Суд пазбавіў бацькоўскіх правоў беларуску, якая ўхілялася ад выхавання сваёй 12-гадовай дачкі. Дзяўчынка ніколі не хадзіла ў школу, а замест гэтага бадзялася з маці па Маскве, паведамляецца на сайце Генпракуратуры.
«З нараджэння дзяўчынка жыла з маці ў Маскве, бацька з сям’ёй ніколі не жыў. Пастаяннага месца жыхарства яны не мелі, знаходзіліся ў знаёмых і сяброў маці. Дзяўчынка ніколі не наведвала ўстановы адукацыі. Спасцігаць асновы чытання, пісьма і матэматыкі ёй дапамагаў яе старэйшы брат», — расказалі ў Генпракуратуры.
Там дадалі, што з траўня да лістапада 2023 года дзяўчынка-падлетак знаходзілася ў сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры для няпоўнагадовых у Маскве. У снежні 2023 года яе перавялі ў адну з установаў адукацыі Івацэвіцкага раёна.
У пракуратуры адзначылі, што маці не цікавілася дачкой, пакуль тая была ў прытулку. У сувязі з гэтым пракурор Івацэвіцкага раёна папрасіў суд пазбавіць жанчыну бацькоўскіх правоў. Суд задаволіў гэтае патрабаванне. Дзяўчынка перададзеная на дзяржаўнае забяспечанне.