ПВК Вагнера ў сваіх каналах абвясціла, што спыняе вярбоўку наймітаў. Пра гэта, у прыватнасці, паведамляе тэлеграм-канал «ЧВК Вагнер. Объявления о работе».
«У сувязі з часовым няўдзелам ПВК Вагнер у спецыяльнай ваеннай аперацыі і пераездам у Рэспубліку Беларусь мы часова прыпыняем працу рэгіянальных цэнтраў па наборы ў ПВК Вагнер тэрмінам на 1 месяц», — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, увечары 23 чэрвеня заснавальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын абвінаваціў Мінабароны РФ ва ўдары па «тылавых лагерах» яго байцоў і паабяцаў адказ. Ваеннае ведамства абвінавачанне адхіліла. ФСБ заявіла пра завядзенне супраць Прыгожына крымінальнай справы пра падрыхтоўку ўзброенага мяцяжу. Раніцай 24 чэрвеня заснавальнік ПВК заявіў, што яго байцы кантралююць вайсковыя аб’екты ў Растове-на-Доне. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пазней раніцай выступіў са зваротам, у якім назваў тое, што адбываецца, здрадай. Мяцеж завяршыўся тым, што Яўген Прыгожын адмовіўся ад «паходу на Маскву» і пагадзіўся з’ехаць у Беларусь. Крымінальная справа па мяцяжы Прыгожына была спыненая 27 чэрвеня.