Мінздароўя прыняло новую інструкцыю што да праходжання беларусамі рэгулярных медабследаванняў — дыспансерызацыі. Папярэднюю версію зацвярджалі год таму, тады медагляд стаў абавязковым для ўсіх. Новы дакумент павялічыўся амаль у тры разы, у яго ўнеслі праўкі — дадалі абследаванні ў адпаведнасці з працоўным заканадаўствам.
Ёсць адрозненні ў схемах дыспансерызацыі. У дарослых для жанчын прапісалі аналіз на папіломавірус (ВПЧ). Дзяўчынкам ад года да 17 гадоў дадалі абследаванне ў акушэра-гінеколага, а таксама флюараграфію.
Аналіз на ВПЧ абавязкова будуць браць у жанчын з 30 гадоў з прамежкам у пяць гадоў.
Дзецям абследаванне ў акушэра-гінеколага падчас дыспансерызацыі трэба будзе праходзіць пры афармленні ў дзіцячы садок і школу, а з 14 гадоў — адзін раз на год. Флюараграфію трэба будзе прайсці ў 17 гадоў (яе могуць прызначаць і раней — але не ў межах дыспансерызацыі).
Змяніліся пытанні ў анкеце. Напрыклад, раней дарослых спачатку пыталіся пра тое, ці маюць яны хранічнае захворванне. Цяпер — ці турбуе іх падчас фізічнай нагрузкі боль або дыскамфорт за грудзінай і ў левай частцы цела. З карты ўліку дыспансерызацыі прыбралі бальную ацэнку рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў па табліцы SCORE пацыентам, старэйшым за 40 гадоў.
У дакумент дадалі яшчэ адну мэту дыспансерызацыі — выяўленне хранічных неінфекцыйных захворванняў на ранніх стадыях. З’явіўся падзел на чатыры групы — да года, ад года да 17 гадоў, 18−39 гадоў, 40 гадоў і старэйшыя. Гаворыцца, што дыспансерызацыя дарослых мусіць праходзіць паводле папярэдняга запісу, падрабязней у тэксце апісаныя аналізы і абследаванні.
Прапісана, што людзі ад 18 да 40 гадоў мусяць праходзіць дыспансерызацыю за адзін працоўны дзень раз на тры гады. З 40 гадоў — раз на год да таго, як да пенсійнага ўзросту застанецца пяць гадоў. Пасля на абследаванне вылучаюцца два дні.
Для дарослых і дзяцей дададзеныя пералікі захворванняў і станаў, якія падлягаюць медыцынскаму назіранню ў амбулаторных умовах. У спісах — новаўтварэнні, хваробы крыві, нервовай і эндакрыннай сістэм, разлады харчавання і парушэнні абмену рэчываў, хваробы вуха і соскападобнага адростка, захворванні сістэмы кровазвароту, органаў дыхання, стрававання і іншыя, а таксама цяжарнасць.
Новая інструкцыя пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2024 года.
Нагадаем, сёлета быў зменены Працоўны кодэкс. Цяпер прадугледжваецца вызваленне супрацоўнікаў ад працы для дыспансерызацыі з захаваннем сярэдняга заробку.
Чытайце таксама