У канцы мінулага тыдня нарэшце пацвердзіліся звесткі, што ЗША паставяць Украіне свае баявыя машыны пяхоты M2 Bradley, або проста «Брэдлі». Многія лічаць гэтую БМП адной з найлепшых, калі не найлепшай у свеце. Падрабязна расказваем, што асаблівага ў гэтай тэхніцы, якія яе магчымасці, у якой версіі і камплектацыі машына будзе пастаўленая і чым гэта дапаможа УСУ.
Што здарылася і чаму менавіта пастаўка БМП так важная
19 студзеня на сайце Мінабароны ЗША з’явілася інфармацыя пра чарговы, 30-ы пачынаючы з лета 2021 года, пакет ваеннай дапамогі Украіне. Апроч іншага ў спісе паставак фігуруе 59 баявых машын пяхоты M2 Bradley, у камплекце з імі ідуць 590 супрацьтанкавых ракет TOW і 295 тысяч снарадаў для 25-міліметровых гармат (менавіта такі галоўны калібр асноўнай амерыканскай БМП). Такім чынам, амерыканцы ўпершыню пагадзіліся паставіць Украіне ўласную бранятэхніку, узброеную гарматамі і здольную паўнавартасна весці бой (хоць упершыню пра магчымыя пастаўкі гэтых машын загаварылі яшчэ ў красавіку мінулага года, калі быў прыняты закон аб ленд-лізе для Украіны).
Раней ЗША пастаўлялі ўкраінцам толькі лёгкія бронемашыны (накшталт браніраваных уседарожнікаў HMMWV, больш вядомых як «Хамеры», ці бронетранспарцёраў M113). Уся гэтая тэхніка таксама ў пэўнай ступені абароненая, але яна крытычна адрозніваецца ад БМП — машыны, якія пастаўляліся раней, прыдатныя альбо выключна для дастаўкі байцоў да лініі фронту (і даволі слабай агнявой падтрымкі), альбо для разведкі ці раптоўных нападаў. Узброеныя бронетранспарцёры, як правіла, кулямётамі, максімум — аўтаматычнымі гранатамётамі, артылерыйскага ўзбраення не маюць.
Баявыя машыны пяхоты — гэта зусім іншая рэч. БМП мае адсек для перавозкі пяхоты і прыдатная для самастойнага вядзення бою дзякуючы магутнаму ўзбраенню. Трапіўшы на поле бітвы, баявая машына пяхоты можа падбіваць лёгкую і цяжкую бранятэхніку, высаджваць дэсант, а часам дае магчымасць пяхоце пастраляць праз амбразуры з аўтаматаў (праўда, гэтая опцыя амаль бескарысная).
Сёння менавіта наяўнасць уласных гармат адрознівае бронетранспарцёры і БМП. Часам гэта прыводзіць да кур’ёзаў: самы сучасны бронетранспарцёр Расіі, БТР-82А, атрымаў 30-міліметровую аўтаматычную гармату і па заходніх стандартах перайшоў у разрад баявых машын пяхоты. Да прыкладу, знішчаныя БТР-82А, фіксаваныя ў нідэрландскім блогу Oryx (ён падлічвае страты баявой тэхнікі па фота з адкрытых крыніц), трапляюць у спіс страчаных БМП, а не бронетранспарцёраў.
Раней ЗША і іншыя заходнія краіны пазбягалі адпраўкі ўласных БМП ва Украіну, баючыся эскалацыі канфлікту. Усё абмяжоўвалася перадачай баявых машын савецкай вытворчасці — напрыклад, БМП-1, якія дасталіся Славакіі ў спадчыну ад эпохі сацыялізму. Цяпер, падобна, абмежаванні знятыя — і на фронт адправяцца ўжо паўнавартасныя заходнія БМП, якія змогуць эфектыўна ваяваць.
Гісторыя БМП M2 Bradley
Прычына з’яўлення ў амерыканскай арміі БМП збольшага ўжо расказаная вышэй: прыкладна да пачатку вайны ў В’етнаме вайскоўцы ЗША прыйшлі да высновы, што пяхоту трэба не толькі прывезці на поле бою, але і максімальна якасна падтрымаць агнём. Наяўныя бронетранспарцёры з кулямётамі ніяк не падыходзілі на гэтую ролю, патрабавалася іншая машына. Некалькі праграмаў па стварэнні першай БМП ЗША стартавалі яшчэ ў сярэдзіне шасцідзясятых, але праекты рэгулярна тармазіліся, іх давялі да розуму толькі ў васьмідзясятыя. У 1981 годзе машыну прынялі на ўзбраенне пад назвай M2 Bradley (у гонар генерала Амара Брэдлі — аднаго з ваеначальнікаў ЗША падчас Другой сусветнай вайны).
Новая машына магла перавозіць па полі бою дэсант з сямі пехацінцаў. Каб падтрымаць іх агнём, БМП атрымала аўтаматычную 25-міліметровую гармату для лёгкабраніраваных цэляў і асаблівую шматслойную браню — гэткі слоены пірог са сталі і алюмінію. Для барацьбы з цяжкай бранятэхнікай выкарыстоўваліся супрацьтанкавыя ракеты — на машыне ўсталёўваўся вельмі нядрэнны ракетны комплекс TOW.
Мэтай амерыканцаў было атрымаць баявую машыну, якая магла б знішчаць аналагічную тэхніку патэнцыйнага праціўніка (то-бок савецкія БМП-1) і вытрымліваць іх агонь у адказ. Акрамя таго, «Брэдлі» была небяспечная і для танкаў таго часу.
У 1983 годзе машыны М2 масава пайшлі ў амерыканскую армію. У першую чаргу БМП адпраўлялі ў Еўропу — будучыя бітвы Трэцяй сусветнай вайны з войскамі Варшаўскай дамовы (для іх і стваралася мадэль) мусілі разгарнуцца менавіта там. На шчасце, вялікай вайны тады ўдалося пазбегнуць, так што першыя сутыкненні амерыканскай і савецкай бранятэхнікі былі яшчэ наперадзе (нагадаем, пасля СССР Расія не прыняла на ўзбраенне ніводнай новай БМП, так што ва Украіне «Брэдлі» сустрэнуць практычна тых самых праціўнікаў, супраць якіх першапачаткова ствараліся).

Баявое хрышчэнне БМП атрымалі толькі ў 1991 годзе ў Кувейце, які быў акупаваны іракскай арміяй Садама Хусэйна — перад пачаткам аперацыі «Бура ў пустыні» амерыканцы сканцэнтравалі ў рэгіёне больш за 2200 баявых машын пяхоты. Яны паказалі сябе добра як у плане агнявой падтрымкі пяхоты, так і ў справе знішчэння цяжкай тэхнікі ворага.
Існуе часта тыражаваная думка, што «Брэдлі» знішчылі ў Кувейце больш іракскіх танкаў, чым знакамітыя танкі «Абрамс», але дакладных доказаў гэтага нам знайсці не ўдалося (магчыма, гаворка ідзе пра нейкі асобны эпізод вайны, дзе БМП маглі сапраўды паказаць сябе лепш, чым танкі). У любым выпадку машыны адыгралі ў кампаніі не апошнюю ролю і апраўдалі ўскладзеныя на іх чаканні. Пасля «Брэдлі» ўдзельнічалі і ў другой іракскай вайне ў 2003 годзе.
На сёння M2 Bradley застаецца галоўнай БМП амерыканскіх войскаў, іх там каля 4500 у страі і каля 2000 на захоўванні.
Якую версію «Брэдлі» атрымаюць УСУ

Мяркуючы па ўсім, амерыканцы перадаюць Украіне БМП версіі M2A2 ODS — акурат той варыянт, які быў зроблены па выніках аперацыі «Бура ў пустыні» (уласна, абрэвіятура ODS і значыць Operation Desert Storm, то-бок «Аперацыя „Бура ў пустыні“»). У параўнанні з арыгінальнай машынай яна мае значна ўзмоцненую абарону — і лоб, і барты абароненыя ад асноўнай зброі савецкіх БМП, то-бок 30-міліметровай гарматы.
У баі задача-мінімум «Брэдлі» прыкладна такая ж, як і ў першыя гады яе існавання: калі экіпаж не заўважыў праціўніка першым, машына мусіць вытрымаць атаку савецкай БМП і знішчыць яе агнём у адказ. Браня, у якой да сталі і алюмінію дадаўся кеўлар (як у бронекамізэльках) гэта дазваляе — у адрозненне ад любой савецкай баявой машыны пяхоты, у якіх акцэнт заўсёды быў на магутным узбраенні, а браня заставалася тонкай і абараняла ў асноўным ад куляў.
Разгадка такіх розных падыходаў простая: СССР, а потым і Расія ставілі неабходнай умовай уменне БМП плаваць (што накладала сур’ёзныя абмежаванні на масу, таму ўзмацняць браню было немагчыма), а амерыканскім канструктарам такой задачы не ставілася. Мяркуючы па тым, што за амаль год вайны ва Украіне савецкія машыны з абодвух бакоў, наколькі вядома, ні разу не змаглі атрымаць перамогу ці перавагу дзякуючы плывучасці, мелі рацыю хутчэй амерыканцы.
Акрамя звычайнай брані на «Брэдлі» ставіцца інфрачырвоная абарона ад супрацьтанкавых ракет, а таксама элементы дынамічнай абароны (ДА) — то-бок асаблівыя зарады выбухоўкі, якія, дэтануючы ў момант трапляння ў машыну снарада, разбураюць яго ці збіваюць траекторыю кумулятыўнага струменя, які прабівае браню. Мы ўжо пісалі, што ўсталяванне дынамічнай абароны на лёгкую бронетэхніку — няпростая задача, і ў СССР і Расіі ДА на БМП серыйна не ставіцца, у асноўным гэта робіцца саматужна.
25-міліметровая гармата «Брэдлі» мае два віды снарадаў — бранябойныя падкаліберныя супраць бранятэхнікі і аскепкава-фугасныя супраць усяго астатняга. Кожная машына возіць з сабой 900 снарадаў, з іх бранябойных — прыкладна чвэрць.
Акрамя гарматы «Брэдлі» таксама ўзбройваецца адным 7,62-міліметровым кулямётам. Раней у бартах машыны былі прарэзаныя амбразуры, у якіх замацоўваліся аўтаматы — каб дэсантнікі падчас язды таксама маглі страляць праз гэтыя адтуліны і падбіваць праціўніка. З часам эфектыўнасць такой стральбы прызналі мінімальнай, аўтаматы дэмантавалі, а амбразуры закрылі бранёй для павышэння абароненасці.
Нарэшце, як мы ўжо адзначалі, любая «Брэдлі» акрамя гарматнага і кулямётнага мае і ракетнае ўзбраенне — на машыне стаіць цяжкі магутны супрацьтанкавы комплекс (СТРК) TOW.
Гэты СТРК менш прасунуты, чым знакаміты Javein, аднак вельмі магутны і дальнабойны (можа знішчыць у лоб практычна любы савецкі танк). Некаторыя версіі ракет TOW наогул б’юць такія цэлі не ў тоўстую лабавую браню, а ў тонкі дах: ракета пралятае над ім і ў момант, калі знаходзіцца над танкам, падрываецца, адпраўляючы ўніз два зарады тыпу «ўдарнае ядро» — «кроплі» расплаўленага металу, якія ляцяць з велізарнай хуткасцю, прабіваюць браню.
Як і ў большасці сучаснай заходняй бранятэхнікі, на «Брэдлі» стаяць добрыя прыцэльныя прылады з цеплавізарамі і лазернымі далямерамі, магутная радыёстанцыя і сістэма кіравання агнём, а таксама навігацыйная сістэма і інфармацыйна-кіравальная сістэма, якая забяспечвае нават сувязь са спадарожнікамі для абмену разведвальнай інфармацыяй.
Машыну, якая важыць пад 30 тон (для параўнання, савецкая БМП мае масу менш за 15 тон), прымушае рухацца магутны матор магутнасцю 600 конскіх сіл, які разганяе яе максімум да 61 кіламетра ў гадзіну. На адной запраўцы па шашы БМП можа праехаць каля 420 кіламетраў.
Навошта гэтыя БПМ Украіне?
Усяго ўкраінцы атрымаюць у першым пакеце дапамогі 59 машын — гэта прыкладна палова брыгады. Лагічна дапусціць, што БМП не стануць раздаваць паасобку або малымі партыямі для выкарыстання на розных участках фронту — імаверна, «Брэдлі» атрымаюць адна-дзве брыгады, якія і будуць затым папаўняцца новымі M2A2 (якія, хутчэй за ўсё, рушаць услед). Гэта спросціць лагістыку і рамонт машын.
Наяўнасць ва УСУ ўдарнага кулака з паўнавартасных заходніх БМП, здольных вытрымліваць агонь стралковай зброі і гармат расійскіх БМП, можа адыграць важную ролю ў любым наступленні ці контратацы. Ці ўдасца паўплываць з дапамогай «Брэдлі» на ход вайны і колькі брыгад атрымаецца ў выніку ўкамплектаваць гэтымі машынамі — пакуль сказаць цяжка. Але адпраўка адразу 59 машын сведчыць пра досыць сур’ёзныя намеры ЗША адносна забяспечання УСУ лёгкай бранятэхнікай. Балазе магчымасці гэтым разам у Вашынгтона ёсць — у адрозненне ад тых жа HIMARS, «Брэдлі» ў краіны вельмі шмат.
Чытайце таксама


