Падчас пратэстаў, якія ўспыхнулі ў Беларусі ў жніўні 2020 года пасля прэзідэнцкіх выбараў, Аляксандр Лукашэнка быў «неймаверна занураны» ў сітуацыю ў краіне. Пра гэта расказала ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» яго прэс-сакратарка Наталля Эйсмант.
Паводле яе, гэтае пытанне ёй задаюць часта, але сама яна ў тыя дні была спакойная.
«Адказвала і адказваю на гэтае пытанне наступным чынам. Ведаеце, а я перакананая, што, магчыма, людзям такім сапраўдным, якія перажываюць, нашым дзяржаўным людзям з самых розных сфер і самых розных куткоў нашай краіны, магчыма, нават было дзесьці складаней, чым нам. Растлумачу: вядома, у эпіцэнтры падзей мы ўсе знаходзіліся. Вядома, вастрыню моманту разумелі максімальна, але ў мяне асабіста кожны дзень была магчымасць бачыць і чуць кіраўніка дзяржавы. Прысутнічаць не на ўсіх, вядома, але многіх важных нарадах, браць удзел у розных мерапрыемствах, гаварыць з прэзідэнтам на пастаяннай аснове тады, натуральна, па тэлефоне, і размаўляючы з ім, і слухаючы яго, я хачу сказаць, што ні на секунду, ні на долю секунды ў мяне не было сумневу ў тым, што ўсё будзе добра. Як? Калі? — у гэтым было пытанне, але ты быў прасякнуты гэтай упэўненасцю», — сказала Эйсмант.
Паводле яе, Лукашэнка быў «неймаверна занураны ва ўсе працэсы».
«Увесь час быў з усімі на сувязі. У нас у палацы працаваў сітуацыйны цэнтр на трэцім паверсе ў зале паседжанняў Савета бяспекі. У выхадныя прэзідэнт працаваў там. Кругласутачны кантакт, кругласутачныя даклады па тэлефоне. Прэзідэнт хацеў бачыць сітуацыю знутры. Ён камунікаваў з тымі хлопцамі (з камандзірамі падраздзяленняў), якія былі непасрэдна ў працэсе, у сітуацыі. Ён ведаў усё, што адбываецца, дасканала. Тады так, сапраўды, вёў за сабой, а часам стрымліваў людзей у самых розных сферах, у тым ліку і нас, журналістаў, калі ўжо ўсе ўвайшлі ў раж, калі ўжо ўсе перабудаваліся. Такімі былі тыя жнівеньскія дні», — падзялілася Эйсмант.
Яна дадала, што гэтым падзеям можна прысвяціць нават «не асобны фотаальбом», а, напэўна, асобны фільм, «які мы ўсё ж павінныя калісьці зняць».
Адносна таго, чаму менавіта 2020 год стаў пераломным, Эйсмант лічыць, што рэч у тым, што ўвага Лукашэнкі адцягнулася на пандэмію каранавіруса, і ў тым, што беларусы сталі значна больш самадастатковымі і «захацелі ап’яняльнай свабоды».
«Гэта гістарычны момант, вельмі шмат усяго, і прэзідэнт шмат пра гэта казаў. Можа быць, не хочацца дзесьці паўтарацца, тая ж пандэмія. Гэта найважнейшы фактар, які проста адцягнуў усеагульную ўвагу, самае галоўнае, увагу прэзідэнта. Ён таксама ў гэтым прызнаваўся: ніякай палітычнай кампаніі, а толькі зануранасць у тыя працэсы ў сферы аховы здароўя. Кожны дзень займаўся менавіта гэтым», — заявіла Эйсмант.
Яна таксама адзначыла, што немагчыма не сказаць яшчэ пра адзін фактар, які прывёў да пратэстаў 2020 года ў Беларусі.
«Узровень жыцця ў нашай краіне, лад жыцця нашых людзей. Калі людзі сталі значна больш самадастатковыя, так скажам, значна больш магчымасцяў атрымалі, ім здалося, што „ўсё, нам ужо тут неяк цесна, нам ужо хочацца нейкай вось гэтай самай ап’яняльнай свабоды“. Усё гэта разам паўплывала, ну, а мы, натуральна, дзесьці гэтыя моманты прапусцілі. Колькі разоў казалі, што, вядома, расслабілі выбары 2015 года, калі на фоне падзей на паўднёвым усходзе Украіны і не толькі ўсё прайшло спакойна, прайшло так, як мусіла быць», — заявіла прэс-сакратарка Лукашэнкі.
Эйсмант таксама расказала, што сам Лукашэнка прызнаўся, што «калі б 2020 года не было ў нашым жыцці, то яго трэба было б прыдумаць», адзначыўшы, што яна з гэтым згодная.