У выпадку поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю ў Літву дазволяць заязджаць дыпламатам і тым, хто просіць прытулку. Акрамя таго, туды змогуць вярнуцца грамадзяне Літвы або іншых краін ЕС. Аднак перасекчы мяжу з турыстычнымі або працоўнымі мэтамі, а таксама прыехаць у госці, у аэрапорт ці ў санаторый будзе немагчыма. Пра гэта паведамілі ў МУС Літвы, піша Delfi.
«У выпадку поўнага закрыцця мяжы [з Беларуссю] будзе забяспечанае вяртанне ў Літву грамадзян Літвы і ЕС, дазволенае перамяшчэнне дыпламатаў, а таксама прыезд тых, хто просіць прытулку, з Беларусі і іншых краін з гуманітарных меркаванняў», — расказалі ў Міністэрстве ўнутраных справаў.
Калі мяжу цалкам закрыюць, грамадзяне Беларусі больш не змогуць прыехаць у Літву як турысты або па пакупкі. Забарона на ўезд таксама закране беларусаў з відам на жыхарства ў Літве ці Польшчы, дальнабойшчыкаў і іншых грамадзян з працоўнымі візамі.
Паводле звестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы, найбольш беларусаў едзе ў краіну на адпачынак ці на шопінг. Яшчэ адна катэгорыя — тыя, хто праз літоўскія аэрапорты ляціць у іншыя дзяржавы ЕС.
Многія наведваюць у Літве сваякоў і прыязджаюць на аздараўленне ў санаторыі, але «ў параўнанні з патокам тых, хто прыязджае па пакупкі, гэтых людзей менш», заявіў прэс-сакратар САДМ Гедрус Мішуціс.
У службе таксама адзначылі, што пасля закрыцця пунктаў пропуску «Шумскас» («Лоша») і «Твярачус» («Відзы») 18 жніўня колькасць беларусаў, якія ўязджаюць у Літву, скарацілася, але нязначна, і цяпер дасягае 3900−4400 чалавек за суткі. А вось колькасць літоўцаў, якія едуць у Беларусь, знізілася адчувальна — на 37%.
Сітуацыя на мяжы Беларусі і Літвы
Нагадаем, 18 жніўня Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — «Шумскас» («Лоша») і «Твярачус» («Відзы») — у адказ на магчымыя пагрозы з боку наймітаў ПВК Вагнера. У краіне таксама абмяркоўваюць прыпыненне працы яшчэ двух пунктаў — «Лаварышкес» («Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка») — з ініцыятывы МУС Літвы. Калі гэта адбудзецца, дзейных памежных пераходаў застанецца толькі два: «Мядзінінкай» («Каменны Лог») і «Шальчынінкай» («Беняконі»).
Разам з тым 29 жніўня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заклікаў не ператвараць закрыццё памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю ў «своеасаблівы спорт», а прэм’ер-міністр краіны Інгрыда Шыманітэ паведаміла, што ўрад Літвы найбліжэйшым часам не плануе закрываць новыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю.
Чытайце таксама