«Ёсць проста жахліваягісторыя пра мяжу», — напісала ў рэдакцыю чытачка «Люстэрка» Кацярына. Яна расказала пра сябра, які ўвечары 7 ліпеня ехаў з Вільнюса ў Мінск. Паездка прайшла з прыгодамі: аўтобус спынілі на беларускай мяжы, пасажыраў пратрымалі некалькі гадзін. А пасля пасажыраў высадзілі і прапанавалі дабірацца сваім ходам. Разбіраліся, што адбылося.
Імёны герояў змененыя з меркаванняў бяспекі.
«Натоўп людзей, з дзецьмі, з рэчамі, проста ў лесе»
Аўтобусы кампаніі PL Int ездзяць з Вільнюса ў Мінск і назад. 7 ліпеня аўтобус выехаў са сталіцы Літвы па раскладзе ў 17.00 і мусіў быць у Мінску ў 21.00. Але ўсё пайшло не па плане, пераказвае Кацярына гісторыю сябра.
— На літоўскай мяжы ўсё было добра, прапусцілі без праблем. На беларускай пачалося: супрацоўнікі сказалі чакаць, кудысьці пайшлі, і ў выніку аўтобус прастаяў чатыры гадзіны! Потым яны вярнуліся і сказалі чакаць яшчэ, — тлумачыць дзяўчына.
Каля паўночы да пасажыраў падышоў памежнік і сказаў выходзіць разам з рэчамі. Пункт пропуску «Каменны Лог» не прызначаны для пераходу мяжы пешшу, але супрацоўнік прайшоў яго разам з пасажырамі.
— Як расказваў сябар, памежнік сказаў, што аўтобус не прапускаюць, а людзі далей хай як хочуць. І дадаў: «Дзякуйце за гэта сваёй Літве». І вось стаіць натоўп людзей, з дзецьмі, з рэчамі, проста ў лесе за памежным пунктам! Сяк-так людзі пачалі дамаўляцца і заказваць таксі, хтосьці тэлефанаваў сябрам, — адзначае Кацярына.
Паводле дзяўчыны, прычынай спынення аўтобуса стала прэтэнзія памежнікаў да кіроўцы — той нібыта вёз кантрабанду. Хоць сам мужчына тлумачыў, што гэта стандартныя запчасткі на выпадак паломкі транспарту.
Яшчэ адна нашая чытачка, Вольга, у тую ноч забірала свайго мужа з мяжы: ён таксама ехаў гэтым рэйсам.
— Памежнікі сказалі, што ўнутры аўтобуса была кантрабанда, — пацвярджае яна словы Кацярыны. — Чаго менавіта, я не ведаю. Усяго было 56 пасажыраў, і натуральна, усе абураліся. Цікавіліся, што рабіць. А людзей шмат, усе з рэчамі. У адказ ад начальніка змены пачулі толькі, маўляў, дабірайцеся самі, усе пытанні да перавозчыка. Кіроўцы аўтобуса пасажыры больш не бачылі.
Што сказалі ў кампаніі і на мяжы
У кампаніі PL Int «Люстэрку» расказалі, што такі інцыдэнт на мяжы сапраўды быў. Паводле прадстаўніка перавозчыка, кіроўцу спынілі нібыта праз кантрабанду:
— Так, было такое затрыманне [аўтобуса]. У аўтобусе знайшлі нейкія рэчы, якія нельга было везці. Там былі запчасткі. Чаму праз гэта затрымалі… Недэклараванае, атрымліваецца, было. З кіроўцам нічога [не здарылася], яго вярнулі назад. Потым ён зноў паехаў у Беларусь, і больш праблем ніякіх не было. Такое з намі ўпершыню, але пасля гэтага інцыдэнту наступстваў ніякіх не было. У пасажыраў былі прэтэнзіі, але ўсё ўдалося вырашыць: вярнулі грошы.
Па каментар да прадстаўніка Смаргонскай памежнай групы звярнуліся журналісты блога «Людзі».
— Была такая сітуацыя. У дачыненні да грамадзян праведзены памежны кантроль, людзі перасеклі мяжу. Пасля прапановы ім дапамогі па пасадцы ў аўтобусы сказалі, што едуць самастойна. З нагоды затрымкі аўтобуса звяртайцеся да супрацоўнікаў мытні, — параіў дзяжурны. — З боку памежнікаў людзям была прапанаваная пасадка ў аўтобусы, якія ехалі праз дзяржаўную мяжу.
Атрымаць аператыўны каментар ад прадстаўніка мытнага кантролю ў пункце пропуску «Каменны Лог» журналістам блога не ўдалося.
Чытайце таксама