Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Зачем Беларуси пакистанские рабочие и готово ли общество их принять? Мнение Льва Львовского
  2. Пропагандистку Ольгу Бондареву отчислили из университета
  3. Что умеет программа, которой беларусские силовики «вскрывают» смартфоны? Рассказываем
  4. К делу о пропаже Анжелики Мельниковой подключились польские спецслужбы. Вот что узнало «Зеркало»
  5. «Мальчики не хотели причинить вреда девочкам. Они просто хотели их изнасиловать». История трагедии, в которую сложно поверить
  6. В Польше подписан закон, который касается и беларусов. Что меняется для мигрантов
  7. «Я снимаю, он выбивает телефон». Беларусский блогер Андрей Паук рассказал, что на него напали у посольства РФ в Вильнюсе
  8. США отменили гранты на демократию для стран бывшего СССР, в том числе Беларуси
  9. Кухарев заявил, что минчане получают по тысяче долларов в среднем. Но чиновник не учел важный момент
  10. Литва ввела новый запрет в двух оставшихся пунктах пропуска на границе с Беларусью
  11. Экс-муж Мельнікавай: Праз знікненне Анжалікі нікуды не заяўляў, не бачу сэнсу
  12. «Впервые за пять лет попросили показать второй паспорт». Как проходят проверки на границе Беларуси с ЕС
  13. Российские войска безуспешно пытаются вытеснить ВСУ из Белгородской и Курской областей — ISW
  14. Стали известны зарплаты старших сыновей Лукашенко
  15. Основатель NEXTA попал в список Forbes «30 до 30»
  16. Азаренок заявил, что пророссийская активистка из Витебска — агентка Запада, живущая на деньги «пятой колонны»
  17. «Перад вачыма стаіць скурчаная Марыя Калеснікава, якую цягнуць з ШІЗА». Экс-палітзняволеная — пра жахі турэмнай медыцыны
  18. Чем занималась жена Лукашенко перед пенсией? Рассказываем, где работают некоторые члены семьи политика
  19. Лявончык пра Мельнікаву: «Ёсць інфармацыя адносна яе магчымага маршруту»
  20. «То, что Лукашенко не признал Крым, страшно раздражало Путина». Большое интервью «Зеркала» с последним послом Украины в России
Читать по-русски


Леў раней працаваў у Следчым камітэце Беларусі і звольніўся ў 2020 годзе па палітычных матывах. Пазней мужчына сам трапіў пад суд за ўдзел у пратэстах, а пасля прысуду — у калонію ў гарадскім пасёлку Віцьба Віцебскай вобласці, дзе часта адбываюць пакаранне былыя чыноўнікі, міліцыянеры, суддзі і пракуроры. Леў вызваліўся некалькі месяцаў таму. Ён расказаў «Люстэрку», як у гэтай калоніі сядзяць палітвязні і ці ёсць паблажкі для экс-сілавікоў і дзяржслужачых.

Папраўчая калонія № 3 у гарадскім пасёлку Віцьба Віцебскай вобласці. Фота: "Белсат"
Папраўчая калонія № 3 у гарадскім пасёлку Віцьба Віцебскай вобласці. Фота: «Белсат»

Імя зменена па просьбе суразмоўцы з мэтай бяспекі. Яго дадзеныя ёсць у рэдакцыі.

«Самае цікавае, што на суд з былой працы мне напісалі добрую характарыстыку»

Леў працаваў следчым у Брэсце. У ліпені 2020-га заканчваўся кантракт. Мужчына вырашыў яго не працягваць, таму што «ведаў, да чаго ўсё ідзе — кожнага закране расследаванне крымінальных спраў за палітыку, не хацеў гэтага рабіць». Потым ён удзельнічаў у пратэстах. За гэта спачатку адседзеў каля 30 сутак у ІЧУ Брэста, Жодзіна і на Акрэсціна. А ў 2021 годзе яго затрымалі па «карагоднай справе».

У СІЗА былыя калегі са Львом цырымоніцца не сталі. Яго адправілі ў агульныя камеры, хоць як экс-следчага павінны былі трымаць у асобнай або з іншым экс-супрацоўнікамі ведамстваў. Ну і, вядома, спадзяваліся на «супрацоўніцтва».

— На другі дзень пасля затрымання прыйшлі супрацоўнікі КДБ і папярэдзілі, што я буду сядзець вельмі цяжка, калі не пагаджуся. Я адмовіўся. Мяне адразу адправілі ў асобную камеру, уключылі там выцяжку на поўную, каб было холадна. Праз тры дні пасадзілі ў больш камфортную — там была «качка» (падасланы спецыяльна чалавек, які павінен уцерціся ў давер і збіраць інфармацыю. — Заўв. рэд.). Напэўна, хацелі нешта даведацца, але не атрымалася, — расказвае Леў. — Пасля мяне кідалі па розных камерах. Аднойчы пасадзілі з чалавекам, які калісьці таксама працаваў у СК са мной, але ў іншым аддзеле. Яго звольнілі за танцы (смяецца). Яны з жонкай шмат гадоў займаліся танцамі — танга, усякае такое. І неяк ён выступіў на дваровым мерапрыемстве, што восенню пачаліся ў Беларусі. Да яго сталі з’яўляцца пытанні, чаму танчыць. Ён кажа: «Дык я дзесяць гадоў танчу! І на карпаратывах вашых таксама выступаў — прэтэнзій не было» У выніку яму спачатку не працягнулі кантракт, а праз паўгода прыйшлі з ператрусам. Аднавілі перапіску ў тэлеграме, убачылі рэпост з NEXTA: ён жонцы кінуў, што падаражэе свініна (смяецца). І быў рэпост, здаецца, з «Карнікаў Беларусі». Ён перакінуў калегу пост, што той у ЧКБ. Мабыць, таксама спадзяваліся, што мы з ім пагаворым, яны праслухаюць і нешта знойдуць. Але ў іх на мяне больш нічога не было. А з людзьмі, якіх яны мне кідалі ў камеру, я пасябраваў. Аднак нікому там не казаў, дзе працаваў.

Самае цікавае, што на суд з былой працы, хоць прайшло амаль два гады, мне напісалі добрую характарыстыку, выдатную я б нават сказаў. І з Акадэміі МУС, дзе я калісьці вучыўся, — таксама. Тады, ведаеце, яшчэ быў мэйнстрым падтрымліваць сваіх супрацоўнікаў. Хоць начальства, памятаю, падзялілася на два лагеры. Адны сказалі, што я хайп лаўлю, іншыя, што я заўсёды такім «бэчэбэшным» і быў, таму відавочна, што на пратэсты пайшоў.

«Было, што разам сядзяць супрацоўнік ГУБАЗіК і чалавек, якога ён затрымліваў за наркотыкі»

У траўні 2021 года Льва этапавалі ў ПК № 3 у Віцьбе. Звычайна яе называюць калоніяй для асуджаных чыноўнікаў і былых міліцыянераў, пракурораў і бізнэсоўцаў.

— Наогул, гэта ўнікальная калонія, там мікс розных артыкулаў, шмат замежнікаў. У маім атрадзе быў цыган-махляр з Расіі, туркмен і беларус па наркотыках, яшчэ быў турак, яму далі 20 гадоў за наркотыкі, якія палілі потым на МТЗ. У мяне быў ложак побач з людзьмі, сядзеўшымі за забойства, быў педафіл, — успамінае Леў. — Акрамя мяне, былі яшчэ два былыя следчыя: Ягор Вяршынін і яшчэ адзін за ЧКБ, не памятаю прозвішча. Былы спецназавец Рома Марусаў з Віцебска, якому далі шэсць гадоў. Былі ўчастковыя, пракурор, кадэбэшнікі сядзяць, тыя ж ГВУ (галоўнае выведвальнае ўпраўленне. — Заўв. рэд.). Звычайна — за здраду дзяржаве. Міліцыянеры — часцей за ўсё за хабар або перавышэнне паўнамоцтваў. Вайскоўцаў таксама шмат.

Яшчэ сядзелі былы кіраўнік «Мотавела» Аляксандр Мураўёў (у сакавіку 2023 года выйшаў на волю. — Заўв. рэд.), Андрэй Уцюрын (былы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі, быў затрыманы ў 2019 годзе, у 2020-м яго асудзілі на 12 гадоў за хабар. — Заўв. рэд.). Прыкольна, што той жа Уцюрын працуе разам з «бэчэбэшніками» — у яго атрадзе іх таксама шмат. Памятаю, я ў першы дзень выйшаў з казармы ў лакальны ўчастак — як быццам у амерыканскую калонію трапіў: пачкамі стаялі туркмены, туркі, людзі за крадзяжы і згоны, за забойствы, вялікае кола палітычных і асобна хадзілі Уцюрын і Мураўёў. Было, што разам сядзяць супрацоўнік ГУБАЗіК і чалавек, якога ён затрымліваў за наркотыкі. Такі сюррэалізм: як усе гэтыя людзі апынуліся ў адным месцы?

Атрад Льва быў «самым бэчэбэшным» — на 50 чалавек больш за дзесяць палітычных. Разам з ім адбывалі пакаранне ў тым ліку Максім Вінярскі, Уладзімір Цыгановіч, анархіст Дзмітрый Дубоўскі і блогер Сяргей Пятрухін, які ў снежні 2022-га выйшаў на волю.

— Цыгановіча адразу з каранціну адправілі на ПКТ — ён адмовіўся падпісваць нейкі дакумент. А Дзіма Дубоўскі быў са мной на каранціне, ён вельмі класны, пазітыўны чалавек, вельмі адукаваны, — успамінае суразмоўца. — Спачатку яму далі жоўтую «экстрэмісцкую» бірку, потым — чырвоную, як «схільнаму да ўцёкаў». Ён крыху папрацаваў на прамзоне, потым за вопіс яму выпісалі парушэнне (гэта стандартная сітуацыя ў калоніі. У кожнай сумцы ў цябе павінен быць спіс рэчаў і іх колькасць. Напрыклад, чалавек паказаў 121 канверт, а іх 122 — гэта правапарушэнне). Потым яшчэ фармальна некалькі парушэнняў далі — і адправілі ў ШІЗА, пасля — у турму ў Магілёў.

Палітычныя ў калоніі дапамагаюць адзін аднаму, кажа Леў. Як толькі ён прыйшоў на свой участак, з ім адразу падзяліліся кубкам, ежай і нават адзеннем. У іншым атрадзе адбываў пакаранне Максім Знак, там палітычных нашмат менш: пяць-шэсць чалавек, па падліках суразмоўцы. Ён лічыць, што так зрабілі спецыяльна, каб Знаку было больш складана знайсці сабе зносіны і падтрымку ў няволі:

— Ён быў у швейным цэху, таму я мала з ім размаўляў. Але калі бачыў, ён у прынцыпе на пазітыве трымаўся, усміхаўся. У снежні з ім здарылася сітуацыя. Адміністрацыя была незадаволеная, што яго блізкія вядуць тэлеграм-канал, — яму сказалі памыць рукамыйнік. Калі паступае ўказанне мыць рукамыйнік або прыбіральні, ты гэтага не робіш з-за іерархіі. У калоніі ёсць актыў — тыя, хто супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, мужыкі — усе астатнія і нізкі статус — яны сядзяць на асобных лаўках, мыюць прыбіральні. З імі можна размаўляць, але ў іх ніхто нічога не бярэ, яны ўціскаюцца ў сценку, калі хтосьці побач праходзіць. Гэта дзіўна, але такія правілы. Дык вось Знак адмовіўся. Яго адправілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу. — Заўв. рэд.), наколькі я памятаю, ужо нават не ў ШІЗА. Ён адзін у камеры, але там ёсць доступ да літаратуры і перапіскі.

«Ляжыць 8 кг металу, а табе кажуць з гэтага зрабіць 20 кг»

Акрамя швейнага цэха, у ПК № 3 асуджаных задзейнічаюць на дрэваапрацоўцы або разборцы металаў. Льва адправілі на апошнюю.

— Мы павінны былі разбіраць драты, здабываць алюміній, медзь, іншыя металы. Табе даюць лязо і малаток, і ты дастаеш іх адтуль. Пальчаткі, маскі не выдавалі, — кажа былы палітвязень. — Разбіраеш тое ж оптавалакно — у паветры збіраецца пыл ад яго. Калі вяртаешся ў атрад і высморкваешся — у носе ўсё чорнае. Пры гэтым праца небяспечная: памяшканне маленькае, месцаў працоўных не хапае, мы стаялі побач адзін з адным — бывала, можаш не спецыяльна ў твар доўгім дротам чалавеку патрапіць. Затое калі ехалі праверкі, адразу знаходзіліся пальчаткі, акуляры!

У такіх умовах асуджаныя павінны былі выконваць норму па здачы металу. Па словах Льва, яна была толькі на гэтых работах. Кожны дзень норму правяраў майстар або супрацоўнік калоніі. За невыкананне маглі скласці рапарт. За тры рапарты пагражала ШІЗА.

— Спачатку мы працавалі шэсць дзён на тыдзень па зменах. Потым нас перавялі на графік праз дзень — норма вырасла. Пры гэтым яе ніхто аб’ектыўна не прызначаў. Бывала, ты прыходзіш, ляжыць 8 кг металу, а табе кажуць з гэтага зрабіць 20 кг. Відавочна, што гэта немагчыма. Выпадкі, калі хтосьці яе не рабіў, супрацоўнікі сабе пазначалі і гэтым карысталіся, — кажа мужчына.

Асуджаныя ў ІЧ №3 у гарадскім пасёлку Віцьба Віцебскай вобласці, 2006 год. Фота: «Беларускія навіны»
Асуджаныя ў ПК № 3 у гарадскім пасёлку Віцьба Віцебскай вобласці, 2006 год. Фота: «Беларускія навіны»

Палітычныя з жоўтай біркай за такую «правіну», са слоў Льва, маглі атрымаць адразу 40 сутак. Сам мужчына ў ШІЗА ў Віцьбе не трапляў. Што там адбываецца, ён ведае ад іншых зняволеных:

— Вінярскага адпраўлялі туды пры мне два разы. Напрыклад, да яго прычапіліся за лісты. Маўляў, Азаронка апісвае, як ёсць, нейкія патрыятычныя рэчы піша — трэба рэдагаваць. Ён быццам і згладзіў куты, скажам, але опер ўсё роўна да яго падышоў: «Трэба вас адправіць у ШІЗА — вы павінны здзейсніць правапарушэнне». Яму трэба было, напрыклад, пакінуць лакальны ўчастак ці пакінуць ежу на тумбачцы. Прыгразілі, што не адстануць.

Атраднік ужо чакаў яго на тэрыторыі, каб паглядзець. Калі Максім не выйшаў за ўчастак, ён здзівіўся і пайшоў правяраць тумбачку. Кажа: «А дзе ежа?» Максім сказаў, што не збіраецца рабіць правапарушэнне. Тут ён заўважыў у яго лінейку ў тумбачцы, а па спісе яе там не павінна было быць, і напісаў на яго паперку. Максіма адправілі на 10 сутак, гэта было перад Новым годам. Іншых палітычных хлопцаў таксама накіроўвалі.

Лакальны ўчастак — асобны ўчастак жылой зоны для некалькіх атрадаў. Яны падзеленыя, каб асуджаныя менш кантактавалі адзін з адным. Атраднік — супрацоўнік адміністрацыі калоніі, які прыглядае за атрадам.

— Астатнім зняволеным у гэтым плане было класна: іх сталі менш чапаць. Напрыклад, калі яны нешта парушалі, ім давалі сутак шэсць. Палітычнаму за меншую правіну — 24 ці ўсе 40, — тлумачыць Леў. — Але ім жа пра гэта адразу не гавораць. Адпраўляюць у памяшканне аднаго ці яшчэ з кімсьці, кажуць, што будзеш сядзець восем сутак. Потым на сёмыя кажуць: у цябе павуцінне або цвіль. Тэрмін працягваюць. Потым яшчэ і яшчэ. А ў ШІЗА, калі няма ацяплення, вельмі холадна, немагчыма сагрэцца. У людзей, што доўгі час у такіх умовах знаходзяцца, значна пагаршаецца здароўе. Пры гэтым ты не ведаеш, чым там заняцца.

«Калі кажаш, што ў цябе баліць зуб — пытаюцца пра твой тэрмін. Калі маленькі, будзе адказ "выйдзеш і палечыш нармальна"»

Леў кажа, што ў астатнім у бараках у Віцьбе ўмовы былі нядрэннымі: памяшканні — пасля рамонту выглядалі акуратна. У яго атрадзе пачалі ставіць унітазы, да іншых на пачатак 2023 года чарга яшчэ не дайшла. На турэмнай ежы былы следчы страціў шэсць кілаграмаў вагі, іншыя зняволеныя таксама худнелі:

— Кожную раніцу давалі кашу, два віды. Часам з жаночага ЛПП прывозілі пяльмені, але рэдка. У нас быў жарт: калі ў меню бачыш катлетку ці пяльмені — 70%, што ў калоніі праверка. Яшчэ былі дранікі. Але гэта гучыць так — дранікі! Насамрэч у іх хавалі бульбу, якая псуецца. На абед — суп і каша, вячэра — таксама каша і гарбата. Толькі на такой ежы не працягнеш.

Купіць за заробленыя на прамзоне грошы прадукты дадаткова зняволеныя таксама не маглі. Тое, што плацілі асуджаным за іх працу, заробкам не назавеш.

— Самае цікавае — што метал, які мы разбіралі, ішоў незразумела куды, можа, на здачу. Таму што мне за снежань заплацілі 1 рубель 2 капейкі, а бывала і 70−80 капеек. А вы разумееце, колькі каштуюць 10 кг медзі (незабруджаны лом медзі ў насельніцтва закупляюць па цане 15 рублёў 37 капеек за кг, нізкаякасны — па 7 рублёў. — Заўв. рэд.). Гэта значыць, ты быццам і працуеш, але табе плацяць рубель. Так зняволеным спецыяльна ўскладняюць жыццё. Калі ў цябе няма сваякоў і няма салідарнасці, там вельмі цяжка выжыць.

Ад родных можна атрымаць пасылку або грашовы перавод, але і тут усе псуюць тыя ж парушэнні. Атрымаўшы іх тры, асуджаны лічыцца злосным парушальнікам рэжыму. За гэта скарачаюць суму, на якую можна атаварвацца ў краме, з шасці базавых да дзвюх.

— Мне далі «злосніка» бліжэй да канца тэрміну, таму было без розніцы. А іншым цяжка. Вось, напрыклад, у цябе дзве базавыя, гэта каля 70 рублёў (у 2022 годзе базавая велічыня ў Беларусі складала 32 рублі, 1 студзеня 2023-га яе паднялі да 37 рублёў. — Заўв. рэд.). За гэтыя грошы купляеш, напрыклад, мыла, шампунь, гель для душа. Колькі там яшчэ застаецца на нейкія прадукты? Звычайна людзі бяруць універсальнае — нейкія прыправы, згушчонку, кетчуп або маянэз, каб есці ежу аднолькавага густу, — кажа былы палітвязень. — Пры гэтым ёсць чарга, па ёй мы хадзілі ў краму — гэта такі маленькі кіёск, але там у цэлым усё ў наяўнасці: каўбаса, сыр, нават чыпсы. У месяц кожны асуджаны павінны туды трапляць разы чатыры-пяць, але звычайна гэта два ці нават адзін паход. Не ведаю, чаму такая арганізацыя. Ва ўсім гэтым з харчаваннем ратуюць перадачы ад сваякоў.

Але больш за ўсё былога следчага абурала меддапамога — дакладней яе адсутнасць. Кажа, гэта тычылася ўсіх асуджаных:

— Калі я прыехаў, усіх прымушалі рабіць прышчэпкі ад кавіду. За адмову начальнік калоніі ўсім пагражаў пазбаўленнем спатканняў. У выніку неяк на гэта заплюшчвалі вочы, але ўказанне такое было. Потым я аднойчы мазаў крэмам рукі і зразумеў, што не адчуваю пах, значыць, напэўна, кавід. Пайшоў у санчастку — мне выпісалі нейкія таблеткі і адправілі назад у атрад. Гэта значыць, тут прышчэпкі рабі, а тут захварэў — і нічога, сядзіш разам з усімі.

Калі прыходзіш да іх і кажаш, што ў цябе баліць зуб — пытаюцца пра твой тэрмін. Калі маленькі, будзе адказ «выйдзеш і палечыш нармальна». Калі вялікі — «ой, вам яшчэ сядзець і сядзець, у вас усё роўна зубы павыпадаюць». Яны нават не далі дазвол на лёгкую працу хлопцу, у якога былі вялікія праблемы са спінай. Ён сядзеў па «справе Зельцэра» і працаваў са мной на прамзоне.

«У суддзяў, як я паглядзеў, наогул усё было класна»

Для палітычных у Віцьбе дзейнічае нямала простых побытавых абмежаванняў і забаронаў, успамінае Леў. Напрыклад, не пускалі ў спартзалу з «жалезам».

— Спорт у калоніі дапамагае абстрагавацца. Але нам займацца дазвалялі толькі ў спортдворыку, на гэта вылучалася гадзіна, — адзначае суразмоўца. — А так, у калоніі нават турнірка па футболе была, можна ўдзельнічаць. Яшчэ, памятаю, гляджу ў акно — людзі гуляюць у хакей! На тэрыторыі ёсць «каробка», асуджаных апранулі ў форму, шлемы — усё, як у хакеістаў. Прыгледзеўся — а яны імітуюць хакей. Аказалася, па спартыўным полі хадзіла пракурорская праверка.

ИК №3 в городском поселке Витьба Витебской области. Фото: Белсат
ПК № 3 у гарадскім пасёлку Віцьба Віцебскай вобласці. Фота: «Белсат»

Леў таксама дадае, што для палітычных адміністрацыя таксама старалася мінімізаваць кантакты з блізкімі, атрыманне навін аб тым, што адбываецца ў грамадстве і палітыцы:

— Яны імкнуцца ў зняволенага стварыць адчуванне, што ён нікому не патрэбны. З часам ён пачынае ў гэта верыць, губляюцца сувязі. І такая сітуацыя з усімі. Лісты, калі яны не ад блізкіх родных, часта не даходзяць. Тэлефанаваць з калоніі таксама можна толькі блізкім сваякам са спісу, які пакідаеш у адміністрацыі. Палітычным нават сёстрам не давалі тэлефанаваць.

Пры гэтым звычайныя зняволеныя маглі тэлефанаваць родным па графіку. Палітычных выклікалі як прыйдзецца — часам спецыяльна ў такі час, каб ты не датэлефанаваўся. І кожную тваю размову слухае опер. Ён сочыць, каб ты нешта не сказаў на волю (напрыклад, як кагосьці накіравалі ў ШІЗА) і каб табе навіны не даходзілі. А звычайна мы даведваліся іх з тэлевізара. Спачатку нам уключалі расійскі канал. Там у сюжэтах рускія ваенныя заўсёды апранутыя ў прыгожую форму, на якой ніколі няма бруду, і заўсёды перамагаюць. Пра страты за паўгода я чуў два разы, і тое з агаворкай, што «у ўкраінцаў усё роўна больш». Потым ішлі беларускія навіны, яны сканчваліся Азаронкам, але гэта самы сок. З яго стэндапаў смяяліся, але хоць нешта можна было даведацца, таму што ён адлюстроўваў, што адбываецца ў пратэстным руху, у грамадстве.

Па словах Льва, на першых шэрагах перад тэлевізарам рассаджваліся некалькі чалавек, якія яму верылі і «глядзелі перадачы, як дзеці — мульцікі». Палітычныя прапаганду не ўспрымалі ніяк, а праз іх яна дрэнна дзейнічала і на астатніх асуджаных.

— Хоць пяць разоў на дзень яе піхайце, гэта не дзейнічае, — разважае суразмоўца. — Астатнія асуджаныя праз вялікі працэнт палітычных у калоніях таксама задумваліся: мы ж размаўлялі, а яны слухалі, што адбываецца. Тым больш на Віцьбе сядзяць яшчэ і замежнікі. І было смешна, калі па тэлевізары распавядалі, як у Польшчы галадаюць, а з табой паляк, літовец побач і самі могуць расказаць, як там жывецца.

Па словах Льва, знешне калонія нагадвае санаторый: усе спяць, ядуць і бавяць час разам. Толькі жывуць у ім дарослыя і даўжэй, яшчэ і па суровых правілах, з пакараннямі. Прасцей за ўсё, як адзначае берасцеец, там людзям, што выйшлі з гэтай жа сістэмы:

— Я дзесьці чытаў, што Уцюрыну добра сядзець у калоніі. Я б так не сказаў. Ён цяжка працуе, як і многія іншыя, пры гэтым ні з кім не размаўляе: разумее, што там можа быць шмат стукачоў і што за ім прыглядаюць. Яму, мабыць, цяжка.

Былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў звычайна ідуць у актыў, запісваюцца якімі-небудзь дзённымі, загадчыкамі гаспадаркі, бібліятэкарамі, яшчэ, напрыклад, машынамі пральнымі займаюцца — то-бок дзесьці пры адміністрацыі. Гэтыя людзі не працуюць. І да іх, вядома, добрае стаўленне. У іх мэта — хутчэй выйсці. Вось быў адзін былы намеснік начальніка міліцыі, ён казаў: «Я выйду любым спосабам, чаго б мне гэта ні каштавала».

А ў суддзяў, як я паглядзеў, наогул усё было класна. За што б яны ні сядзелі. Пракурорам таксама было лягчэй. У цэлым, думаю, стаўленне адміністрацыі залежыць ад асобы, ад таго, як за чалавека патэлефанавалі і што расказалі. Але з адміністрацыі імі ніхто не пагарджаў. Да асуджаных за забойствы, педафілію таксама асабліва жорсткага стаўлення не было. Яны занялі сваю нішу — і больш не цікавыя. Калі ты неканфліктны, будзеш сядзець як усе. Палітычныя — для іх самае вялікае зло.