Польшча робіцца ўсё прывабнейшым рынкам для беларускіх працоўных мігрантаў. Як паказалі звесткі афіцыйнай статыстыкі за 2022 год, упершыню за апошнія гады ў рэйтынгу працоўнай міграцыі Польшча абагнала Расію.
Куды беларусы найчасцей едуць на заробкі
Калі ў 2021 годзе ў Расію на заробкі, паводле афіцыйнай статыстыкі, паехалі 2063 беларусы, то Польшчу выбралі толькі 1319. А летась Польшчу выбралі ўжо 2606 чалавек, а Расію — 1976.
Акрамя таго, беларусы з’язджаюць працаваць у Літву (324 чалавекі), ЗША (146 чалавек) і ААЭ (98 чалавек).
Большасць беларусаў, што выехалі ў Польшчу, працуюць на рабочых спецыяльнасцях, 34 пазначаныя як кваліфікаваныя работнікі і спецыялісты, яшчэ 4 — супрацоўнікі ў сферы абслугоўвання і гандлю.
Прыкладна такія ж суадносіны і ў Расіі. 1769 беларусаў адправіліся туды працаваць рабочымі, кваліфікаванымі спецыялістамі — 14 чалавек, 187 — супрацоўнікі ў сферы абслугоўвання і гандлю, а 6 чалавек занялі пасады кіраўнікоў.
Усяго ў 2022 годзе з Беларусі выехала 5590 працоўных мігрантаў (у 2021 — 5732).
Хто найчасцей прыязджае ў Беларусь працаваць
У 2022 годзе ў Беларусь пачало прыязджаць менш працоўных мігрантаў — 6900 супраць 7794 у 2021 годзе.
Першае месца сярод іх займаюць грамадзяне Кітая. У 2022 годзе ў Беларусь прыехалі 2018 працоўных мігрантаў з КНР (у 2021 — 2532 чалавекі).
На другім месцы па-ранейшаму Украіна, нягледзячы на тое, што колькасць працоўных мігрантаў з гэтай краіны таксама знізілася — 1265 чалавек (у 2021 — 1543).
Трэцяе месца занялі грамадзяне Туркменістана. У 2022 годзе на заробкі з гэтай краіны прыехалі 808 чалавек. У 2021 годзе трэцяе месца трымалі грамадзяне Узбекістана (914 чалавек).