Аляксандр Лукашэнка 31 кастрычніка выступіў на II Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, дзе чарговым разам паразважаў пра пачатак вайны ва Украіне. Паводле яго трактоўкі, у лютым 2022 года нехта «справакаваў» расійскія войскі ўварвацца ў краіну з тэрыторыі Беларусі, а Кіеў не быў захоплены таму, што пра гэта папрасілі Пуціна — у тым ліку пры пасярэдніцтве самога Лукашэнкі.
Лукашэнка паспрабаваў аспрэчыць той факт, што ў лютым 2022 года расійскія войскі зайшлі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі і гэта робіць нашую краіну суагрэсарам у вайне.
— Я жартам кажу: гэта да Зяленскага пытанне, чаму ўсходні шлях у Расію [з вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022» у Беларусі] аказаўся праз Кіеў карацейшым, — сказаў ён.
Паводле яго, пасля заканчэння Расія пачала выводзіць свае войскі з Беларусі «на поўдзень, уздоўж мяжы Украіны», і «палова была выведзеная».
— З часам стане вядома, хто справакаваў астатнюю частку расійскіх войскаў, каб яны павярнулі 20 кіламетраў на поўдзень і пайшлі праз Кіеў, — заявіў Лукашэнка.
Далей палітык паразважаў пра правал планаў узяць Кіеў за лічаныя дні ў пачатку вайны, на што разлічвалі ў Расіі. Паводле яго версіі, гэтага не адбылося не праз супраціў УСУ, а таму, што сусветная грамадскасць пачала ўпрошваць Пуціна «спыніцца».
— Папа рымскі і ўвесь Захад падключыўся і прасіў на маіх вачах прэзідэнта Расіі: спыніцеся, не трэба. Яны (расійскія войскі. — Заўв. рэд.) ужо ў прадмесцях Кіева былі, на ўскраіне. Ніхто іх не стрымаў, — сказаў Лукашэнка.
Ён сцвярджае, што ў тыя дні яму «тэлефанавалі ўкраінскія генералы, прасілі звязацца з Пуціным, каб спыніць вайну і неяк здацца ў палон».
— Усе падключыліся, пачалі ціснуць на Пуціна: вось, усё, дамовімся, не будзем і гэтак далей. Адвялі войскі ад Кіева, — заявіў Лукашэнка.
Палітык упэўнены, што Украіна не ў стане перамагчы на полі бою і «гэта ўжо і ўкраінцы разумеюць, і на Захадзе».
— Апошнія мае кантакты з разумнымі прадстаўнікамі «цывілізаванага Захаду» кажуць пра тое, што ў нас пазначыўся нейкі нахіл. Захад нарэшце зразумеў, што трэба дамаўляцца ва Украіне. Магчыма, быць нічыёй, калі сёння. Я так па-спартыўнаму кажу, — выказаўся Лукашэнка.
Ён запатрабаваў, што Мінск «мусіць быць за перамоўным сталом, калі гэта будзе датычыць канфлікту ва Украіне».
— Гэта пытанне гарантыі нашай бяспекі. Больш мы нічога не патрабуем у гэтым плане, гатовыя ў гэтым кірунку працаваць, — дадаў Лукашэнка.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка на палях саміту БРІКС у Казані 23 кастрычніка даў інтэрв'ю журналісту Бі-бі-сі Стывену Розэнбергу. Тады ён таксама разважаў пра вайну ва Украіне і пра тое, як у канфлікт уцягнутая Беларусь.
Ужо тады палітык сцвярджаў: у лютым 2022 года нашая краіна не давала Расіі тэрыторыі для ўварвання ва Украіну — проста частку расійскіх войскаў Пуцін «завярнуў на Кіеў», калі тыя вярталіся з вучэнняў у Беларусі.
24 лютага 2022 года расійскія войскі ўварваліся ва Украіну менавіта з тэрыторыі Беларусі — захавалася нямала сведчанняў і доказаў гэтага.
У першыя месяцы поўнамаштабнага ўварвання расіяне таксама актыўна выкарыстоўвалі тэрыторыю Беларусі для запуску ракет па цэлях ва Украіне. Адначасова войскі РФ выкарыстоўвалі паветраную прастору Беларусі для ўдараў па ўкраінскай тэрыторыі з дапамогай баявых самалётаў і ўдарных беспілотнікаў.
Пазней РФ перастала выкарыстоўваць паветраную прастору нашай краіны для ракетных удараў, але працягвала збіраць з яе разведвальную інфармацыю з дапамогай самалётаў далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50.