Беларускія сілавікі шукаюць падазраванага ў дыверсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах 26 лютага. Паводле іх версіі, гэта нейкі Мікалай Швец, ураджэнец Крыма. Пра гэта ў рэдакцыю «Люстэрка» паведаміў чытач.
— Па працоўных чатах супрацоўнікаў аўтапаркаў у Гомелі раскінулі арыенціроўку з фота, развешваць пакуль не сталі, — расказаў чытач са спасылкай на сваіх знаёмых. — Гэта дасылалі не толькі ім, і медыкам паведамлялі, і маршрутчыкам дзяржаўным. Сказалі праяўляць пільнасць.
Як вынікае з арыенціроўкі, 29-гадовага ўраджэнца Крыма Мікалая Швяца шукае Мінскае РУУС па падазрэнні ў здзяйсненні «асабліва цяжкага злачынства ў гарадскім пасёлку Мачулішчы 26 лютага».
У АУС Гомельскага райвыканкама, куды нашая журналістка патэлефанавала як свядомая грамадзянка, пацвердзілі, што такога чалавека шукаюць.
— Я бачыла арыенціроўку, напісана, расшукваецца Швец Мікалай Уладзіміравіч за здзяйсненне асабліва небяспечнага злачынства. Гэта так?
— А вы падобнага кагосьці, можа быць, бачылі?
— Ну, здаецца, не, у яго такая стандартная знешнасць. Проста неяк боязна стала, што вось такі небяспечны злачынец можа па вуліцах хадзіць, што вось так актыўна яго шукаюць.
— Не хвалюйцеся, на вуліцу выходзіць можна, звычайным жыццём жыць можна. Але калі раптам вы ўбачыце кагосьці падобнага, патэлефануйце, калі ласка, — папрасіў дзяжурны.
На пытанне «Люстэрка», ці звязаны гэты мужчына з дыверсіяй у Мачулішчах, кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў адказаў адмоўна.
— Нам гэты твар не знаёмы. Хто ён такі, я не ведаю. У іх задача — выяўляць падазраваных. Але бог яго ведае, як яго выявілі, — яны ж не расказваюць. Выпадкова праходзіў па вуліцы, і вось яны яго падазраюць, — пракаментаваў экс-сілавік.
Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома ў Мачулішчах мясцовыя жыхары чулі два выбухі. У BYPOL паведамілі, што былі пашкоджаныя расійскі ваенна-транспартны самалёт і снегаўборачная тэхніка. У мясцовых чатах пасёлка Мачулішчы пісалі пра канцэнтрацыю вайскоўцаў «з аўтаматчыкамі», праверкі машын, абыходы супрацоўнікамі АМАП мясцовых жыхароў.
Як заявіў кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў, выбухі — вынік дыверсіі беларускіх партызан: яны скінулі выбуховыя прылады на расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення (ДРЛВ) А-50, які знаходзіўся на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах. Паводле Азарава, самалёт выведзены з ладу. У Мінабароны сітуацыю афіцыйна не каментавалі. У МНС сказалі, што інфармацыі пра выбухі не паступала. Улады дагэтуль ніяк не пракаментавалі здарэнне.
Пры гэтым 27 лютага Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з вузкім колам сілавікоў. У свой кабінет ён запрасіў дзяржсакратара Савета бяспекі, міністраў унутраных справаў і абароны, старшыняў КДБ і Дзяржпагранкамітэта.
Чытайце таксама


