Усе сталічныя прыватныя дзіцячыя садкі спынілі працу, паведаміў агенцтву «Мінск-Навіны» старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі.
У рэдакцыю «Мінск-Навін» звярнулася мінчанка, якая пацікавілася, ці ёсць у сталіцы прыватныя садкі. Жанчына патлумачыла, што яны з мужам «добра зарабляюць» і «гатовыя даплачваць за больш камфортныя ўмовы знаходжання дзіцяці, напрыклад, групы меншай напаўняльнасці, індывідуальную падрыхтоўку, асаблівае харчаванне».
Чыноўнік на гэта адказаў, што раней у Мінску было «пяць-шэсць прыватных дзіцячых садкоў». Аднак ні адзін з іх не змог прайсці ліцэнзаванне.
— Рэалізацыя праграм дашкольнай адукацыі — гэта ліцэнзаваны від дзейнасці. І любая ўстанова (дзяржаўнай ці прыватнай формы ўласнасці), каб аказваць такія паслугі, мусіць атрымаць дзяржаўную ліцэнзію. На гэты момант прыватных садкоў у Мінску няма. Да з’яўлення закона «Пра ліцэнзаванне» ў горадзе налічвалася 5−6 такіх установаў. Але цяпер яны спынілі дзейнасць, — растлумачыў Андрэй Стрыгельскі.
Паводле старшыні Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, умовы знаходжання дзяцей у прыватных установах не былі «нейкія асаблівыя, павышанай камфортнасці».
— Хіба што групы трохі меншыя. Цяпер усе нашыя дзяржаўныя садкі, а іх у горадзе 471, даюць на высокім узроўні якасную дашкольную адукацыю, у тым ліку харчаванне, — адзначыў Андрэй Стрыгельскі.
Чытайце таксама