У Мінску за два крокі ад плошчы Перамогі і парку Горкага прадаецца пяціпакаёвая кватэра ў сталінцы. Жыллё аформленае па-багатаму — мармур, крышталь, італьянская мэбля, антыкварыят. Але і кошт нерухомасці немаленькі — 850 тысяч даляраў. «Люстэрка» паглядзела, за што просяць такія грошы.
Сталінка, пабудаваная ў 1954 годзе (адрас дома — вуліца Захарава, 27), размешчаная на скрыжаванні вуліцы Захарава і завулка Бранявога. Гэты будынак ўзвялі паводле праекта архітэктара Уладзіміра Вараксіна. Паводле яго планаў пабудавалі яшчэ шмат дамоў, адзін з вядомых — будынак ЦК КПБ, цяпер там размяшчаецца Адміністрацыя Лукашэнкі.
Дом № 27 раней называлі «самінаўскім», жылля простым людзям там не давалі. Да 1980 года там жыла славутая оперная спявачка Ларыса Александроўская, а да 2000-га — заслужаны доктар Беларусі, доктар медыцынскіх навук Мікалай Філіповіч.
Цяпер у гэтым доме прадаецца кутняя пяціпакаёвая кватэра, яна знаходзіцца на трэцім паверсе. Побач размешчаныя яшчэ дзве. Агульная плошча жылля складае 176,2 м², з іх пад жылымі памяшканнямі — 132,4 м², плошча кухні — 40,4 м².
У кватэры па два балконы і санвузлы.
У абвестцы паведамляецца, што ў кватэры мармуровыя падлогі, люстры — з крышталю, камін — на дровах. У жыллі — італьянская мэбля з інкрустацыяй фірмы Carpanetti. Прадметы інтэр'еру сабраныя з усяго свету, яны адзінкавыя і лімітаваныя, у тым ліку антыкварыят.
У дадатак да апартаментаў ідзе камора са склепам для віна, яна размешчаная на цокальным паверсе і займае 30 «квадратаў». Таксама ў двары дома ёсць гараж плошчай 23 «квадраты».

Кватэру прадаюць за 2 951 030 рублёў, або 850 000 даляраў (16 748 рублёў, або 4824 даляры за м²).
Рыэлтарка, якая займаецца продажам гэтага жылля, расказала журналісту «Люстэрка» як патэнцыйнаму пакупніку, што нерухомасць раней належала вядомым людзям са сферы культуры і мастацтва. Цяпер жыллё прадаецца, бо гаспадары жывуць у іншай краіне, яно ім не патрэбнае. Новым гаспадарам пакінуць усё, што ёсць унутры, нават антыкварыят. Пры гэтым з уладальніцай жылля можна патаргавацца.
«Гэта ўнікальны аб’ект, залаты фонд. Дом — гістарычная каштоўнасць, гэта прапісана ў тэхпашпарце. Кватэра была першапачаткова пяціпакаёвая, і ў ёй быў камін, так што такіх сталінак — адзінкі», — расказала рыэлтарка.
Чытайце таксама