Турцыя заблакавала доступ да сацыяльнай сеткі Instagram. Пра гэта паведаміў у пятніцу, 2 жніўня, мясцовы рэгулятар у сферы інфармацыйных тэхналогій, не назваўшы прычыны або працягласці забароны, піша Reuters.
Упраўленне па інфармацыйных тэхналогіях і камунікацыях Турцыі апублікавала рашэнне ад 2 жніўня на сваім сайце. Згодна з ім, Instagram у краіне заблакаваны, мабільная праграма сацсеткі таксама больш не працуе.
Прычыны і тэрміны блакавання не ўдакладняюцца.
Гэты крок быў зроблены пасля каментароў турэцкага чыноўніка па камунікацыях Фахрэтына Алтуна, які 31 ліпеня раскрытыкаваў платформу за яе рашэнне заблакаваць пасты са спачуваннямі ў сувязі з забойствам Ісмаіла Ханіі — ключавога дзеяча палестынскай ваенізаванай групоўкі ХАМАС (прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй Ізраілем, Канадай, ЗША, Японіяй, Еўрапейскім саюзам, Арганізацыяй амерыканскіх дзяржаваў і шэрагам іншых краін, забароненая ў Іярданіі і Егіпце. — Заўв. рэд.).
«Гэта цэнзура ў чыстым выглядзе», — заявіў Алтун, дадаўшы, што Instagram не адзначыў якіх-кольвек парушэнняў палітыкі ў сувязі са сваімі дзеяннямі.
У Meta, якой належыць Instagram, дзеянняў турэцкіх уладаў пакуль не каментавалі.