Найміты прыедуць у Беларусь разам з Прыгожыным і размесцяцца пад Асіповічамі? Вось што нам удалося высветліць
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У панядзелак, 26 чэрвеня, расійскае выданне «Вёрстка» са спасылкай на крыніцу, «блізкую да кіраўніцтва Магілёўскай вобласці», паведаміла, што ў Беларусі нібыта пачалі будаваць лагеры для наймітаў ПВК Вагнера. Паводле іх звестак, пад Асіповічамі плануюць размясціць 8000 чалавек. Крыніца «Вёрсткі» сцвярджае, што такіх аб’ектаў нібыта некалькі. У рэдакцыю «Люстэрка» цэлы дзень паступалі падобныя паведамленні, аднак іх дакладнасць выклікае сумневы. Вось што нам удалося высветліць.

Бойцы ЧВК Вагнер возле штаба Южного военного округа в Ростове-на-Дону, 24 июня 2023 года. Фото: Reuters
Найміты ПВК Вагнера ля штаба Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове-на-Доне, 24 чэрвеня 2023 года. Фота: Reuters

Пакуль мы пісалі гэты тэкст, тэлеграм-канал, набліжаны да беларускіх сілавікоў, заявіў, што найміты ПВК Вагнера едуць у Магілёўскую вобласць, «некаторыя з сем’ямі». Нібыта іх прыбыццё чакаецца цягам двух дзён.

Таксама аўтары адзначаюць, што «ёсць імавернасць, што ў Беларусі „Вагнер“ проста легітымізуецца і працягне выконваць задачы альбо ў Афрыцы, альбо ва Украіне».

Крыху раней кіраўнік наймітаў Яўген Прыгожын заявіў, што падчас мяцяжу «Аляксандр Лукашэнка падаў руку і прапанаваў спосабы вырашэння для далейшай працы ПВК Вагнера ў законнай юрысдыкцыі».

Сёння ў зваротнай сувязі нам як паведамлялі лічбу, агучаную «Вёрсткай», так і гаварылі пра размяшчэнне ў Асіповіцкім раёне 25 000 наймітаў. Ніякіх важкіх доказаў гэтаму не падалі.

Як звычайныя грамадзяне журналісты «Люстэрка» абтэлефанавалі розныя інстанцыі як у Асіповічах, так у Магілёве і Мінску.

У Асіповіцкім райвыканкаме здзівіліся пытанню пра ПВК Вагнера. У аддзеле па зваротах грамадзян наогул не ведалі, пра што гаворка.

— Хто прыедзе? Гэта хто такія? — з непадробным здзіўленнем перапыталі там, пачуўшы пра ПВК Вагнера. Супрацоўніца аддзела нічога не ведала пра тое, што найміты могуць з’явіцца ў раённым цэнтры.

Тады мы звярнуліся да першага намесніка старшыні Асіповіцкага райвыканкама Сяргея Ананіча. На пытанне, ці размесцяць у раёне вагнераўцаў, ён адказаў: «У мяне няма такой інфармацыі». Чыноўнік парэкамендаваў звярнуцца ў Міністэрства абароны: «Гэта справы вайсковыя».

Мы патэлефанавалі спачатку ў ваенкамат Асіповіцкага раёна, а калі там не ўзялі трубку, набралі ў Мінабароны. Дзяжурны на тэлефоне даверу адказаў, што не ў курсе сітуацыі з наймітамі.

У вайсковай частцы 64 608, якая знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне, заявілі, што на пабудову лагера для наймітаў яны нікога не адпраўлялі.

— Мы нічога не ведаем. Чуткі нейкія ходзяць, але не буду ж я іх распаўсюджваць, я дзяжурны па вайсковай частцы, адказная асоба.

У астатнія часткі, якія размяшчаюцца ў раёне, датэлефанавацца не ўдалося.

У паведамленнях, якія мы атрымалі ад чытачоў, былі здагадкі, што лагер могуць разбіць у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна. Там знаходзіцца вайсковая частка 61 732. Мы патэлефанавалі ў Пратасевіцкі сельсавет, у склад якога ўваходзіць гэты населены пункт. Але там таксама нічога пра вагнераўцаў не ведаюць.

— У мяне такой інфармацыі няма, я не магу ні нешта сказаць, ні пракаментаваць,-адзначыла супрацоўніца сельсавета.

Таксама нічога не ведаюць пра вагнераўцаў і на чыгуначнай станцыі Асіповічы-1, якая з’яўляецца буйным чыгуначным вузлом. Сюды мы ўжо тэлефанавалі, прадставіўшыся супрацоўнікам кампаніі Прыгожына.

— Ці прыбылі ў Асіповічы байцы ПВК Вагнера?

— Паняцця не маю. Якія байцы? Я не маю такой інфармацыі, — адказаў суразмоўца, які зняў трубку.

У Асіповіцкім вопытным лясгасе (гэтая арганізацыя адказвае за лясы ўсяго раёна), а таксама ў Магілёўскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні, якому падпарадкоўваецца першы, трубку не паднялі.

Магчыма, найміты ўжо перасеклі мяжу Беларусі? Мы патэлефанавалі ў кавярню, якая знаходзіцца ля Навазыбкава, на трасе М10 (на расійскім баку гэта А-240), менш чым за 30 км ад нашай краіны. Гэтая дарога — найкарацейшы спосаб па зямлі трапіць у Беларусь. Ва ўстанове заявілі, што «ніякіх калон Вагнера сёння не бачылі». Пра гэта ж сказалі на найбліжэйшых АЗС.

«Беларускі Гаюн»: Няма звестак, якія пацвярджаюць інфармацыю пра будаўніцтва лагера для ПВК Вагнера

— «Беларускі Гаюн» на гэты момант не мае звестак, якія б пацвердзілі інфармацыю што да будаўніцтва лагера для ПВК Вагнера пад Асіповічамі. Таксама хочам паўтарыць, што проста цяпер мы не пацвярджаем і звестак пра нібыта знаходжанне Прыгожына ў Беларусі, — гаворыцца ў заяве тэлеграм-канала, які адсочвае перамяшчэнне расійскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.

Паводле звестак на 17.30 аўтары тэлеграм-канала адназначна сцвярджаюць: за мінулыя суткі не было зафіксавана ніякай актыўнасці ў Асіповіцкім раёне, не кажучы ўжо пра будаўніцтва такога буйнога аб’екта.

— Што да магчымага перакідвання наймітаў ПВК Вагнера ў Беларусь, то мы зможам пацвердзіць або абвергнуць гэтыя звесткі шляхам прамога назірання. На сённяшні дзень ніякіх калон ПВК, якія рухаюцца ў Беларусь ці ўжо знаходзяцца ў РБ, няма, — заключылі аўтары.

Чытайце таксама