Шэсць чалавек загінулі падчас страшнага пажару ў Мінску ў ноч з пятніцы на суботу 17 снежня. Ад чаго загарэлася кватэра на другім паверсе, пакуль дакладна не вядома. Тры суседкі — Крысціна, Яна і Каця — у тую ноч спакойна спалі, пакуль не пачулі «выбух» і пах дыму. Прайшло ўжо некалькі дзён, але спаць начамі ім складана дагэтуль — страшна, што ўсё паўторыцца. Дзяўчыны расказалі блогу «Людзі» пра тую ноч, калі ўжо рыхтаваліся паміраць. Мы перадрукоўваем гэты тэкст.
У доме на бульвары Шаўчэнкі Крысціна жыла разам з дзвюма сяброўкамі і катом з гэтага лета. Усе яны наймалі кватэру на трэцім паверсе.
— Прыкладна ў 3.25 ночы адбыўся выбух. Усё трэслася, рэчы пачалі падаць. Мы падскочылі. Каця пачала крычаць, што ў кватэры дым, — успамінае Крысціна тую ноч. — На той момант мы яшчэ не да канца прачнуліся і не разумелі, наколькі ўсё небяспечна.
Дзяўчаты хутка надзелі курткі, абутак. І пачалі шукаць ката. У гэты момант трэцяя суседка, Яна, адкрыла ўваходныя дзверы, каб зразумець, што адбываецца. У кватэру маментальна пачаў валіць чорны дым.
— Я хутка зачыніла дзверы і панеслася ў свой пакой, каб адкрыць акно і падыхаць паветрам. Апусціла галаву і ўбачыла, што гарыць кватэра знізу. Дзяўчаты ў гэты час разам з катом выбеглі на балкон і чакалі мяне. На балконе было не лепш: дыхаць ужо не было чым. Мы спрабавалі закрыць твары цацкамі — не дапамагала, — апісвае сітуацыю Яна.
Стоячы на балконе, дзяўчаты спрабавалі прыцягнуць увагу рэдкіх мінакоў. Міма якраз ішла жанчына. Яны пачалі крычаць ёй з просьбай выклікаць пажарных. У нейкі момант Яна пачала гаварыць, што ёй ужо не хапае паветра і яна зараз задыхнецца, і прысела на падлогу, — расказвае Крысціна. — Я таксама адчула, што пачынаю страчваць прытомнасць. У той момант падумала: калі ласка, калі мы памром проста цяпер, хай мы проста задыхнемся. Толькі б не гарэць жыўцом. І менавіта ў гэты момант з-за рога паказалася першая пажарная машына. Мы крычалі і прасілі дапамагчы, але яны паехалі ў двор тушыць агонь. Секунд праз 30 з’явілася яшчэ адна машына. Мы пачалі махаць рукамі і крычаць ужо ёй. Я зразумела, што яны могуць праехаць міма, і крыкнула, што калі нас не выратуюць проста цяпер, мы памром, таму што ўжо страчваем прытомнасць. Выратавальнікі пачулі і спыніліся.
Супрацоўнікі МНС паставілі тром суседкам лесвіцу. Дзяўчаты спусціліся з балкона. Ім на дапамогу адразу прыйшлі сябры, якія жывуць у суседнім доме. Пастараліся хоць трохі супакоіць, далі вопратку. Потым суседкі вярнуліся да будынка ў агні — бачылі, як выносяць пацярпелых і загінулых.
У бальніцу вырашылі паехаць самі, таму што бачылі: суседзям дапамога была патрэбная больш. На шчасце, для іх усё абышлося лёгкім атручаннем, ударамі і ранкамі. А вось маральна сяброўкам было нашмат цяжэй.
— Пасля пажару мы «адыходзілі» ў сяброў у суседнім доме. Цяпер жывём у кватэры сваякоў, яна якраз аказалася вольная. І шукаем новае жыллё ў паскораным рэжыме, — расказвае Крысціна. — Проста вялікі дзякуй нашым сябрам, якія нас не пакідалі адных нават на хвіліну, падтрымлівалі. Мы шмат гаварылі з імі. Я сама звычайна эмоцыі душу, а ў стрэсавай сітуацыі, ужо пасля выратавання, першай страціла кантроль над імі. Мне палягчэла раней за ўсіх. А вось у астатніх дзвюх дзяўчат праз 10−14 гадзін пасля таго, што адбылося, пачаліся панічныя атакі. Спаць мы не маглі, было страшна: здавалася, як толькі ты гэта зробіш, вернешся назад у той жах. Я заплюшчвала вочы, і мне здавалася, што я чую галасы людзей, якія клічуць на дапамогу.
Цяпер тры сяброўкі прымаюць супакаяльныя. Яны кажуць, што нармалізаваўся сон, але агульны стан дагэтуль змушае жадаць лепшага. Як толькі вырашыцца праблема з жыллём, Крысціна плануе звярнуцца да псіхолага. Суразмоўніца ўпэўненая: пасля такіх перажыванняў проста неабходная дапамога спецыяліста.
— Кватэра, у якой мы жылі, не гарэла, але ўнутры ўся цалкам пакрытая сажай і не прыдатная для жыцця, — кажа Яна. — Дымам прапахлі і ўсе рэчы. У пад’езд у прынцыпе страшна заходзіць, шарахаешся ад кожнага гуку. Цяпер мы ўтрох знаходзімся ў стане поўнага неразумення, што рабіць далей. Спрабуем прыйсці ў сябе, але атрымліваецца не вельмі. Пакуль любое пытанне выклікае слёзы. Хочацца мець свой куток, а яго няма.