У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што на Данецкім і Чырвона-Ліманскім напрамках за суткі знішчылі больш за 330 вайскоўцаў УСУ. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расіяне, відаць, плануюць перакінуць да лініі судакранання ў Запарожскай вобласці дадатковыя сілы. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны лічаць, што перакідванне старых савецкіх танкаў Т-54 не павялічыць наступальную моц Расіі.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 393-і дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі 83 атакі на ўсходнім участку фронту
Расійскія войскі працягваюць выкарыстоўваць звыклую для іх тактыку тэрору цывільнага насельніцтва, абстрэльваюць населеныя пункты, а таксама аб’екты крытычнай інфраструктуры, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы, нагадваючы пра ўчорашнія ўдары ракетай па жылых дамах у Запарожжы і дронамі-камікадзэ па Кіеўскай вобласці.
— Расійскія войскі працягваюць весці наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках, на іншых — абараняюцца. За мінулыя суткі падраздзяленнямі Сіл абароны Украіны адбітыя 83 атакі праціўніка на ўсходнім участку фронту.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках за суткі праціўнік абстраляў раёны 21 населенага пункта.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках расіяне распачалі спробы зламаць абарону ў раёнах населеных пунктаў Макееўка, Белагораўка і Верхнякаменскае. З артылерыі абстралялі раёны 10 населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія сілы працягвалі наступальныя дзеянні, страчваючы значную колькасць жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі. Украінскія абаронцы кругласутачна адбіваюць шматлікія атакі праціўніка ў раёнах Бахмута, Багданаўкі і Прадцечына. Варожым абстрэлам падверглася больш чым 15 населеных пунктаў паблізу лініі судакранання.
— На Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках расійскія сілы беспаспяхова спрабавалі наступаць у раёнах населеных пунктаў Новакалінава, Стэпавае, Бердычы, Аўдзееўка, Ластачкіна, Паўночнае, Вадзяное, Першамайскае, Мар'інка і Перамога. Абстралялі больш за 20 населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках праціўнік вядзе абарончыя дзеянні. Абстрэлам падвергліся раёны больш чым 45 населеных пунктаў недалёка ад лініі судакранання.
— Украінская авіяцыя нанесла ўдар па зенітна-ракетным комплексе, а таксама 12 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пункт кіравання, тры раёны канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка, склад боепрыпасаў і станцыю радыёэлектроннай барацьбы ворага.
У Генштабе таксама заявілі, што ў некаторых населеных пунктах акупаванай часткі Запарожскай вобласці мясцовым жыхарам забаранілі пакідаць дамы. Гэта ўскосна можа сведчыць пра тое, што расіяне робяць усё, каб схаваць ад мясцовага насельніцтва планаванае перакідванне жывой сілы і ваеннай тэхнікі да лініі баявога судакранання, лічаць у Генштабе.
«РФ пастаянна прымае меры для папаўнення стратаў жывой сілы. Так, у адной з вайсковых частак, якая дыслакуецца ў Паўднёвай Асеціі, праводзіцца актыўная праца з салдатамі тэрміновай службы для падпісання імі кантрактаў і далейшага ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Выяўлена, што ў перыяд з 1 па 10 сакавіка кантракт падпісалі больш за 50 расійскіх салдат тэрміновай службы. Яны, не атрымаўшы належнай баявой падрыхтоўкі, адпраўленыя ў Мелітопаль Запарожскай вобласці», — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага ваеннага ведамства.

Мінабароны РФ: збілі самалёт Су-24 Паветраных сіл Украіны
— На Купянскім напрамку авіяцыя і артылерыя Заходняй групоўкі войскаў нанеслі ўдары па падраздзяленнях УСУ ў раёнах населеных пунктаў Арцёмаўка Луганскай вобласці, Двурэчная і Бераставое Харкаўскай вобласці. Страты УСУ на гэтым напрамку склалі да 70 вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, два пікапы, баявая машына РСЗА «Град», а таксама артылерыйская сістэма М777.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр» пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ ў раёнах населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці, Ямполаўка і Церны Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя звыш 80 украінскіх вайскоўцаў, два бронеаўтамабілі, тры пікапы, а таксама гаўбіца Д-30.
— На Данецкім напрамку ў выніку актыўных дзеянняў падраздзяленняў і агню артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў за дзень знішчаныя больш за 250 украінскіх вайскоўцаў, шэсць танкаў, пяць баявых браніраваных машын, сем аўтамабіляў і гаўбіца Д-20. У раёне населенага пункта Ластачкіна знішчаны склад боепрыпасаў 53-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Усход» пабілі падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар і Новаміхайлаўка Данецкай вобласці. Агульныя страты УСУ на гэтых напрамках склалі да 50 украінскіх вайскоўцаў, адзін пікап, тры аўтамабілі, а таксама гаўбіцы Д-20 і Д-30.
— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння за суткі знішчаныя да 15 украінскіх вайскоўцаў, пяць аўтамабіляў.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 76 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 114 раёнах. У раёне населенага пункта Залізнічнае Запарожскай вобласці знішчаны склад гаруча-змазачных матэрыялаў 65-й механізаванай брыгады УСУ. У раёне населенага пункта Багуслаўка Харкаўскай вобласці збіты самалёт Су-24 Паветраных сіл Украіны. Сродкамі СПА за суткі перахоплена пяць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS, знішчана шаснаццаць беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: расіяне нарошчваюць тэмпы наступу ў раёне Аўдзееўкі
Расійскія войскі адчуваюць недахоп высокадакладных ракет, лічаць у амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны (ISW), звяртаючы ўвагу на ўдары дронамі ў ноч з 21 на 22 сакавіка па Кіеўскай, Жытомірскай, Запарожскай і Адэскай абласцях, а таксама абстрэл з РСЗА па жылых дамах у Запарожжы.
Эксперты адзначаюць, што расійскія сілы наносілі больш інтэнсіўныя і шырокамаштабныя ўдары падчас паветрана-ракетнай кампаніі ўвосень 2022 года, што дазваляе выказаць здагадку, што расійскія сілы цяпер, магчыма, абмяжоўваюць выкарыстанне высокадакладных боепрыпасаў для такіх ударных кампаній або могуць проста не мець неабходных боепрыпасаў для нанясення ўдараў з ранейшай інтэнсіўнасцю.
Расійскія сілы могуць перакідваць танкі Т-54/55 з доўгачасовага захоўвання ва Украіну, каб кампенсаваць значныя страты бранятэхнікі. Так, паводле ацэнкі нідэрландскай групы Oryx, па стане на 22 сакавіка расійскія войскі страцілі ў баях ва Украіне не менш за 57 танкаў Т-90, 448 танкаў Т-80, 1025 танкаў Т-72, 53 — Т-64 і 73 танкі Т-62. Страты бранятэхнікі цяпер абмяжоўваюць здольнасць расійскіх узброеных сіл весці эфектыўную механізаваную манеўраную вайну падчас стрымлівання наступу ва Украіне, адзначаюць эксперты. Расія можа перакідваць танкі, каб узмацніць гэтыя наступальныя аперацыі і падрыхтавацца да чаканага контрнаступлення ўкраінскіх войскаў. У ISW адзначаюць, што Савецкі Саюз вырабіў дзясяткі тысяч танкаў Т-54/55 пасля Другой сусветнай вайны, запчастак да іх таксама ёсць шмат і яны значна таннейшыя. Аднак гэта састарэлая мадэль, хоць Расія, магчыма, мадэрнізавала некаторыя машыны. Расійскія вайскоўцы, хутчэй за ўсё, панясуць вялікія страты, размясціўшы гэтыя старыя танкавыя сістэмы ва Украіне, мяркуюць аналітыкі.
ISW таксама пацвярджае запаволенне тэмпу расійскіх наступальных аперацый вакол Бахмута на фоне паведамленняў Захаду, што войска РФ можа спрабаваць пачаць наступ на іншых напрамках. Расіяне ў цяперашні час нарошчваюць тэмпы сваіх наступальных аперацый у раёне Аўдзееўкі з мэтай акружэння населенага пункта, і не выключана, што робяць гэта за кошт сваіх аперацый у раёне Бахмута і захраслага наступу ў раёне Вуглядара.
ISW працягвае лічыць, што расійскія атакі могуць заахвоціць украінскія сілы сысці з Бахмута і/або Аўдзееўкі, хоць цяпер ні тое, ні тое не падаецца імаверным. Расійскія войскі могуць пачаць або актывізаваць наступальныя аперацыі на новых напрамках, але гэта не прынясе адчувальных вынікаў, бо агульны вясновы наступ расіян набліжаецца да кульмінацыі, адзначаюць эксперты. У Інстытуце таксама адзначаюць, што дагэтуль не выявілі доказаў прысутнасці расійскай 2-й мотастралковай дывізіі 1-й гвардзейскай танкавай арміі (Заходняя ваенная акруга), нягледзячы на паведамленні пра тое, што яна была перафармаваная ў Беларусі і перакінутая ў Луганск. Аднак і выкарыстанне двух або трох мотастралковых палкоў гэтай дывізіі наўрад ці прывядзе да вырашальных вынікаў у аператыўным плане, улічваючы няздольнасць буйнейшых злучэнняў дамагчыся гэтага, падкрэсліваюць аналітыкі.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу заявіў, што яго ведамства збіраецца павялічыць колькасць войскаў СПА Расіі;
- Шайгу, імаверна, даў зразумець Японіі, што ёй не варта больш актыўна падтрымліваць Украіну, абвясціўшы пра размяшчэнне супрацькарабельнай ракетнай сістэмы на адным з Курыльскіх астравоў;
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на лініі Сватава — Крамянная;
- расійскія войскі дамагліся нязначных тэрытарыяльных поспехаў у Бахмуце і працягнулі наступальныя аперацыі ў горадзе і яго ваколіцах, а таксама на ўскраінах Данецка;
- украінскія афіцыйныя асобы заявілі, што ўкраінскія сілы працягваюць зачышчаць тэрыторыю на ўсходнім (левым) беразе ракі Днепр;
- Крэмль працягнуў прыхаваныя кампаніі па мабілізацыі і вярбоўцы расіян на службу па кантракце;
- расійскія афіцыйныя асобы і акупацыйныя ўлады працягвалі выступаць за ўнясенне зменаў у заканадаўства, каб яшчэ больш узаконіць дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расію.