У Расіі 21 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі асуджанага завочна ў Гаазе на пажыццёвае зняволенне за збіты над Украінай у 2014 годзе пасажырскі «Боінг» з 298 пасажырамі Ігара Гіркіна (Стралкова). Пра гэта РБК расказалі дзве крыніцы і пацвердзіў адвакат Гіркіна.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі яго з дому каля поўдня. У яго кватэры супрацоўнікі Следчага камітэта праводзяць ператрус.
Паводле папярэдніх звестак, затрыманне праводзілася па заяве былога супрацоўніка ПВК Вагнера.
«Прыкладна ў 11.30 да нас прыехалі прадстаўнікі Следчага камітэта. Мяне ў гэты час дома не было. Неўзабаве, са словаў кансьержа, яны вывелі майго мужа пад рукі і павезлі ў невядомым кірунку. У сяброў мне ўдалося высветліць, што мужу выстаўленыя абвінавачанні па артыкуле 282 КК РФ (экстрэмізм). Пра месцазнаходжанне мужа мне нічога невядома, на сувязь ён не выходзіў», — пракаментавала затрыманне жонка Гіркіна Міраслава Рэгінская.
Нагадаем, у 2014 годзе Ігар Гіркін быў адным з лідараў незаконных узброеных фарміраванняў на Данбасе, пэўны час быў «міністрам абароны» самаабвешчанай ДНР. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ён стаў адным з самых заўзятых крытыкаў вайны.
У красавіку 2023 года СМІ паведамлялі, што Гіркіна правяраюць па артыкуле пра «дыскрэдытацыю» Узброеных сіл Расіі.