Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Беларусы выкарыстоўваюць лайфхак, каб хутчэй атрымаць шэнген. Даведаліся, што за ён
  2. Што з грашыма, якія мусіў атрымаць фонд зніклай Анжалікі Мельнікавай? Вось што даведалася «Люстэрка»
  3. З усёй краіны арганізавана звозяць гледачоў на канцэрты, прыдуманыя нявесткай Лукашэнкі. Колькі за гэта плацяць падаткаплатнікі
  4. «Наша Ніва»: Муж беларусской журналистки за границей не единственный, кто имеет паспорт прикрытия
  5. Намесніца міністра сувязі расказала, чаму ў Беларусі не блакуюць YouTube, і прызнала, што ў нашым клоне «ніхто не хоча нічога размяшчаць»
  6. В Беларусь пытались ввезти рекордную контрабанду взрывчатки. Вот что узнало «Зеркало» о водителе
  7. В ближайшее время Россия, вероятно, нанесет очередной массированный удар по Украине — ISW
  8. Афіцыйныя прафсаюзы б'юць трывогу праз пенсіі і заробкі бюджэтнікаў. Што з імі не так
  9. Сіноптыкі папярэдзілі пра небяспеку ў чацвер
  10. «Няважна, застаюцца працаваць ці ідуць на пенсію». Наймальнікаў папрасілі даць звесткі пра супрацоўнікаў — навошта
  11. Ці ёсць у вашай сям'і Audi, Porsche або Mercedes? Не? А грошы на такія аўто з вашай кішэні ўсё роўна «выцякаюць» — тлумачым, як так
  12. У беларускіх турмах прымушаюць насіць розныя біркі. Так ужо рабіла раней адна краіна — і ўладам Беларусі не спадабаецца параўнанне
  13. «В последнее время стая „черных лебедей“». Эксперт пояснил, как торговая война Трампа с миром может затронуть рынок жилья Беларуси
Читать по-русски


Праваабаронцы з Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі звярнулі ўвагу на тое, што многія з беларускіх байцоў ва Украіне згадваюць, што падчас пратэстаў 2020 года сутыкнуліся з гвалтам, жорсткасцю, катаваннямі з боку сілавікоў. Яны пагаварылі з беларусамі-добраахвотнікамі, каб высветліць, як перажыты падчас пратэстаў траўматычны досвед паўплываў на іх рашэнне пайсці на вайну. Публікуем скарочаную версію даследавання.

Белорусские добровольцы в Украине. Фото: Полк Калиновского t.me/belwarriors
Трэніроўка байцоў палка Каліноўскага. Фота: полк Каліноўскага t.me/belwarriors

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў — гэта праваабарончая арганізацыя, створаная пасля поствыбарчых падзей 2020 года як адказ на высокі ўзровень гвалту з боку ўладаў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў. Камітэт дакументуе, захоўвае і аналізуе сведчанні пра катаванні і жорсткае абыходжанне з затрыманымі.

«З першых дзён поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну пачалі з’яўляцца навіны пра тое, што беларусы і беларускі ўступаюць у шэрагі Узброеных сіл Украіны. У інтэрв'ю добраахвотнікаў прасочваліся агульныя моманты: яны прызнаваліся, што мала хто меў баявы досвед раней, і згадвалі перажыты ў 2020 годзе гвалт. Шмат хто расказваў, што зазнаў жорсткае абыходжанне і катаванні з боку сілавых структур. Пачала прасочвацца ўзаемасувязь паміж іх рашэннем стаць добраахвотнікамі і траўмавальным досведам беларускіх пратэстаў», — адзначаюць аўтары.

Як прыклад яны прыводзяць Цімура Міцкевіча. У 2020-м 16-гадовага хлопца затрымалі на пратэстах і збілі да такой ступені, што дактарам давялося ўводзіць яго ў штучную кому. Супраць яго распачалі крымінальную справу, яго маці памерла. Цімуру ўдалося збегчы з бальніцы і з краіны. У 2022-м ён далучыўся да палка Каліноўскага. «А пайшоў бы Цімур на вайну, калі б не жнівень 2020-га?» — задаліся пытаннем аўтары праекта і вырашылі даследаваць гэтую тэму, пагаварыўшы з іншымі байцамі.

У праекце ўдзельнічалі 15 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку УСУ: 14 мужчын і адна жанчына. Апытальны ліст для іх склаў запрошаны крызісны псіхолаг, імя якога не называецца з меркаванняў бяспекі, а самі інтэрв'ю праводзіў украінскі псіхатэрапеўт Дзям’ян Папоў, які працуе з байцамі палка Каліноўскага.

Белорусские добровольцы в Украине. Фото: Полк Калиновского t.me/belwarriors
Беларускія добраахвотнікі ва Украіне. Фота: полк Каліноўскага t.me/belwarriors

Сярэдні ўзрост удзельнікаў — 30 гадоў, найстарэйшаму — 43 гады, наймалодшаму — 20. Васьмярым з 15 на момант апытання не было і 30 гадоў, трое былі маладзейшыя за 25. З усіх толькі двое раней мелі армейскі досвед, але мінімальны.

Дзевяць з 15 інтэрв'юяваных былі палітычна актыўныя яшчэ да 2020 года: чацвёра — перыядычна, пяцёра — пастаянна. Астатнія да 2020-га «жылі звычайным жыццём». Але пры гэтым ва ўсіх была сфармаваная пазіцыя, у той ці іншай ступені яны былі не згодныя з палітыкай дзейнай улады. Таму большасць у 2020 годзе ўзяла ўдзел у пратэстах, астатнія беларускія добраахвотнікі былі іх сведкамі.

Інтэрв'юяваныя згадваюць «немагчымасць так жыць далей», жаданне аднавіць справядлівасць, законнасць, салідарнасць з затрыманымі і скалечанымі людзьмі. Для дваіх паваротны момант надышоў нават не падчас выбараў, а раней, у сувязі з COVID-19 і рэакцыяй уладаў на эпідэмію.

«Я памятаю гэтыя моманты, як пад праліўным дажджом людзі стаялі, аддавалі подпісы за Віктара Бабарыку. А потым яго затрымалі, і мы сталі ўздоўж усяго праспекта. Праспект Незалежнасці стаіць, увесь праспект ад цэнтра — гэта людзі, з двух бакоў. У мяне быў сабака, я не мог з ім выйсці, мы садзіліся ў машыну і ездзілі коламі. Там затор, усе сігналяць, і людзі стаяць. І ўсе рэальна верылі, што з масавасцю мы пакажам — за што, як мы хочам жыць далей. Бо асноўны лозунг 2020 года быў „Сыходзь!“» — кажа М3 (удзельнік-мужчына нумар тры).

Васьмёра з 15 прайшлі праз збіццё і катаванні ў Беларусі са жніўня 2020-га, амаль усе бачылі, як затрымліваюць і збіваюць іншых. Пасля пратэстаў усе раней ці пазней пакінулі Беларусь, адразу ва Украіну з’ехалі шасцёра.

«Узровень жорсткасці перасягнуў усе магчымыя і немагчымыя межы»

Першай траўмавальнай падзеяй для ўдзельнікаў псіхолагі праекта называюць вечар 9 жніўня 2020 года і наступныя тры дні, калі ўзровень гвалту сілавікоў супраць пратэстоўцаў быў пікавым.

«Я ўбачыў нейкі недабуд, пачаў залазіць туды. Я залез на першы паверх і пачуў крокі, і падумаў, што калі гэта нейкі амапавец, сілавік, гэтак далей, я проста яму ўрэжу і буду ўцякаць на максімум. А гэта выйшаў вартаўнік, сказаў, што хавайся на другім паверсе, там ужо сядзіць некалькі чалавек, я скажу амапаўцам, што вас тут няма. Мы сядзелі на другім паверсе, дакладней, мы ляжалі на падлозе. Я чуў, як падбеглі амапаўцы, спыталі, ці не прабягалі тут людзі. Вартаўнік сказаў, што не, я б нікога не пусціў, вы што, яны, напэўна, кудысьці далей пабеглі. Я ляжаў там да 6 раніцы, трохі паспаў. Я чуў, як білі людзей, чуў выбухі, стрэлы, Увогуле, мне было вельмі страшна», — расказвае ўдзельнік М4.

«Узялі гранату, скруцілі чаку, засунулі мне ў бялізну, рукі і ногі былі звязаныя, кінулі мяне і ўцяклі, робячы выгляд, што забіваюць. Я проста паляжаў секунд 30, выбуху не адбылося, думаю, ну, жывём далей», — успамінае ўдзельнік М15.

Белорусские добровольцы в Украине. Фото: Полк Калиновского t.me/belwarriors
Байцы палка на прывале. Фота: полк Каліноўскага t.me/belwarriors

Жорсткасць і бесчалавечнасць уладаў значна траўмавалі ўдзельнікаў і зрабіліся трыгерам для далейшага супраціву.

«Я зразумеў, што ўзровень жорсткасці і гвалту перасягнуў усе магчымыя і немагчымыя межы, я зразумеў, што нешта трэба мяняць, і пасля гэтага я пайшоў на велізарны марш, 500-тысячны, 15 ці якога жніўня гэта было. Калі проста на стэле была неймаверная колькасць людзей. І тады я зразумеў — вось гэтае пачуццё свабоды і пачуццё, калі табе не трэба баяцца, бо ў горадзе наогул не было сілавікоў. І мы ішлі велізарным натоўпам, са сцягамі, усё было цудоўна, людзі дзяліліся вадой, я схадзіў у краму, на ўсе грошы купіў марожанага, дзяліўся з людзьмі», — расказаў М4.

«Я была з тых людзей, хто яшчэ ў жніўні [2020 года] сказаў, што стоп, наогул можна забыць пра выбары, наогул усё роўна, колькі [Лукашэнка] набраў. Тое, што адбылося пасля — у любым выпадку ён абавязаны здаць свае паўнамоцтвы і валіць здацца. І ўсё роўна ўжо, выбары не маюць значэння ніякага», — падзялілася ўдзельніца Ж1.

«Я пасварыўся з многімі сваімі знаёмымі, якія былі за мірныя пратэсты, а пасля таго, што са мной было, я больш не бачыў сэнсу ў мірных пратэстах, і ў мяне была вялікая прага помсты і ўсё. За тое, што са мной зрабілі. Я проста не супаў у інтарэсах у гэтым выпадку са сваімі сябрамі, знаёмымі», — успамінае ўдзельнік М2.

«Мы хаваліся ў СТА пад машынай. Нас хлопцы схавалі ў яме, апусцілі машыну, каб не было відаць. Мы сядзелі ў гэтай яме, бачылі берцы амапаўцаў, якія ходзяць па гэтай СТА, але яны не паглядзелі ў яму. А потым мы выйшлі з дзяўчынай, якая там сядзела, яна таксама сказала, што ёй у мой раён прыкладна. Мы выйшлі з дзяўчынай, пачалі ісці, мяне мусілі сябры забраць за два кварталы ад гэтага. І мы ўбачылі, як едзе бусік на нас, зразумелі, што нас, хутчэй за ўсё, будуць затрымліваць. І яна проста ўзяла мяне за адвароты курткі, прыцягнула да сябе, і мы пачалі цалавацца. Гэта наогул незнаёмая дзяўчына, я яе бачыў першы і апошні раз у жыцці. І бусік спачатку спыніўся побач, а потым паехаў далей. Я памятаю, як у мяне проста выскоквала сэрца ад усяго — ад самой сітуацыі, ад таго, што, у прынцыпе, дзяўчына была прыгожая, ад таго, што я мог паехаць на суткі», — сведчыць М4.

«І ўспамінаючы вось гэты год, я памятаю вось гэтыя рэчы ў маршы, калі ты ідзеш, там побач куча людзей была. Я такога не бачыў ніколі і, напэўна, убачу толькі калі мы вернемся ў Беларусь, калі дай бог гэта будзе. І я памятаю, як да мяне часта людзі падыходзілі і расказвалі свае гісторыі. Казалі, мы кожную нядзелю збіраемся на марш — нам страшна было шалёна. Мне таксама было страшна шалёна. А пры гэтым мы баімся, што ніхто не выйдзе. Што мы прыйдзем, а нікога не будзе. І ўсё роўна людзі ідуць. І людзі ішлі, ішлі, выходзілі супраць», — расказаў М3.

Белорусские добровольцы в Украине. Фото: Полк Калиновского t.me/belwarriors
Беларускія добраахвотнікі ва Украіне. Фота: полк Каліноўскага t.me/belwarriors

«Там я была абсалютна бездапаможнай»

Рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацняліся і ахоплівалі ўсе групы грамадства. Дзесяці ўдзельнікам праекта давялося пакінуць краіну праз пагрозу арышту. Многія з’ехалі адразу пасля пратэстаў.

«З Беларусі я збегла, і там я была абсалютна бездапаможнай. У мяне было два варыянты: ці я сяду, ці я збягу. Неяк так сабе варыянт сесці. Калі гэта рэальна не будзе мець карысці. Калі ты мог сесці і рэальна гэта нешта змяніла б, гэта так. А ты проста сядзеш», — расказала адзіная жанчына (Ж1), якая ўзяла ўдзел у апытанні.

Адзін з’ехаў крыху пазьней — калі не атрымаў падтрымкі ў закліку да гвалтоўнага супрацьдзеяньня ўладам. З 15 чалавек на той момант ён быў адзіным, хто адкрыта выступаў за сілавы пратэст.

«Я прынцыпова не хацеў з’язджаць з Беларусі, бо мне здавалася, што з’язджаць — гэта параза, нічога не зробіш. Пры гэтым я выступаў, я так думаю і цяпер і так думаў тады, — я разумею, што дыктатарскія рэжымы нельга зрынуць без гвалту. Таму я сказаў усім пратэстоўцам: „Вы альбо бярыцеся за зброю і змагайцеся, альбо адразу здавайцеся, бо так вы не пераможаце“. Я выступаў за гвалтоўны пратэст», — успамінае М15.

Белорусские добровольцы в Украине. Фото: Полк Калиновского t.me/belwarriors
Збор байцоў. Фота: полк Каліноўскага t.me/belwarriors

З часам ад падтрымкі мірнага пратэсту да ідэі актыўнага супраціву перайшлі пяцёра інтэрв'юяваных. Двое з іх перажылі катаванні і жорсткае стаўленне ў розны перыяд, пачынаючы са жніўня 2020 года, яшчэ адзін зазнаў найцяжэйшы гвалт з боку беларускіх сілавікоў у першыя паслявыбарчыя дні.

Шасцёра з тых, хто з’ехаў, жылі ва Украіне, чацвёра — у іншых краінах. Некаторыя з добраахвотнікаў расказваюць, што жыццё ў эміграцыі давалася цяжка, двое кажуць пра тое, што было складана зразумець, як жыць далей.

«Калі я пераехаў ужо, мяне вельмі моцна накрыла трывога і ў мяне былі праблемы з каштоўнасным разуменнем свайго жыцця, для чаго я жыву. Нейкія штукі ў выглядзе грошай і іншых рэчаў мяне не вельмі цікавяць. Я нармальна зарабляю, мне хапае на жыццё. Мяне цікавяць іншыя рэчы ў жыцці. Таму мне было вельмі кепска, я хадзіў да псіхолага», — расказвае М12.

«Пасля эміграцыі досыць доўгі час не мог знайсці сабе месца, у прынцыпе, у мяне ніколі не было жадання нікуды з’язджаць. І ў пэўны момант да мяне прыйшло разуменне, што я б хацеў менавіта са зброяй у руках адстойваць сваю краіну», — кажа М14.

«Мы страцілі Беларусь, Украіну мы не можам страціць»

Калі пачалася поўнамаштабная вайна, 24 лютага 2022 года, удзельнікі праекта ўспрынялі гэта па-рознаму. Адзін чалавек адчуў жах ад таго, што адбываецца.

«Я з 24-га практычна не працаваў. Наогул не было цікавасці проста. Мяне і да 24-га, пасля 2020 года, мала што цікавіла, акрамя таго, што можна зрабіць, каб працягнуць гэтыя працэсы, якія ідуць (дэмакратычныя перамены ў Беларусі. — Заўв. рэд.). І 24-га проста ўвогуле адсекла ўсе астатнія інтарэсы да ўсяго цывільнага. І я ўжо там, як і ўсе, скроліў тэлефоны, у галаве адна вайна. Потым неяк адпусціла. Пачаў дыхаць», — успамінае М9.

Белорусские добровольцы в Украине. Фото: Полк Калиновского t.me/belwarriors
Баец палка з нашыўкамі ў выглядзе ўкраінскага і беларускага бел-чырвона-белага сцягоў. Фота: полк Каліноўскага t.me/belwarriors

Тое, што войскі ідуць з Беларусі, стала ўдарам для інтэрв'юяваных.

«Я працую ў актывісцкай арганізацыі, і калі ўжо было зразумела, што з тэрыторыі Беларусі наносяцца ўдары, што з тэрыторыі Беларусі ідуць войскі і гэтак далей, я зразумеў, што 1,5 ці колькі года маёй працы [было] недастаткова для таго, каб гэта спыніць. І ўсе мае намаганні па ўмоўна мірным пратэсце прывялі да таго, што ў мяне не было сіл спыніць гэта сваёй працай», — кажа М4.

Чаму ўдзельнікі праекта вырашылі пайсці добраахвотнікамі? Загадзя былі гатовыя ваяваць толькі чатыры чалавекі. Карані матывацыі ў 15 інтэрв'юяваных былі рознымі.

Пяцёра ў першую чаргу хацелі атрымаць баявы досвед. Чацвёра хацелі адстойваць Украіну, каб не страціць краіну, якая стала ім другім домам.

«І калі пачалася вайна, я разумеў, што гэта не тое што мой лёс, але проста маё выхаванне, мае прынцыпы, мой выбар — ужо не бегчы другі раз, бо Кіеў — гэта для мяне горад, як для многіх беларусаў, у якім я ўпершыню адчуў свабоду. Для мяне было гэта ўнутраным такім, мяжой, калі ўжо… Далей ужо няма куды. Таму я з задавальненнем і з радасцю, напэўна, гэта сустрэў, бо разумеў, што вось я цяпер буду рабіць прамое нейкае дзеянне для таго, каб ліквідаваць праблему», — тлумачыць М12.

«Калі пачалася вайна, мяне праўда трыгернула. Трыгернула сітуацыя ў Беларусі, проста вельмі вялікія адгалоскі былі, не будзем хаваць, што Расія магла ўмяшацца і ў Беларусь [падзеі пасля выбараў 2020 г.], напэўна, ніхто нават спрачацца не будзе, што яна нават і ўмяшалася. І фраза, якую я сказаў: „Мы страцілі Беларусь, Украіну мы не можам страціць“», — дадае М2.

Белорусские добровольцы в Украине. Фото: Полк Калиновского t.me/belwarriors
Беларускі добраахвотнік у Мікалаеве. Фота: полк Каліноўскага t.me/belwarriors

Для кагосьці важным стала разуменне, што перамога Украіны — гэта шанец перамогі і для Беларусі. Рашэнне пайсці на вайну бачылася і бачыцца ім адзіна правільным.

«Для мяне пытанне не стаяла зусім, усё было ясна, тым больш што на пачатак сакавіка здавалася, што гэта самы хуткі шлях дадому», — кажа М6.

У аднаго чалавека рашэнне пайсці добраахвотнікам было прадыктаванае ў першую чаргу жаданнем адпомсціць. Гэта быў мужчына, які 9−12 жніўня 2020 года зазнаў найцяжэйшыя катаванні з боку беларускіх сілавікоў, гэта «выбіла яго з адной рэальнасці ў іншую», адзначае псіхатэрапеўт Папоў.

«На першае месца я, напэўна, пастаўлю помсту ўсё ж, бо гнеў зноў жа ў лютым, калі ты бачыш, што адбываецца. Ты пачынаеш злавацца, цябе злуе. Я не кантраляваў эмоцыі, якія ў мяне былі», — тлумачыць М2.

Белорусские добровольцы в Украине. Фото: Полк Калиновского t.me/belwarriors
Байцы палка на трэніроўцы. Фота: полк Каліноўскага t.me/belwarriors

І гэта быў адзіны інтэрв'юяваны, які падчас гутаркі адчуваў моцныя эмоцыі і перажыванні — астатнія гаварылі даволі роўна. Дзям’ян Папоў дадае, што прытупленне адчуванняў на вайне — неабходны элемент, бо інакш можна не справіцца з перажываннямі: «Гэта не пра жорсткасць і не пра страту ўсіх пачуццяў. Перажыванні становяцца новым досведам: „Я ведаю, як гэта, так, я гэта адчуваю, але адчуваю па-іншаму“. Чалавек бярэ гэты досвед і становіцца мацнейшым. Гэта пра адчуванне, што цябе ўжо мала чым можна напалохаць».

«Ты можаш на нешта ўплываць»

Пяцёра добраахвотнікаў на пытанне пра матывацыю казалі пра здабыццё дзеяздольнасці. Яны адчулі, што для іх вайна можа стаць магчымасцю справіцца з адчуваннем бездапаможнасці, звязаным з сітуацыяй у Беларусі, перастаць быць ахвярай, знайсці новы сэнс.

Гвалт у жніўні 2020 года — збіццё, катаванні, шматгадзіннае стаянне на каленях у дварах РУУС, перапоўненыя камеры — усё гэта, як і наступныя падзеі, было пра страту дзеяздольнасці, тлумачаць аўтары праекта. Ужо амаль тры гады рэжым працягвае рэпрэсіі. У беларусаў ва ўсіх сэнсах звязаныя рукі: ні адзін з негвалтоўных рычагоў ціску не працуе ці працуе не так эфектыўна, як хацелася б. Менавіта праз гэта, лічаць аўтары, большая частка суразмоўцаў кажа пра ўступленне ў шэрагі добраахвотнікаў як пра магчымасць прамога супрацьстаяння абсалютнаму злу — і якраз гэта для іх і ёсць вяртаннем дзеяздольнасці.

Белорусские добровольцы в Украине. Фото: Полк Калиновского t.me/belwarriors
Узброеныя байцы калонай ідуць уздоўж «зялёнкі» — лесапаласы ў полі. Фота: полк Каліноўскага t.me/belwarriors

«Калі з’явілася магчымасць, проста, ведаеце, у першыя тыдні, як і ўсе, думаеш: блін, трэба ехаць ваяваць, трэба нешта рабіць, трэба змагацца, гэта наогул жах нейкі. Ну і паціху сябе адгаворваеш, што ты там рабіць будзеш, нічога не ўмееш. Я ж не служыў наогул, адкасіў. А потым полк з’явіўся. І я не мог не скарыстацца выпадкам. Сабраў заплечнік і пайшоў», — кажа М9.

«Я памятаю гэтае адчуванне, калі ты гатовы выйсці на плошчу і спаліць сябе жыўцом. Толькі б ты нешта зрабіла наогул. Ты разумееш, ты не робіш гэтага, бо не будзе карысці. Вось такое. Ты настолькі нічога там не можаш. А тут ты разумееш, што можаш на нешта ўплываць. Прычым ты можаш выступіць супраць таго ж ворага, які быў у цябе там. Бо было абсалютна відавочна, што рэжым Лукашэнкі ніколі б не выстаяў без дапамогі Пуціна. І, па сутнасці, наш вораг, які быў у нас дома, прыйшоў яшчэ і сюды. Ты едзеш у іншую краіну, а ён прыпіраецца за табой. Ты такі: не, ну цяпер я магу даць табе па яб**е, я пайшла. Прыблізна так. Там не магла — тут магу», — расказвае Ж1.

«Даць адпор, бо ўсё роўна мы за праўду і ты разумеў, што тут правільны бок толькі адзін, і так, тым больш што цяпер ты, атрымліваецца, з’ехаў са сваёй краіны, і цябе тут даганяе зноў гэта ўсё. І што, увесь час бегаць некуды? Калі гэта не спыніць, яно пойдзе далей. Я не магу вярнуцца ў сваю краіну, і мне цяпер [трэба] адсюль з’язджаць і так увесь час бегаць. Трэба з гэтым нешта рабіць», — тлумачыць М5.

«Не бачу ўвогуле ніякай карцінкі»

У канцы гутаркі добраахвотнікаў пыталі, якой яны бачаць сваю будучыню. Большасці з іх аказалася складана будаваць планы, яны разважалі пра працягласць вайны, вызваленне Украіны і потым Беларусі, але не казалі пра сябе асабіста.

«У мяне цяпер такое трывалае адчуванне, што будаваць планы абсалютна немагчыма. Бо пасля гэтай вайны свет не будзе такім, якім быў раней. Думаць, дзе ты будзеш у свеце, якога яшчэ няма, вельмі складана», — кажа М1.

Белорусские добровольцы в Украине. Фото: Полк Калиновского t.me/belwarriors
Беларускія добраахвотнікі ў Бахмуце. Фота: полк Каліноўскага t.me/belwarriors

«Я магу сказаць, што насамрэч так далёка не загадваю пакуль, бо вайна. Калі б да вайны спыталі, я б выразна адказаў. А з пачаткам вайны варыяцыйнасць настолькі ўзрасла, што і варыянтаў будучыні такая колькасць, што мне вельмі складана сказаць, я не ведаю. Не бачу наогул ніякай карцінкі», — тлумачыць М6.

«Я — закладнік абставінаў. Калі будзе працягвацца вайна, а, на маю думку, яна будзе працягвацца, і не два гады, то я буду змагацца да апошняга», — упэўнены М9.

«Ідэальнай будучыняў магло б для мяне быць — поўная ваенная перамога над расійскай арміяй і тэрытарыяльная цэласнасць як Украіны, так і палітычная незалежнасць Беларусі ад Расіі, ад расійскай дзяржавы. У маёй ідэальнай будучыні праз два гады гэта такая будучыня, дзе я змагу знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і дзе будзе нацыянальна-дэмакратычная ўлада, якая не будзе душыць тую ці іншую палітычную ці моўную групу людзей», — спадзяецца М7.

Толькі трое прызналіся, што пасля заканчэння вайны хочуць «жыць сваім жыццём».

«Я збіраюся далей займацца тым, у чым я лепш за ўсё [разбіраюся] - гэта творчая прафесія. У мяне даволі шмат усялякіх навыкаў, таму я думаю, што я сябе знайду ў гэтым жыцці. Я ўпэўнены ў гэтым. Дзеля гэтага мы і ваюем, каб вярнуцца ў нармальнае рэчышча, каб людзі маглі займацца сваімі справамі», — кажа М5.

«Я думаю, што хацеў бы вярнуцца да нармальнага жыцця, якое было ў мяне да вайны. Я хацеў бы жыць у кватэры, каб мець магчымасць чытаць кнігу, глядзець фільм, гуляць на вуліцы. Я, вядома, разумею сваю актывісцкую сутнасць, і мне трэба будзе рабіць нешта дадаткова для нейкай сацыяльнай самарэалізацыі, але, хутчэй за ўсё, гэта будуць іншыя, больш мірныя формы, чым удзел у вайне», — разважае М15.

Белорусские добровольцы в Украине. Фото: Полк Калиновского t.me/belwarriors
Байцы палка ідуць па дарозе і нясуць скрыні з узбраеннем. Фота: полк Каліноўскага t.me/belwarriors

Рэзюмэ псіхатэрапеўта

— Праз гэты праект пацвердзіліся мае адчуванні таго, што трэба зрабіць, каб са звычайнага чалавека з’явіўся чалавек, здольны страляць і забіваць, вайсковец. І тут якраз ёсць гэтая гісторыя пра «дзеяздольнасць» і «не быць ахвярай», — кажа псіхатэрапеўт Дзям’ян Папоў. — На прыкладзе гэтых людзей вельмі выразна відаць, што адно з асноўных адчуванняў пасля выбараў 2020 года — гэта адчуванне бездапаможнасці, «я нічога не магу зрабіць». І таму вайна ім здаецца выхадам — гэта пра здабыццё дзеяздольнасці. «Ва Украіне ваяваць», «даць па мордзе ворагу» — гэта тое, пра што яны казалі падчас інтэрв'ю. Мы ж разумеем, што тут [Расія] - таталітарызм, дыктатура, гвалт — проста іншая галава цмока, якая негвалтоўнасці не разумее. Вось чалавек, адзін з нашых суразмоўцаў, які вельмі падтрымліваў мірны пратэст, удзельнічаў у ім, а потым праз гэта з ім адбыліся жахлівыя рэчы. І цяпер у інтэрв'ю сваім асноўным матывам уступлення ў шэрагі добраахвотнікаў ён называе помсту. Для мяне ён — пацверджанне гэтай сувязі. І гэта, напэўна, было самым цікавым для мяне. Гвалт спараджае гвалт, так, бо з гвалтам можна справіцца, як правіла, толькі гвалтам. Але траўма можа быць і пунктам росту, і гэта працуе як для аднаго чалавека, так і для грамадства ў цэлым. Але калі гэта перажыць, здолеўшы захаваць сваю ідэнтычнасць, тады ў грамадства ёсць шанец перайсці на новую прыступку развіцця. Калі перажыць не атрымаецца, гэта можа прывесці да разбурэння, дэградацыі, знішчэння, смерці — у сацыяльным ці агульным сэнсе.

Чытайце таксама