На мерапрыемствах школ і гімназій Маскоўскага раёна Брэста забаранілі ўключаць і выконваць замежныя песні, паведаміла днямі BG.Media. Паводле інфармацыі выдання, такое ўказанне ва ўстановы адукацыі прыйшло «зверху». «Люстэрка» высветліла, што ініцыятыва ідзе ад Міністэрства культуры, аднак фармулёўка гучыць інакш.
«Уся шуміха праз «жахлівы ўплыў Захаду»«
Паводле звестак BG. Media, забарона на выкананне і ратацыю замежных песняў датычыць школьных святаў, конкурсаў, гульняў, спаборніцтваў і іншых мерапрыемстваў. Крыніца выдання — работнік адной з установаў адукацыі Брэста. Яго імя ў тэксце не называюць, але пішуць, што «падставаў не верыць нашай крыніцы ў нас няма».
— Гучыць як эпічнае трызненне, але дырэктары школ на поўным сур’ёзе заявілі пра гэта (гаворка пра забарону песняў на замежнай мове. — Заўв. рэд.), — цытуе выданне свайго суразмоўцу. — Самы «сок» у школах, якія спецыялізуюцца на вывучэнні замежных моваў. У іх таксама нельга спяваць песні на замежных мовах.
Брэст падзелены на два раёны — Маскоўскі і Ленінскі. Крыніца адзначыла, што ў школы Маскоўскага раёна адносна забароны прыйшлі адпаведныя паперы «зверху». А ў школах Ленінскага раёна сітуацыю пакінулі на водкуп адміністрацыі.
— У нас тое самае, толькі негалосна, — цытуе выданне аднаго з работнікаў з установы адукацыі Ленінскага раёна Брэста. — Нашая дырэктарка яшчэ ў канцы таго года як вар’ятка бегала і забараняла замежныя песні. — Уся шуміха праз «жахлівы ўплыў Захаду».
«Гэта не нашае распараджэнне»
Каб разабрацца ў сітуацыі і ўдакладніць, ці сапраўды ёсць такая забарона, журналістка «Люстэрка» як мама школьніка патэлефанавала ва Упраўленне па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста. Там удакладнілі, распараджэнне пра тое, каб «не гучалі песні на замежнай мове», датычыць толькі лінеек. На мерапрыемствах, дзе падымаюць сцяг і гучыць гімн, «мусяць быць і нашыя беларускія песні», сказалі ў ведамстве, падкрэсліўшы, што гэта элемент патрыятычнага выхавання.
— Гэта не нашае распараджэнне, гэта сказала Галоўнае ўпраўленне па адукацыі [Брэсцкага аблвыканкама], — патлумачыла суразмоўніца з упраўлення, спаслаўшыся на тое, што ініцыятар усяго — Міністэрства культуры. — Я не ведаю, з чым гэта (новаўвядзенне. — Заўв. рэд.) звязана. Мы ў дзяржаўнай установе адукацыі.
Паводле чыноўніцы, такое новаўвядзенне закранула лінейкі па ўсёй краіне. Яна таксама расказала, што атрымала ў Галоўным упраўленні па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама «мелодыі», якія «могуць гучаць» на лінейках, і разаслала іх па школах. Гэта кампазіцыі на беларускай і рускай мовах.
На ўдакладняльнае пытанне, а ці могуць кампазіцыі на замежнай мове ўключаць на школьных дыскатэках, яна адказала: «На дыскатэцы можа быць».
— А на ўроках? Падчас заняткаў англійскай настаўнік раздрукоўвала тэксты песняў, і дзеці падпявалі, каб лепш засвоіць фанетыку, — удакладнілі мы.
— Пра гэта не магу вам сказаць. Ёсць метадыст, але наогул міністр нядаўна казаў пра тое, што культуру замежнай дзяржавы на ўроках англійскай мовы вывучаць не павінныя. Толькі культуру і традыцыі беларускай дзяржавы на замежнай мове.
Імаверна, суразмоўніца памылілася і мела на ўвазе выказванне намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая. Ён заявіў, што ў Міністэрстве ўжо дамовіліся з выкладчыкамі, што «трэба не вывучаць і занурацца ў культуру і гісторыю носьбітаў мовы, а ведаць пра сваю культуру і гісторыю на замежнай мове, у гэтым няма нічога дрэннага, наадварот, карысна».
Дарэчы, у аддзеле па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама, куды адносіцца Упраўленне па адукацыі Маскоўскага раёна, нашаму пытанню пра тое, ці не забароняць на ўроках англійскай уключаць песні на замежнай мове, здзівіліся.
— Вы ж не будзеце англійскую на рускай вывучаць, праўда? — задалі рытарычнае пытанне ў аддзеле.
Пра забарону ўключаць на мерапрыемствах песні на замежнай мове там паведамілі, што нічога не ведаюць.
«Сказаць, што мы нешта забаранялі, — не»
У аддзеле ўстановаў адукацыі Міністэрства культуры, куды мы таксама патэлефанавалі як бацькі школьніка, некалькі разоў падкрэслілі, што ні пра якія забароны гаворка не ішла.
— У нас быў пратакол, па якім Міністэрства культуры мусіла ў пэўныя тэрміны падаць рэкамендаваны пералік аўдыёфайлаў патрыятычнай скіраванасці, у тым ліку гімна Рэспублікі Беларусь, для выкарыстання на ўрачыстых мерапрыемствах. Міністэрствам культуры гэты пералік быў складзены і ў якасці рэкамендацый накіраваны на Мінадукацыі. У адпаведнасці з пратаколам, далей, напэўна, ён быў разасланы на ўстановы [адукацыі] альбо ўпраўленні для выкарыстання ў працы, — патлумачылі ў ведамстве і ўдакладнілі: — Гэта была спасылка на пэўнага роду патрыятычныя песні, беларускія ў асноўным, для выкарыстання на мерапрыемствах. Сказаць, што мы нешта забаранялі, — не. Мы проста накіроўваем спісы рэкамендаваных [кампазіцый] для выкарыстання на ўрачыстых мерапрыемствах.
— Ці можа гучаць замежная музыка на дыскатэках?
— Замежная музыка можа гучаць і на [школьных] канцэртах, калі яна, скажам так, годнага зместу. Музыка ад музыкі адрозніваецца, і словы ў перакладзе таксама могуць быць рознымі.
На думку прадстаўніцы Мінкульта, патрыятычныя мерапрыемствы, да якіх адносіцца і лінейка, — гэта мерапрыемствы ідэалагічнай скіраванасці, таму «хочацца, каб там выкарыстоўваліся» беларускія песні «пра радзіму, патрыётыка».
— Мы прапануем пэўныя файлы, а далей на думку адміністрацыі, дзе, куды і якія [выкарыстоўваць]. Зразумела, што дзеці спяваюць розную музыку, з імі працуюць педагогі розных напрамкаў, у нашых установах мы вывучаем выкананне на розных мовах. Гэта прадугледжана праграмай, — сказалі ў Міністэрстве. — Калі гэта ўсё ў перакладзе не мае на ўвазе нейкіх негатыўнасцяў, значыць, усё нармальна.
Чытайце таксама