Суд Фрунзенскага раёна Мінска працягвае выносіць прысуды грамадзянам, якія прымалі ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту восенню 2020 года. Так, 29 снежня 2023 года за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх (ч. арт. 342 КК) быў асуджаны дырэктар па аўдыту вядомай сталічнай кампаніі B1 Іван Станкевіч, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Бацьку траіх непаўнагадовых дзяцей (2013, 2016 і 2019 года нараджэння) затрымалі напрыканцы кастрычніка 2023 года і да суда змясцілі пад варту.
Па матэрыялах абвінавачання, Іван Станкевіч у верасні 2020 года разам з іншымі асобамі "прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, парушаў грамадскі парадак, выходзіў на праезную частку дарог і замінаў працы грамадскага транспарту".
Суддзя Юлія Крэпская прызначыла яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») на тэрмін два гады і шэсць месяцаў.
Маёмасць, у тым ліку дом у Тарасава і зямельны ўчастак, вызваленыя з-пад арышту.