Столтэнберг расказаў пра рашэнні саміту па Украіне і калі краіна зможа стаць сябрам Альянсу
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Украіна стане чальцом NATO, калі на гэта пагодзяцца саюзнікі і «будуць выкананыя ўмовы». Пра гэта на брыфінгу заявіў генеральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнберг. Пры гэтым, паводле яго словаў, канкрэтныя тэрміны ўступлення краіны ў арганізацыю пазначаныя не будуць.

Фото: Reuters
Фота: Reuters

Енс Столтэнберг расказаў пра прынятыя на сённяшнім паседжанні саміту рашэнні па Украіне. У прыватнасці, ён заявіў, што зацверджанае стварэнне Рады Украіна — NATO. Першае яе паседжанне з удзелам прэзідэнта Зяленскага пройдзе ў Вільнюсе ў сераду, 12 ліпеня.

Кіраўнік Альянсу назваў Раду «форумам для крызісных кансультацый і прыняцця рашэнняў, дзе мы будзем сустракацца на роўных».

Таксама быў зацверджаны пакет доўгатэрміновай дапамогі для Украіны, які прадугледжвае штогадовае вылучэнне 500 млн даляраў ваеннай дапамогі і «зробіць магчымым пераход з савецкіх да натаўскіх стандартаў».

— Трэцяе — мы пацвердзілі, што Украіна стане чальцом NATO, і пагадзіліся выключыць патрабаванне пра План дзеянняў па чальцоўстве (ПДЧ — праграма для прыняцця новых чальцоў у NATO. — Заўв. рэд.). Гэта зменіць шлях (у Альянс. — Заўв. рэд.) Украіны з двухкрокавага на аднакрокавы працэс.

Столтэнберг заявіў, што Украіна атрымае запрашэнне далучыцца да NATO, «калі саюзнікі пагодзяцца і будуць дасягнутыя ўмовы».

— Няма дакладных часавых тэрмінаў, толькі ўмовы, так было заўсёды, — заявіў Столтэнберг у адказ на пытанне журналістаў пра канкрэтныя тэрміны ўступлення Украіны ў Альянс.

Нагадаем, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сёння даволі рэзка выказаўся наконт адсутнасці часавых рамак і для запрашэння, і для сяброўства Украіны ў NATO.

Ён назваў такую пазіцыю «слабай» і «абсурднай» і заявіў, што адкрыта абмяркуе гэтае пытанне на саміце.

Саміт NATO праходзіць у Вільнюсе 11 і 12 ліпеня. У ім бяруць удзел лідары, кіраўнікі дыпламатыі, міністры абароны і іншыя высокапастаўленыя асобы з больш чым 40 дзяржаваў.