лукашэнка.
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін паабяцаў «вялікі парадак дня» і пацвердзіў планы абмеркаваць з Лукашэнкам сумесныя вучэнні з тактычнай ядзернай зброяй, перадае БЕЛТА.
— Пагаворым, вядома, і пра другую фазу вучэнняў (па адпрацоўцы выкарыстання нестратэгічнай ядзернай зброі. — Заўв. БЕЛТА). Гэта звязана з непасрэдным удзелам нашых беларускіх сяброў, калег у вайсковай сферы ў гэтых мерапрыемствах, — заявіў прэзідэнт РФ.
Афіцыйныя перамовы Лукашэнкі і Пуціна пройдуць 24 траўня ў Палацы Незалежнасці спачатку ў вузкім, а потым у пашыраным складзе.
Нагадаем, візіт Пуціна ў Мінск не анансаваўся загадзя. Паводле афіцыйнай версіі, яны збіраюцца абмеркаваць «стан і перспектывы развіцця ўсяго комплексу беларуска-расійскіх адносін», у тым ліку інтэграцыйны парадак дня і рэалізацыю рашэнняў, прынятых Найвышэйшым дзяржсаветам Саюзнай дзяржавы, а таксама палітычны дыялог, прасоўванне сумесных гандлёва-эканамічных і кааперацыйных праектаў, умацаванне бяспекі і ўзаемадзеянне ў гуманітарнай сферы.
«У цэнтры ўвагі традыцыйна будуць таксама міжнародны парадак дня, становішча ў рэгіёне, сумеснае рэагаванне на выклікі і пагрозы», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
6 траўня Мінабароны Расіі паведаміла, што Генштаб на даручэнне Уладзіміра Пуціна пачаў падрыхтоўку да правядзення вучэнняў ракетных злучэнняў Паўднёвай вайсковай акругі (ПВА) і сіл Ваенна-марскога флоту (ВМФ). 7 траўня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь правядзе сінхранізаваную з Расіяй раптоўную праверку з задзейнічаннем носьбітаў тактычнай ядзернай зброі. А 9 траўня стала вядома, Беларусь далучыцца да Расіі на другім этапе вучэнняў па адпрацоўцы выкарыстання тактычнай (нестратэгічнай) ядзернай зброі.